Выбрать главу
I можна суцяшаць сябе давеку, I збіцца з лёсу, нібы збіцца з тропу, Заходзячы ў расу, як у аптэку, Пацвельваючы кожную хваробу;
І ведаць — для душы тады адхланне, Калі над ёю думка праплывае: Дзіця бывае познім, а каханне Ніколі познім не бывае;
I бацькаву прыпамінаць падказку: «Збіраючыся на каханне-гулі, Рабі заўсёды той дзяўчыне ласку, Якую ўсе забылі, прамінулі...»
А ты — не тая. І не я, а ты мне Даеш усё ад ласкі да пакуты, Ваду ў маўчанні, акавіту ў гімне... Куды ж яшчэ імкнуцца мне?! Нікуды.
I ўсё ж адно імкненне застанецца, Калі надыдзе раптам пустата — Галінку глогу апусціць у сэрца, Не вырываючы яе з куста.
12 чэрвеня 1993
* * *
Не словам, а трысцінкаю малой — Папіруснай трысцінкаю малою — Вярну цябе да радасці былой, Вярну цябе да цеплыні былое.
Баюся слоў, як здраднікаў жывых, I на трысцінку сэрца спадзяецца, Што ноч яе і ранішні ўскалых Паможа мне з табой паразумецца.
Без даты
* * *
Табе адной я пакажу, Перагарнуўшы неба атлас, Куды схавацца ад дажджу Каля Вялікага тэатра. Там, — шоўк галубячы ільном, — Маўчаць альты і клавесіны, I майстар ластаўчыным сном Ратуе скрыпку ад ангіны; Там кожнай дадзены струне Спалох непрадказальнай цноты, I на прасцінным цёмным дне, Як матылькі, заснулі ноты; Там нам стаяць і цалаваць Сваю надзею трапяткую І на Лангбардавы палац Глядзець, нібы на здань сівую... Які флейтыст, які скрыпач Каханню вымавіць: «Дабранач»?! Твой светлы плашч — праўдзівы плач Каларатурнага сапрана. Атуліць нас не лёс, не час, А холад восеньскага Менска; Ніхто не патрывожыць нас — Ні вучань юны, ні маэстра. І дождж не патрывожыць, не — У чуйнай ленасці андантэ Непадуладны музыкантам, А толькі нам — табе і мне.
2 верасня 1993

СТОМЛЕНАСЦЬ ПАРЫЖАМ

Стомленасць Парыжам

EGO ESSAI

1. ЦІКЕТКА МАЦІСА

У купэ сядзелі два пасажыры — вясковы кюрэ ... з Гароны і паэт. Кюрэ ехаў да брата ў Парыж, а паэт — на вайну. Паэт выбраў вайну, як кубак з ядам, хаця й ведаў, у якім кубку знаходзілася віно... У цягніку ж давялося перажыць прыкрую хвіліну шкадавання. Паэту здалося, што ягоны выбар — недаравальная легкадумнасць. Але ўжо нічога нельга было змяніць.

Ен спрабаваў думаць пра вясёлае, і нядаўняя пасцельная прыгода, якую пільна ахоўвалі нядрэмныя астры, навяла на фрывольную думку пра мінімум элегантнасці — жанчыне дастаткова мець прыгожыя ногі, а мужчыне — чыста вымытую галаву. Аднак думка гэтая не ўсцешыла паэта.

Як трывожнае супакаенне, перад ім паўставалі белыя лілеі, астры, а таксама — рукі той жанчыны, з якою ён развітаўся ў німскай гасцініцы. Астраў было больш, чым лілей, і ў астрах патаналі пяшчотныя рукі...

— Пра што вы думаеце, сын мой?

— Пра астры.

Цягнік рухаўся марудна, шчодра ахвяруючы двум пасажырам шмат часу на гутарку. Гаварылі пра страту веры, пра знішчаныя вінаграднікі ў Шампані і нават пра таемную змову, якая, на думку святара, існуе паміж паэзіяй і смерцю. Вядома ж, пачуўшы пра «таемную змову паміж паэзіяй і смерцю», паэт ажывіўся і нават стаў у душы пасмейвацца з кюрэ.

А той, не здагадваючыся, з кім размаўляе, сваю просценькую філасофію звёў да таго, што паэты наўмысна імкнуцца абудзіць у сабе дар фатальнага прароцтва, што яны ўпэўнены — без фатальных прадказанняў іхні талент не спазнае найдасканалага выяўлення.

Паэт ледзьве стрымліваў свой непачцівы смех.

Богу аднаму вядома — адкуль бярэцца весялосць. Толькі што паэт спрабаваў хоць неяк разварушыць сябе думкаю пра мінімум элегантнасці, але так і застаўся замкнёны ў сваім дарожным смутку, а гэты гаваркі поп не так словамі, як сваёй прастатой, за адно імгненне ўзяў і пацешыў. Меў жа нехта рацыю, калі сказаў, што па дарозе на вайну балбатлівы святар — лепшы спадарожнік.

А кюрэ між тым захоплена тлумачыў: