Выбрать главу

Нам усё яшчэ трэба выжыць, і мы выжывем, калі зразумеем: жыццё вечнае не таму, што яно падманнае, а таму, што яно цудоўнае; калі ў сваім царкоўна-касцельным падзеле не забудзем, што хрысціянства нам дадзена яшчэ і як цяжкі клопат — гэта значыць, што мы, беларусы, павінны жыць з большай маральнай энергіяй, з большым цярпеннем, чым нашыя мацнейшыя суседы. Не забываючы пра волю, часам павінны і наогул адмаўляцца ад яе. Бунтоўны крык інжынера Кірылава, узмоцнены пакутамі Дастаеўскага: «Мы няшчасныя! Мы баімся выказаць сваю волю!» — усё яшчэ небяспечны для нас, бо мы — этнаграфічна датклівыя. Бо мы — усё тое ж ранішняе святло на пыльным еўрапейскім лісці. Наш лёс — не ў старажытным каўчэзе, а ў юнай «лодачцы з сіняй аздобкай». Нашае супакаенне — думаць пра паэтаў, такіх, як Апалінэр, чыё жыццё ўжо само па сабе — паэзія, чыё троннае імя за межамі Францыі існуе незалежна ад яго творчасці...

Дапіваючы ранішняе піва, я думаў пра цудоўнае жаданне Апалінэра ўлагодзіць час, прыручыць яго, нібыта птушку, і ператварыць у свайго надзейнага слугу, каб пры неабходнасці ў адну і тую ж хвіліну не метафарычна, а фізічна знаходзіцца скрозь і мець з гэтага асалоду!..

«Я ўзбагачаю цябе сваім існаваннем, і ты мяне ўзбагаці таксама!» — прасіў паэт.

Дзівосная сумная просьба.

Так можа прасіць толькі эгаістычны луўрскі голуб, закаханы ў Венеру Мілоскую, які разумее, што з кожнай новай жанчынаю паэт нараджаецца па-новаму і па-новаму нараджаецца яго жаданне ў адну і тую ж хвіліну знаходзіцца скрозь. Але ж нязменным застаецца разважлівае расчараванне: так, я магу прысутнічаць скрозь і цешыцца з гэтага, але ў самім сабе я заўсёды адзін...

Французам засталася паэзія Апалінэра, нефранцузам — трыумфальная арка яго імя. З-пад гэтае аркі (як усё-ткі цяжка ператварыцца ў мастака-дзікуна!) мне адкрываецца знаёмы горад, які вылечвае ад зайздрасці і падманнага кахання, горад з лагодным студзенем і цёплай травою ў парках, на якую можна прылегчы, не баючыся застуды.

Я развітаўся з аксітанцам і прыйшоў на плошчу Тракадэро ўбачыць у начным небе след ад каната, што быў працягнуты канатаходцам Піліпам Пеці ад гэтай плошчы да вежы Эйфеля.

Канатаходзец святочна прайшоў рызыкоўны шлях, супакойваючы страх душы пластыкай цела...

Падымаюся на вышыню каната і адчуваю ўтульны след чужога майстэрства.

Мяне аблягае ноч, але мне свеціць вежа Эйфеля — начны таршэр Парыжа.

6. НЕПРЫКАЯНЫ ПАЛЯК

Учора з вышыні каната Піліпа Пеці, праходзячы над выпадковымі цікаўнымі гледачамі, я згледзеў сярод іх нейкага аблезлага маскараднага старога з кавалерыйскай шпагаю на поясе і з белай ружаю за цупкай халявай батфорта. Абуты ён быў не ў боты, а менавіта ў батфорты. Ен сачыў за мною, як нямоглы кот за птушкаю, і ўсё аб нечым бесперастанку гаварыў, нібыта сам сабе нешта тлумачыў. Як бліскучая соль, да мяне даляталі асобныя польскія словы.

Ен стаяў пад яркім ліхтаром, крыху воддаль ад астатніх гледачоў, і, як далікатную музейную рэч, раўніва аберагаў батфорт з ружаю. Калі хто неабачліва да старога набліжаўся, ён тут жа станавіўся бокам, закрываючы сабою ружу. Пры гэтым польская мова пагрозліва ўзмацнялася, і гэтак жа пагрозліва ўздрыгваў медны эфес шпагі.

Я паверыў бы, каб хто сказаў, што гэты дзіўны шпаганосец вылез на парыжскі асфальт з патрыятычнага куфра маршала Панятоўскага. Але больш веры даў бы той здагадцы, што незвычайнага старога палюбіў бы Апалінэр — і за казачныя батфорты, і за польскую мову, і за відочную непрыкаянасць. Апалінэр любіў людзей адметных і непрыкаяных — акрабатаў, эмігрантаў, цыганоў, паяцаў, якія паводле яго паэтычнага ўяўлення заўсёды былі атулены флёрам няўтульнага змяркання:

«Змярканнем жывяцца хімеры Сукенка падае ў траву Цыркачка хіліць галаву Па-над стаўком блакітна-шэрым

Змяркання сонны шарлатан Вандроўны ладзіць балаган I зоркі ў небе да адной Малочной і тушыць сівізной

З падмосткаў стомлены цыркач Паклонам рлстлумачыў феям I ўсім багемскім чарадзеям Што ён як і яны глядач

А зоркай цешыцца паяц Не чуючы ў цымбальным гаме Што звоніць вісельнік нагамі Да струнаў здолеўшы дастаць

Сляпы суцешвае дзіця За ланню йдуць аленяняты А карлік сумны і гарбаты Зайздросціць росту цыркача».

Дык вось, прайшла ноч, і раніцай, калі я глядзеў на вулічных артыстаў, што на пляцоўцы перад уваходам у Цэнтр імя Пампіду танцавалі бальную румбу, зноў з'явіўся гэты маскарадны Паляк.