Выбрать главу
I ты мне шэпчаш: «...трыццаць пяць, Каханы мой, а хоць і сто... Я буду так цябе кахаць, Як не кахаў цябе ніхто!
Твае жанчыны, што былі, I ўсе няўдачы, што былі,— У незваротнасць адплылі, У незваротнасць адплылі...
Хвіліны лепшыя мае Цвітуць адна перад адной, Калі глыбокае пяе Тваё дыханне нада мной».
Каханая, жыццё ў жыцці, — Як местачковая краса... I нашым коўрыкам цвісці, І нашай мальве не згасаць;
I нашым ластаўкам прасцей Цяпло шукаць у снах чужых, Калі афінская пасцель, Як сад, не выпускае іх.
19 жніўня — 27 жніўня 1992
* * *
Улагоджаны «Батлейкаю», Смехам лялечных каляд — За цябе, сваю верленінку, П'ю шампанскі далягляд.
3 нечаканасцю шляхетнаю, Забягаючы ў мой верш, Ножку мне сваю балетную Пры сустрэчы падаеш...
На струне сямейнай рызыкі, — На пакутлівай струне, — Столькі кветак, столькі музыкі Адкрываеш для мяне!
Ты гаворыш белай флёксаю Атуляючы няўзнак: «Мы — шчаслівыя па-восеньску, Гэта лепей, чым ніяк».
Ты гаворыш, паслухмяная Той лагодзе, што не раз 3 простай ніткі канаплянае Ткала восеньскі атлас...
Мы — шчаслівыя, я ведаю, I шчаслівы гэты свет, I навокал з'явы светлыя — То батлейка, то балет.
25 верасня 1992
* * *
Я перамог антычную галечу I выплакаў вясёлую слязу, Таму слязой Авідзія засведчу, Што страціў найвысокую красу.
Аб закаханасці, такой лагоднай, Аб радасці, з якою жыў раней,— Не расказаць мне мовай сваёй роднай, Ні дыялектам, што яшчэ радней.
Дзіця гарода — на гарод забыўся, У прывідныя кінуўся сады. Маё дыханне, поўнае мелісы, Ляўконія плыве ў мае сляды.
Не праведнік, але яшчэ й не злодзей, Я — той, каму пашчасціла спазнаць: Жанчына адыходзіць, як стагоддзе, I я хачу стагоддзе затрымаць.
I вось адплата мне — расчараванне, Дыханне ўкрыта пыльнаю мукой, І я асуджаны на вечнае выгнанне У страх душы, у кніжны неспакой.
Я спадзяюся, што мяне ўлагодзіць Авідзій сумны выракам сваім: «Жанчына адыходзіць, як стагоддзе — Кахай яе і ў вобразе такім».
18 снежня 1992
* * *
1.
Вось тэлефон. Дзяўчынцы пазвані, — I з'явіцца настрой эліністычны, I менскія запаляцца агні, Адчуўшы неба агарод сферычны.
Ты малады, але як той мудрэц, Што ў стане атараксіі глыбокай, — На ўласным сэрцы сонечны рубец Убачыш, поўны пачуццёвым сокам...
Сям'я сям'ёю. Вольга і Васіль Занятыя прасодыяй французскай. Ты вернешся з еўропы назусім, Калі пакліча сон дамоўкі вузкай.
Твой лёгкі лёс і ў семдзесят гадоў Святлейшы будзе за граду настурак, I пчолы з плачам маладых удоў Зламаюць крылцы аб глухі падмурак.
Спакой губляючы, ты ўсё бяжыш Ад вуснаў і да вуснаў, і над імі Ты бачыш свой вясёлы звонкі крыж, Аплецены павоямі густымі.
Наперадзе — пражытыя гады I плеціва павойнага дрыготка, На старажытнагрэцкія лады, Не на ваду, твая ўзбягае лодка.
Ты быў бы першы ў чарадзе мужоў Па сціпласць, каб не твой бульварны вецер: «Век пацалункаў шчэ не надышоў, Усё наперадзе яшчэ, паэце!»
Цябе цікавіць не жыцця нахіл, Што з ворывам чарнобыльскім нароўні, Цябе цікавіць аравійскі пыл, Што сыплецца ў афінскія жароўні.
Ты спісваеш блакноты да лістка Уздыхамі наіўных джульецінак, I лічбаў тэлефонная луска На ўсіх тваіх кашулях і прасцінах...