Нябёсы камяністыя над намі
Не скоцяцца далоў.
Пяю рамансы ў элегічнай яме,
Як ты вучыў, — без слоў.
Твая душа й па гэты час ад здзеку
Бароніцца ў журбе,
Бо цынік зноў мужчыну-недарэку
Вышуквае ў табе.
Твая бяда ва ўсіх французскіх трунах
Не менее ў цане.
Твой алкаголь у клавішах і ў струнах
I ў каніфольным сне.
Імя тваё на вуснах у Еўропы,
Як васільковы лёд!
Калі растане — свежасцю акропіць
I мой гарынскі рот.
Я пэўны праз цябе, Верлен!.. Пакуль жа
На камяністым дне
Яе саму, яе дзяцей і мужа
Я бачу, як у сне.
Яна не набліжаецца, далей шчэ
За Вольгу, Васіля.
Ля ног яе жывая хваля плешча
Твайго, Верлен, святла.
4 ліпеня 1991
* * *
Над нашым пацалункам першым
Плыў дым сямейнага кастра:
Не палюбоўніца — сястра!
А я? А я — твой брат старэйшы.
Дым не здагадваўся, што горкі, —
I галаву тваю абвіў,
I дзве маслінавыя зоркі
Па-над каўнерыкам лавіў.
I ўбачыў я, што на масліны
Праз дым і золата слязы
Ляглі калючыя сцябліны,
Завязаныя на вузлы...
Нас душыць неспакой сямейны,
Не сон прыходзіць па начах,
А зноў жа гэты страх лілейны,
Што й пад слязою не ачах.
Тваёй трывозе падуладны,
Анёл таршэрнай цемнаты
На вуснах ломкіх, лістападных
Знайшоў зялёныя лісты, —
Паспеў адчуць іх шум эладны,
I ты прамовіла: «Пара...»
Мая. Я ведаю дакладна!
Мая... малодшая сястра.
5 ліпеня 1991
* * *
Пакуль з рукі спяшаўся на руку
Мой пацалунак легкаважны, —
Ты расказаць паспела пра дачку
I сівізну маю заўважыць.
Пакуль хаваў я галаву сваю
У жоўты куст тваёй сукенкі, —
Ты развязала горла салаўю,
Туман паклала на каленкі.
Ты аддалася школьнай пахвальбе,
Свабодзе калідорна-класнай, —
Што мова беларуская табе
Бліжэйшай робіцца і яснай.
Пра астры гаварыла, што яны
Паводле гараскопнай гліны
Вакол маёй узыдуць сівізны,
Кастрычнік цягнучы ў сцябліны.
Глядзела ў вочы мне і ў іх вадзе
Ты толькі хітрасць заўважала
I ямку ж хітрую на барадзе
Ружовым лісцем закрывала.
«Не верь, не верь...» — пачуў на адыход
Журбу дыпламатычных місій.
Так, гэта Цютчаў свой класічны плот
Паміж табой і мной узвысіў.
11 ліпеня 1991
* * *
Калі ўзыходзіў на Акропаль,
Яшчэ не ведаў пра цябе.
Каханне ў ценю ад Еўропы
Чакаць змушала і цярпець.
Я тое прадчуваў каханне,
Ягоны вінаградны воск,
Калі гарынскае змярканне
Святлу афінскаму прынёс.
I, стоячы ў жаданым цені,
Сачыў: над душамі багоў
Вятры паўночныя ляцелі
Да італьянскіх берагоў.
Незразумелы мне арганум
Узбагачаў мой бедны слых:
«Як пакахаеш, то каханым
Ты станеш на адзін уздых...
Каб пасвятлеў твой цёмны вопыт,
Спяшайся да агню свайго!
Каханне ў цені ад Еўропы —
Імгненне, і не больш таго».
12 ліпеня 1991
* * *
Мой сон пусты — як ваза, у якой
Даўно няма ні кветак, ні сцяблінак,
Няма вады і сонечных іскрынак,
Тых самых — з аксамітнаю луской...
Прысніся. Ты не снілася ні разу.
Да вазы прыхініся галавой.
Я ведаю любімы колер твой,
I гэты колер хай напоўніць вазу.
Твой колер — жоўты. Сіні колер — мой —
Мяне гняце, са мной не размаўляе,
А жоўты колер — ён найменш стамляе,
Хоць поўны нечаканасці любой.
Я знаю ўсё па матчыным гародзе:
Там раніцаю шольсія ў акно
Шпурляе мне з расою кімано,
I сонца іерогліф узыходзіць.