Выбрать главу

Яшчэ зусім нядаўна я цешыўся з тых прыгожых абстракцый, што гэтая жанчына забірае мой страх перад смерцю, што з ёю можна гаварыць пра Дастаеўскага і пра вышэйшую ідэю на зямлі — ідэю неўміручасці душы. А цяпер мяне радуе яе спажыўнае, як хлеб, як малако, прызнанне: «Любы, беларуская мова мне робіцца блізкай, і калі цябе няма са мною, я заўсёды слухаю беларускае радыё». I цяпер я найбольш упэўнены, што каханая жанчына — заўсёды жанчына прыгожая і толькі для яе адной падымаюцца тэатральныя заслоны, нотныя знакі ператвараюцца ў гукі і пішуцца гэтыя радкі...

Нерухомая Сена пахне фанерай кульгавых мальбертаў і мастыхінавым жалезам. З усіх рэк гэтая рака найбольш падпарадкована творчасці і нават людзей-неартыстаў змушае быць творцамі. Таму не дзеля рыбацкае ўдачы і не дзеля кулінарнае радасці, а толькі дзеля нязвыклага нацюрморта «Рыбіна-волат» (і ў гэтым сумнення ніякага!), нікому невядомы Марк Шалан, ператварыўшы вежу Эйфеля ў вудзільна, злавіў у Сене саракакілаграмовага шчупака.

5. НА ПЫЛЬНЫМ ЕЎРАПЕЙСКІМ ЛІСЦІ

На вуліцы Рывалі я палюбіў меладзійнае кафэ і пазнаёміўся з гарсонам. Я даведаўся, што ён аксітанец, што ён любіць каталонскія песні і носіць у сэрцы спадчынную крыўду на французаў. Некалі паўночная Францыя задушыла яго маленькую паўднёвую краіну, забараніла аксітанскую мову, разбурыла замкі. У дакор сённяшнім парыжанам гарсон вывесіў над малахітавай стойкаю бара вялізны чорна-белы фотаздымак адноўленай высакагорнай крэпасці Фуа — адзін з галоўных сімвалаў аксітанскае пакуты і мужнасці...

Іграючы моцнымі рукамі тэнісіста, аксітанец частуе мяне ранішнім півам, грыбамі з Лімузена, гусінай пячонкай і нечакана просіць што-небудзь прачытаць па-беларуску.

I я запрашаю яго ў Дом Герцэна — у светлы бібліятэчны падвал, дзе ўпершыню даведаўся пра лодачку, якая «...уся белая, з сіняй аздобкай уздоўж борта, і яна ціха-ціха плыла па спакойным дрымотным моры, глыбокім і сінім. З берага глядзелі на мора прыгожыя вілы, чыста бялеючы ў садах, дзе раслі пальмы, алоэ ў вечнай згодзе з сонцам. А лодка ўсё плыла і плыла, і нейкі Поль сказаў свайму сябру:

— А ў Парыжы ўвесь час ідзе снег. Ноччу шэсць градусаў марозу.

А той, другі, нічога не адказаў, толькі ўдыхнуў на ўсе грудзі цёплае блакітнае паветра, глянуў на вілы, якія былі ўжо далёка, і ўбачыў высока над імі вялізныя белыя горы, што ўсё раслі і раслі, і здавалася, ніколі не было пад імі ні вінаграднікаў, ні пальмаў, ні алоэ...»

— Гэта паэзія? — спытаў гарсон.

— Паэзія, — адказаў я, чытаючы далей: «А лодачка ўсё плыла і плыла, і тыя, што сядзелі ў ёй, успаміналі зімовы Парыж, нейкага Жуля, што за адзін вечар скарыў сэрца багемнай прыгажуні Сільвіі Рамон і ноччу, калі ўжо разыходзіліся ад яе госці, басанож кружыў па аснежаным двары, мыючы ногі. Вялікі дзівак і вялікае дзіця быў той Жуль!

А лодачка ўсё плыла і плыла, сінела чыстае і спякотнае неба, усё раслі і раслі на даляглядзе белыя горы, і нейкі Поль вычытваў з газеты пра снежныя абвалы ў горных вёсках з дзіўнымі назвамі Пірале, Дамонтэ, К'ябрана, Вальпрата.

А потым лодачка павярнула назад, і ўсё бліжэў і бліжэў бераг, і не было ўжо відно высокіх белых гор, і неўзабаве не было ўжо нічога, акрамя горада і сіняга мора, і ўсё плыла, плыла па дрымотнай вадзе лодачка, слаўная лодачка з сіняй аздобкай уздоўж борта».

Чытанне скончылася, мы пакінулі светлы бібліятэчны падвал і на хвалі беларускае прасодыі вярнуліся ў меладзіннае кафэ.

Я стаў гаварыць пра тую небяспечную блізкасць, якая ўзнікае паміж суседнімі мовамі, і пра псіхалагічную адрознасць беларускае гаворкі ад рускае, што заўсёды ратавала нашу мову ад знікнення.

Аксітанец уздыхнуў, успомніўшы каменнавечную мяжу, што пралегла паміж аксітанскай мовай і французскай...

Я гаварыў пра паэзію, пра Купалу і Апалінэра, пра спадчынна-ўстойлівае не-падабенства французскіх і беларускіх паэтаў, сэнс якога шмат у чым вызначаны дзеясловамі шукаць і чакаць. Французскія паэты-класікі шукалі свой лёс, а беларускія чакалі яго — і мелі, дарэчы, рацыю. Страх падумаць, што б сталася, каб яны — ранішняе святло на пыльным еўрапейскім лісці — кінуліся б шукаць! Пэўна ж, без пары патухлі б...

Пара нашага цярпення ў самым росквіце. I не трэба нічога прыспешваць. Трэба ўсё яшчэ па-ранейшаму чакаць, не спакушацца чужым авантурным духам, а выхоўваць свой і не зневажаць сябе, атаясамліваючы мудрае цярпенне з авечай пакораю. Не варта вырываць з душы сваёй сціплыя кветкі кансерватызму. I калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гісторыяй шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая некалі існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў.