У Парыжы іх прывеціў львоўскі знаёмы Януша мастак Булацкі, у якога на бульвары Клішы была майстэрня. З тыдзень яны пажылі ў гасціннага Булацкага, прывыкаючы да Парыжа, а пасля аселі ў таннай гасцінічцы, амаль начлежцы, на заходнім схіле Манмартра, дзе гаспадарыў аднавокі мараканец. Гэты жабрацкі прытулак, у якім пахла воцатам і пустымі кішэнямі, іх задаволіў. Яшчэ ў цягніку яны дамовіліся ашчаджаць кожны франк.
Пані Барбара пайшла працаваць. З дапамогаю зычлівага Булацкага яна ўладкавалася ў мастацкі магазінчык рэкламным агентам.
А Януш Лонскі служыць не збіраўся і, наогул, ніякае работы не шукаў. Жыў сабе вольна, як бульварны верабей. Кожнага ранку цалаваў Барбару і спускаўся ўніз расказаць гаспадару гасцініцы анекдот па-польску. Мараканец заклапочана бліскаў адным сваім вокам і няцямліва ўсміхаўся. «Нічога, — блазнаваў Януш, — яшчэ трохі і будзеш мовіць па-польску». Паўглядаўшыся ў люстэрка, якое займала амаль палову маленькага вестыбюля, і, вядома ж, сам сабе спадабаўшыся, Януш да самага абеду выбіраўся ў горад. Удзень сустракаўся з Барбарай у бістро, непадалёку ад мастацкага магазінчыка, а пасля абеду заходзіў на Сітэ ў польскую бібліятэку — пагартаць варшаўскія газеты. Вечары ж праседжваў у Булацкага.
Януш Лонскі не мог надыхацца Парыжам і з дня ў дзень выходзіў у горад без ніякае мэты, без ніякага клопату. I бяды ў гэтым пані Барбара пакуль не бачыла. Ен — паэт, а вандраваць над Сенаю — занятак, варты паэта.
Лёс даў ім некалькі тыдняў прыгожага спакою, але першага верасня пачалася вайна, і ўсё зацьмілася. Януш Лонскі адразу пачужэў для Барбары. Першага верасня ён паўздыхаў, успомніўшы бацькоў, якім так і не сабраўся напісаць, і, нібыта на Польшчу не бомбы нямецкія падалі, а снег, зноў выйшаў на сваю чарговую праходку.
Удзень яны маўкліва паабедалі, а ўвечары ён сабраўся да Булацкага на бульвар Клішы.
— Януш, што рабіць будзем? — не тоячы страху, спытала Барбара.
Ен нічога не сказаў, пацалаваў яе і выйшаў з пакоя.
I назаўтра, сонечнай раніцай,таксама пацалаваў Барбару і, не забыўшыся пацешыць мараканца новым польскім анекдотам, зноў пусціўся ў бульварны паход па цудоўным восеньскім горадзе.
— О, усё наладзіцца! — усклікнуў ён весела, калі на бок Польшчы ў гэтай вайне сталі Англія і Францыя.
Блюзнерская ўпэўненасць!
Плачучы, пані Барбара пайшла да мастака Булацкага, каб знайсці якой рады.
Семнаццатага верасня Польшча ўжо задыхалася, і бедная Барбара не вытрымала: «Януш, прачніся! Ты ж паляк!» Януш Лонскі адказаў незадаволена: «Гэту вайну, мая каханая, мы перабудзем у Парыжы».
Перабудзем?!
Яна ўзненавідзела Януша за гэтае здзеклівае «перабудзем» і пракляла яго, сама не ўсведамляючы, якую разбуральную сілу ўклала ў свой раптоўны праклён. Яна ўспомніла пакінутага, зняважанага мужа: дзе ён? што з ім? ці жывы? Вядома ж, ваюе, абараняе любую Польшчу. Абараняе яе, Барбару. I ўпершыню яна адчула ў душы нешта падобнае на каханне, на цёплую прыхільнасць да палкоўніка Ружэвіча, да гэтага сумленнага чалавека, якога так жорстка падманула.
У адзін з трывожных вечароў на бульвары Клішы Булацкі прапанаваў Янушу Лонскаму ехаць у Лондан: там цяпер збіраюцца палякі з усяго свету, там цяпер польскі ўрад.
Януш Лонскі ехаць адмовіўся.
Ягоная адмова і наблізіла да Барбары яе будучыню. Пані Барбара зрабіла свой выбар. Не развітаўшыся з Янушам, яна паспяхова перабралася з Булацкім праз небяспечны Ла-Манш.
— Пустая кабета! — першае, што крыкнуў уражаны Януш, калі зычлівы мараканец паведаміў пра спешны ад'езд яго каханкі.
Ен не падняўся ў пакой. Зняможаны, сеў у вестыбюлі, падпёршы плячыма люстэрка. З хвіліну думаў, што рабіць — ехаць у Лондан? знайсці яе і вярнуць?
Не, паездка ў Лондан — клопат не для яго. Лепей знайсці пакуль прыдатнае на гэты горкі вечар кафэ. Лепей сціснуць да хрусту ў кулаку поўную чарку...
I жыццё львоўскага паэта крута пайшло з гары.
Ен піў і лаяў Барбару, піў і шкадаваў сябе, піў і зноў лаяў Барбару — нікчэмную жанчыну, якая лёгка кінула мужа, яшчэ лягчэй пакінула яго, Януша, і, пэўна ж, не задумваючыся, кіне й гэтага праныру Булацкага... Яна, вядома ж, чакала моманту, каб уцякці. Вайна памагла ёй. Так, Барбара не кахала яго, а ён кахаў і кахае, але ўсё зробіць, каб гэтае каханне спрахла. Ен адпомсціць свайму каханню.
Псеўдарамантык, якога абразіла каханка, адразу ж губляе памяркоўнасць, аглушае сябе адчаем, які з цягам часу ператвараецца ў абыякавасць, у нейкі запаволены рух, цьмяна асветлены, нібы калідорнай лямпачкай, няўхільным пачуццёвым змярканнем.