Выбрать главу

Чорная лілея габоя кладзецца на гітару, а ручаінкавыя смыкі вяртаюцца да сваіх струн, — і самы час прыгадаць, як ты палохаешся майго раптоўнага смутку, майго доўгага маўчання; самы час цябе супакоіць, разгарнуўшы санатную прозу Блока: «Со мной бывает вот что: я — весь страсть, обожание, самое полное и самое чистое; вдруг все проходит — является скука, апатия (мне незачем рисоваться), а иногда отчаянная беспредметная тоска».

Бачыш, так ужо было, так будзе й пасля нас, таму паслухай і супакойся, як супакоілася чорная лілея, сагнуўшыся над пастаральнай крапівой; як супакоіліся клавесін, скрыпка, альт і віяланчэль, атрасаючы з паперы нотную расу; як супакоілася (я адчуваю гэта!) наша першая будучая страта — страта яшчэ не ведаю чаго, але ведаю, што яна пакуль далёка, хоць вайсковая флейта, перапыніўшы фагот, і ахоўвае нашу надзею пільным эпітэтам — падманная...

Так, наша першая страта яшчэ далёка. Але няхай гэта будзе страта маладосці, радасці нават паэзіі — толькі не страта спакою, бо той, хто страціць спакой, страчвае і чыстае каханне.

12. СВЕТЛЫ БІБЛІЯТЭЧНЫ ПАДВАЛ

Французская фраза змяшчае ў сабе даволі аб'ёмны змест, усё адно як маленькія парыжскія завулкі шмат самых розных дамоў. Зрэшты, даўно заўважана: сціслы еўрапейскі сінтаксіс адпавядае рацыянальна-лапідарнай будове еўрапейскіх гарадоў і, наогул, сугучны ўтульным маштабам еўрапейскай геаграфіі.

А што сказаць пра нашую руска-беларускую камароўшчыну?

Варта паглядзець на любы мінскі мікрараён, дзе паміж бетоннымі баракамі буцвее ці не трэцяя частка Іль-дэ-Франсу — і адказ гатовы...

Дождж перапыніў мае філалагічна-урбаністычныя фантазіі.

Букіністычная Сена апусцела. Толькі адзін пастух кніг застаўся на набярэжнай Малакэ. Акрыўшыся цыратовай стрэшкаю, немалады рамантык з александрыйскім воблікам Анатоля Франса мужна чакаў пакупнікоў. Пад яго статуарным позіркам на прыжыццёвым выданні «Алкаголяў», закрытым ад грубых рук і непагоды далікатным цэлафанам, мармуровым оніксам яснелі буйныя дажджавыя кроплі. У прыглушаным фарфоравым свят.іе неба пазусім патанулі цёплыя колеры, але холаду не чулася.

Надзіва лёгка старгаваўшыся, за цікетку аквілегіі я купіў «Алкаголі».

Я купіў ці, усё ж дакладней, — выменяў «Алкаголі» не таму, што гэта прыжыццёвае выданне Апалінэра, і не таму, што я вялікі прыхільнік рарытэтаў. I нават дыдактыка Малармэ (кніга — з'ява касмічная, у ёй увасоблены самы высокі сэнс чалавечай дзейнасці) на мяне не паўплывала.

Прычына простая: мне спадабаліся дажджавыя кроплі на далікатным цэлафане, праз які, як Пон дэ Ар праз вокны Луўра, праступала арабская назва кнігі.

Мне яшчэ давядзецца спазнаць трагічную мудрасць, — кніга перамагае самоту, — засведчаную ў апошнім вершы Багдановіча. I тактоўны мсье Малармэ яшчэ паспее канчаткова пераканаць мяне ў касмічнай існасці кнігі. Але пад зімовым дажджом, што атуліў набярэжную Малакэ, я быў далёкі ад паэта-рацыянальных высноў. Я жыў паэта-імгненнем...

Некалі ў бібліятэчным падвале Дома Герцэна я чуў крытычнае арыёза аднаго маладога галамана пра шматтэмнасць «Алкаголяў». Перад выпадковай аўдыторыяй — дзве бібліятэкаркі і некалькі студэнтаў — малады галаман на памяць чытаў «Зону». Ці не пасля кожнага радка паэмы, як мне помніцца, ён рабіў доўгую, умацаваную адпаведным узмахам рукі, паўзу, тлумачачы: кожны радок у «Зоне» — асобная тэма.

I мне, таксама ж выпадковаму сведку таго маруднага чытання, ужо тады падумалася, што лепшую паэму Апалінэра можна чытаць і без доўгіх паўзаў і што зусім неабавязкова газетны прынцып шматтэмнасці рабіць яе галоўнай якасцю.

Апалінэр — не збіральнік тэм, ён — ахоўнік стылю і вынаходнік шматслойнага «лесіровачнага» пісьма. А ягоная шматтэмнасць, пра якую надакучліва пішуць у кожным падручніку, толькі адзін з мастацкіх вынікаў гэтага заўсёды новага пісьма.

Таленавіты галаман жыве цяпер на камяністым хутары пад Стакгольмам. Чамусьці ён выбраў для сталага жыцця халодны скандынаўскі хутар, а не даліну Луары. Зрэшты, ён.здаецца, ніколі туды й не імкнуўся, яго цікавіла толькі метафізічная Францыя. Метафізічную ж Францыю з рэальнай Швецыяй прымірыць у заспакоеным сэрцы няцяжка.

Пры нагодзе я пашлю яму свой эцюд пра шчаслівае набыццё «Алкаголяў» — пашлю не па пошце, а па ланцужку маскоўскіх успамінаў, самае каштоўнае звяно ў якім — светлы бібліятэчны падвал.

13. ЮНЫ СЛАВЯНСКІ ВЕК