Выбрать главу

Неяк уночы, спрабуючы злавіць калючую сцябліну, я ніяк не мог заснуць, і тады з усяго карыснага, на што ў тую хвіліну быў здатны, выбраў адно — да гастраномнага ранку глядзеў са свайго чацвёртага паверха на рэўматычныя дзверы аптэкі, што, дыхаючы багдадскім алеем, неонава пакалыхваліся насупраць майго нямецкага дома, — і да ранку ж, да першага гастраномнага крыку, экстатычна паўтараў: «...навокал маўчыць дзерава, камень і жалеза... Навокал маўчыць дзерава, камень і жалеза...»

Я ведаў, што пасля гэтае ночы я пазваню свайму сябру, і мы пойдзем на Даўгабродскую вуліцу, і над намі канцэртная ластаўка будзе па складах вымаўляць міласэрнае слова Сястра.

«...зайздрошчу гэтай жанчыне», — сказаў пра А. мой сябар, першы садоўнік беларускага альпінарыя, ахоўнік таго нязвыклага камяністага саду, у якім растуць лазурытныя кветкі для цудоўных капрызніц.

У Заходнім Берліне я бачыў скульптурны партрэт найцудоўнай егіпецкай капрызніцы, якая злавала на Тутмеса, што забыўся стварыць для яе лазурытныя кветкі. I вось памылка забыўлівага Тутмеса выпраўлена, у беларускім альпінарыі выраслі гэтыя кветкі.

Зрэшты, мой сябар і сам — апостал забыўлівасці. Ен з тых непрактычных філосафаў, якім заўсёды трэба напамінаць, што яны яшчэ і паэты, што яны ажурна дакраналіся да еўрапейскай Ліліт, а таксама, зусім не ведаючы аб тым, выправілі памылку старажытнага скульптара. Праз неверагодную сваю забыўлівасць мой сябар сцвярджае, што нарадзіўся ў 1950 годзе. Аднак жа будзе бліжэй да праўды, калі пашпартны год ягонага нараджэння чытаць у адваротным парадку лічбаў...

Мы йшлі на Даўгабгоаскую і ў адным з падземных пераходаў купілі аранжавыя гваздзікі. Я падумаў: не толькі дзеля зручнасці музыканты, жабракі і гандляры займаюць у падземных пераходах месца каля сцяны. Дзеля бяспекі таксама. Калі бетонная столя пад аўтамабільным ці нейкім іншым баластам праломіцца, то асноўны яе цяжар абрынецца на сярэдзіну тунеля — якраз туды, дзе звычайна знаходзяцца тыя, хто слухае музыку, падае міласціну і купляе кветкі.

На Даўгабродскай галодныя кулакі ветру таўклі ў пластмасавую раскошу паслякамуністычных шыльдаў. Аглушаныя шыльды маўчалі, як замкнуты раяль. Як і тыя, што ў рамане «Сястра», гэтыя шыльды ўжо таксама пакінулі змагацца за сваю дасканаласць.

Я бараніў ад ветру гваздзікі, чуючы, як стары Менск блукае па цемры архіўнай паперы і сагравае ў грубых далонях мяккія знакі ранейшага правапісу; як ён лакаматыўна аплаквае страту Брэсцкага вакзала. I пад гэты плач я пачынаў расказваць сябру пра фурмана з рычажнымі лейцамі — машыніста Панкрата Мялюжыча. Я задыхаўся ад металічнае напругі. Як вершы, чытаў на памяць радкі, што пахлі волкай воляю і яшчэ нечым, фізічна невытлумачальным: «... у гадзіну ночы ён павядзе адухоўленае жалеза і сотні людзей у прасторы зямлі... зямля адкрые грудзі свае; на іх паўстане вялікасць адной з формаў існавання свету».

Мяне палохаў безвыніковы боль, імя якому — свет. Ён утвараў непрыступны славянскі камень, на які бяскрылаю птушкаю апусцілася наша душа.

У кавярні на Каломенскай сам-насам з болем, з яго адвечнаю безвыніковасцю застаўся Ваця Браніславец. Аўтарская здагадка: «I, можа, быў боль гэты толькі лініяй, на якую нанізвалася блытаная навала праяў свету...» — не суцяшала Вацю, а толькі павялічвала яго незадаволенасць і самоту. Яму, вандроўнаму скептыку, неўладкаванаму жыхару маладой сталіцы, чуўся ў гэтай здагадцы непераадольны холад правінцыі...

Мы прыйшлі на Вайсковыя могілкі, на магілу аўтара «Сястры», ведаючы, што над ёю звісае шыпшынавы абруч узвышанскага Менска. Немагчыма пазбавіцца правінцыйнага холаду, не абдзёршы аб гэты абруч свае далоні, як і немагчыма перад Парыжам па-сапраўднаму развітацца з сябрам, не змёўшы з дарагое магілы чырвоны пластмасавы цюльпан.

3. ТВОРЧАСЦЬ

У меладзінным кафэ, што на вуліцы Рывалі, разам з электронным рахункам за каву гарсон прынёс мне і забытую старонку з майго дзённіка, датаваную 22.08.1988 г. Я прачытаў: «Чаго я баюся. Баюся міліцыі, выступаць з трыбуны, згубіць ключ ад кватэры, жыць разам з бацькамі; баюся вакзалаў, аэрапортаў, аўтобусных; баюся, што не ўбачу Парыж(!), што праз гадоў дваццаць не зразумею сына, што страчу спакойнае жыццё; баюся паездак у калгас, баюся памерці ад цяжкой і доўгай хваробы; баюся застацца сярэднім паэтам...»

Сярод усіх маіх ранейшых уяўных і праўдзівых страхаў у гэтым хаатычным пераліку самы найбольшы — страх, пазначаны клічнікам.