Выбрать главу

Я збіраюся ў Парыж і бяру з сабою цікеткі. Маляўнічым веерам яны ляжаць на маім пісьмовым стале. Петунія, коўрыкі, настуркі, сальвія, карона, кларкія, аквілегія... На маім пісьмовым стале — мініяцюрны сад, густы гаспадарчы жывапіс, свядомая спрошчанасць фактуры, рытмічныя контуры, дэкарацыйна-плоскаснае пісьмо, заўсёдная святочнасць і супакаенне. На кожнай цікетцы — кветка, некалькі кветак або цэлае суквецце.

Не стульваючы вуснаў, вымаўляю тры сінічныя склады ці-кет-ка, і па языку струменіць гальская прахалода.

Цікетка — французскае etiquette ў давыд-гарадоцкім вымаўленні.

У дзяцінстве цікеткі былі маімі цацкамі. З іх я будаваў фінскія домікі, кітайскія пагады, нават варажыў на іх — гэта значыць глядзеў на цікеткі ўважліва, па-дзіцячы сур'ёзна, а белыя пялёсткі абрываў з кветак, папярэдне выразаных з блакнотнага лістка.

У Маскве, у Доме Герцэна [2], цікеткі замянялі мне ігральныя карты. Я старанна ператасоўваў іх і раскладваў пасьянс, вельмі спадзеючыся, што выпадзе шчаслівая кветка. Мне была патрэбна шчаслівая кветка, асабліва тады, калі па-вар'яцку прыгнятаў сябе самазабойчай эстэтыкай Малармэ і зусім заставаўся без слоў; калі не хапала сіл бог ведае ў які ўжо раз (соты! тысячны!) ісці на Валхонку, каб зноў і зноў апынуцца ў еўрапейскім раі пушкінскага музея...

Васнянікі — гандляры насеннем кветак — у польскія часы выстаўлялі на базарах над сваімі доўгімі сталамі плакаты з надпісам: Nasiona ogrodnicze. Пасля здагадаліся расквеціць насенныя сталы маляванай фанерай. Так і з'явіліся цікеткі — мініяцюрны наіўны жывапіс, старанны рэкламны служка вечна капрызнай Флоры.

Ні ў альбомы, ні ў музеі цікеткі пакуль што не трапілі. Яны ўсё яшчэ на базарах — кожная ў сваёй торбе, у сваім насенні. Каб упэўніцца, што гэта так, варта схадзіць на тую ж мінскую Камароўку ці на які іншы рынак.

Стыль цікеткі народжаны давыд-гарадоцкім клопатам; стыль не прыдуманы, а таленавіта ўгаданы, навеяны прысутнасцю блізкай Еўропы, таму цікетка — інтуітыўны працяг фавістычнага і прымітывісцкага жывапісу, мацісаўска-русаісцкае каляровае водгулле, а таксама — лагодны павеў рускага авангарда. Бубновавалетавец Ілья Машкоў цікетачна намаляваў сваю «Бягонію», Павел Кузняцоў — «Чырвоныя кветкі», а Марцірос Сар'ян адзін з нацюрмортаў 1913 года...

Сыса, Тукін, Цубер — прозвішчы давыд-гарадоцкіх мастакоў, але гэтыя прозвішчы не прачытаеш на цікетках, бо на цікетках пішуцца толькі назвы кветак.

Я бяру ў Парыж самае вартаснае і няхай запознена, але ўсё ж узбагачу жывапісную калекцыю Апалінэра, да дзікай астры Маціса далучу кветкі, прыручаныя давыд-гарадоцкімі майстрамі. Пакуль жа, стомлены круглай, як перакуленая ратонда, поўняю, пішу сваёй неразгаданай А. на краёчку нябеснай паперы кароткі развітальны ліст: «...такую ж месячную ноч аднойчы ў жніўні я ўбачыў у Давыд-Гарадку. Успомні, любая, тое маё шчаслівае ўзрушэнне: ярка-шафраннае святло поўнага месяца прымусіла мяне выйсці на ганак. Там я адчуў тваю прысутнасць, тваё золата, твой зялёны блакіт... I мне адразу ж захацелася ў Мінск. У Парыжы са мною адбудзецца тое ж».

2. ЯШЧЭ АДНО РАЗВІТАННЕ

Я музычна развітаўся з А. і гэтак жа паспрабую развітацца са сваім першым сябрам па Дому Герцэна, — далікатным паэтам, які сказаў пра А.: «... зайздрошчу гэтай жанчыне».

Я, вядома, не спытаў, чаму ён зайздросціць, бо адразу адчуў, што ягоная зайздрасць — ажурная загадка, эолавая чарацінка, якою дакранаюцца да еўрапейскай Ліліт і памагаюць разблытваць тонкае плеціва семантыкі, каб жанчыну-абстракцыю ператварыць у жанчыну-сястру.

Сястра — крухмальны матылёк на трыумфальным пюпітры; Сястра — адзіныя два склады, якія вымаўляе канцэртная ластаўка і з чатырохмоўнага Менска даносіць іх у венскі лес. Ясны страх утварае гэтае міласэрнае слова, і пад светлай лямпаю гэтага цудоўнага страху мая любімая проза — раман «Сястра» — прачытваецца як жаданы сон.

Калі сумую па юным крэпдэшыне начной маладосці, той самай, над якою свеціць маланкавы атрамант эпісталярных зор; калі душу сціскае шыпшынавы абруч узвышанскага Менска — заўсёды перачытваю гэтую франтонную прозу, вылепленую з вакзальнае гліны і ўмацаваную клавесіннымі струнамі. Рэальна бачнае адразу патухае, і за калючую сцябліну я выхопліваю ласкавы змрок мінулага, і апынаюся ў кавярні, што некалі была на Каломенскай, непадалёк ад Віленскага базарчыка, і чакаю там Вацю Браніслаўца...

вернуться

2

Неафіцыйная назва Літаратурнага інстытута.