Выбрать главу

Дык вось, згадка пра смерць паэтаў у прасторы — гэта згадка пра адзін з парыжскіх мастоў, які стаўся апошнім парогам для Поля Цэлана. Цяпер пра гэты мост, як пра радок з біяграфіі паэта, успамінаюць і беларускія вучні Цэлана, рацыянальныя вынаходнікі недасяжнага шляху за небакрай Еўропы. Яны імкнуцца за еўрапейскі небакрай, і ўслед за імі імкнецца наша спрадвечная няспраўджанасць. Яны ведаюць, што сыходзіць з гэтага шляху не варта, нягледзячы на тое, што часам ён бывае легкаважна зваблівы, як райскі ябл ык.

Дзягілеўская рабыня ўважліва праглядзела маю дзённікавую старонку, нібыта на ёй былі не беларускія словы, а графічныя накіды нейкіх экзатычных танцавальных практыкаванняў.

Яна не ведала, хто такі Поль Цэлан, нешта аддаленае чула пра Гіёма Апалінэра, але гэта зусім не перашкодзіла ёй упэўнена паразважаць пра шлях за небакрай Еўропы, нават выказаць свае какетлівыя здагадкі: магчыма, ён пачынаецца адсюль, з Пон дэ Ар, адкуль — зірніце! — збягае на набярэжную Луўра, вяртаючыся на вуліцу Рывалі, клапатлівы гарсон. А магчыма, і з трубна-драцяной вышыні Цэнтра імя Пампіду.

Яна паказала на неба, некуды за Бульвар Себастопаль, і тут жа растлумачыла: з той вышыні ў яснае надвор'е добра ыдаць, як з візантыйскіх купалоў царквы Сакр-Кёр ападаюць на ўзгоркавы дол Манмартра сонечныя яблыкі...

А далей яна гаварыла пра неба, якое цяжэе ад жаночай незадаволенасці, пра воблакі, якія над Люксембургскім садам набываюць фалічныя контуры, пра пяшчотнага госця, што, увайшоўшы ў німфічную глыбіню, пакідае там навальнічны нектар. Гаварыла нават пра тое, што самыя дарагія тканіны зайздросцяць ранішнім цёплым прасцінам...

Жаночая шчырасць на Пон дэ Ар, як сукенка Касталіі — самая празрыстая ў свеце. Ад яе на стомленай вадзе Сены не застаецца нават ценю. Я паглядзеў на ваду, на трапяткі шаўкавісты шыфон маруднай плыні, і пераканаўся, што гэта так. Прыгнечаная прі сутнасцю нізкага неба, вада не заўважала фрывольнай гульні легкадумнага пачуцця...

Непадалёку ад нас малады мастак пачаў устанаўліваць мальберт, заклапочана вышукваючы эцюдны матыў.

У дзягілеўскай рабыні пацямнелі вочы — яе гуллівага настрою як і не было. З нежаночай лютасцю яна паглядзела на маладога мастака. Пасля растлумачыла: «Бачыць іх не магу, гэтых рапэнаў! Мой муж таксама рапэн!» I пайшла ў бок Луўра, ператварыўшы пешаходны мост у клавесінны перазоў, ахінуты вакальным смуткам — ад сапрана да тэнару.

Шмат раптоўных сустрэч з прыгожымі жанчынамі адбываецца толькі таму, каб ужо ніколі болей не адбыцца. Есць у гэтых сустрэчах нешта хімерычнае, нават прыкрае. Але іншым разам здараецца амаль дзівоснае — яны нібыта абуджаюць дадатковы зрок, робяць душу фізічна праніклівай. Спатканне з дзягілеўскай рабыняй было менавіта такім. Праз некалькі дзён мы зноў сустрэліся, а пакуль я застаўся адзін і шкадаваў, што не паспеў ёй сказаць: мастак і жанчына — тое пачуццёва-расліннае плеціва, праз якое праходзяць электрычныя драты. Каб дамагчыся сваёй абсалютнай радасці, жанчына мусіць палюбіць у мастаку мастака, а пасля ўжо мужчыну. I гэтаму паспрыяе светлакрылы малюнак Пон дэ Ар, што ў сонечны дзень успыхне на стомленай вадзе.

Вазьмі на памяць гэты малюнак, дзягілеўская рабыня! Ен паможа зразумець, што напачатку тваё хараство павінна ажывіць палітру — гэта значыць ператварыць мужчыну ў мастака і толькі пасля ўжо — мастака ў мужчыну. Ты чуеш мяне, парыжанка: п а с л я, калі над Люксембургскім садам праплыве першы сарамлівы контур...

Жаночая неўраўнаважанасць тоесная змроку нястворанай кнігі — маёй лепшай кнігі, — да якой я па-вучнёўску цягну рукі і з болем адчуваю, што мяне душыць родная мова, што яна абмяжоўвае маё патаемнае жаданне стаць іншым. Не, я не збіраюся пакідаць сваю мову, як пра гэта класічна марылі паэты з больш сталых літаратур, але ўсё часцей і часцей мне бракуе слоў, каб выказацца да самай дасканалай чысціні. I я адчуваю, што застаюся толькі беларускім паэтам. Прызвычаены лексічны далягляд прыгнятае мяне горш за любога турэмшчыка, а пяць тамоў тлумачальнага слоўніка навісаюць над галавой, як украдзеныя пяць гадоў жыцця. Мне хочацца знікнуць назусім ці ператварыцца ў славутую Васілёвую кропку — тую самую, што абараняецца панцырам.

— Тата, а як можа абараняцца кропка, калі яе б'юць па галаве? — спытаў неяк Васіль і сам жа адказаў: — Панцырам.

Але ж якая гэта радасць раптоўна пачуць: «Мне падабаецца беларуская мова!» Пачуць ад жанчыны, якая на сваіх юных вуснах прынесла мне парнаскі снег.