Выбрать главу

Мікола з вясёлай усмешкай кіўнуў і бязгучнымі вуснамі прашаптаў: «Во, бляха, албанец і той нейкія беларускія словы запомніў. А ў нас у аўтабазе і таго не ведаюць».

- Та-ак... мы, маладыя, пра штосьці марылі, да нечага імкнуліся, - Петрыт пакасіўся на пляменніка. - А сённяшняя моладзь пра што марыць?

Мікола пераключыў перадачу, сцепануў плечукамі.

- А ты ў Фатоса спытай. І ён распавядзе табе пра сваю запаветную мару: пасяліцца ў Неапалі і гатаваць піцу ў тамтэйшай кавярні.

- Дзіўная мара, - буркнуў Мікола, не адрываючы вачэй ад дарогі. - Машына пераадольвала зацяжны пад’ём.

- Ды што там дзіўнага! Сябар ягоны з бацькамі летась у Італію перабраўся. Фоткі днямі прыслаў. Стаіць на тле піцэрыі, дзе бацька працуе, а ззаду Везувій тырчыць. Вось і ён хоча туды ж... - Петрыт штосьці спытаў у пляменніка, і пляменнік, таксама не адрываючы вачэй ад дарогі, прамармытаў:

- Ун дуа тэ Італіс!

Машына паволі паўзла ўгору, і Мікола, як бы дапамагаючы ёй адолець гару, па-дзіцячы пырхнуў вуснамі.

- У нас тут, як межы адчынілі, людзі адразу ў Італію кінуліся. І не толькі на караблях, а на плытах, на гумовых лодках, нават на бітонах з-пад малака. Звяжуць разам штук дзесяць - яны і трымаюць чалавека на вадзе. Праўда, некаторыя не даплылі - патанулі ў моры.

Машына, нарэшце, уз’ехала на пагорак, і перад вачыма адкрылася надзвычай прыгожая бухта, на беразе якой прытуліўся, свецячы белымі сценамі будынкаў, даволі вялікі горад.

- Улёра! - паведаміў Фатос і штосьці дадаў па-албанску.

- Пляменнік кажа, што адпачываў тут з бацькамі. Вунь, за горадам, курортны пасёлак Уйет-э-Фтохта. «Халодная вада» па-расейску. Калісьці там лецішча Энвера было, - ратуючыся ад сонца, Петрыт прыклаў руку да броваў і прымружыўся. - А вось там, у дальнім канцы бухты, савецкая марская база месцілася. У 61-м годзе зліквідавалі. Казалі, ледзь тады да страляніны не дайшло. Я якраз з Саюзу вярнуўся.

Шаша збегла з пагорка, і Мікола, пабачыўшы паказальнік «Gjirokastra 105 km», крутнуў руль налева.

«Праз дзве гадзіны будзем на месцы», - падумаў ён, прыдушваючы понаж газу, але тут жа і скінуў хуткасць: асфальт знянацку скончыўся, саступіўшы месца калдабаністай жвіроўцы. З-пад колаў узнялася страшэнная пылюка, і яны спешна прычынілі вокны.

Жвіроўка віхлялася вужакай і ўвесь час пнулася ўгору. Змучаная албанскімі дарогамі машына натужліва гула, страляла выхлапнымі газамі, якія перамешваліся з шызым пылам і доўгім шлейфам цягнуліся следам. На кожным павароце горнага серпанціну ўзняты на папярэднім вітку пыл асядаў на ветравую шыбу, і ехаць даводзілася з уключанымі «стрэлкамі». У Міколы было такое адчуванне, што ён едзе па коле і што гэтыя валуны ля дарогі, пахілыя кіламетровыя слупы з праржавелымі бляхамі, на якіх ужо цяжка было разабраць лічбы, і жалезабетонныя бункеры, якія немаведама як зацягнулі на скалы, ён ужо праязджаў колькі хвілінаў таму. «Дацягнем да Плёцыі - далей лягчэй будзе», - раз за разам паўтараў Петрыт, а Мікола нават не пытаўся - што гэта: паселішча, рака ці горны перавал.