І вось нарэшце машына, пераадолеўшы апошні, самы цяжкі пад’ём, узбілася на невялічкую пляцоўку, і Мікола, спыніўшыся, адчыніў дзверцы і глянуў долу. Там, унізе, такая ж фура пнулася следам за ім па разбітай буксоўкамі дарозе, і Мікола падступна і задаволена ўсміхнуўся. Ад усведамлення, што дацягнуў да гэтай праклятай Плёцыі.
Навокал, як вокам сягнуць, грувасціліся горы, і нябесная прастора злёгку халадніла сэрца, ад чаго хацелася дыхаць на поўныя грудзі.
Далей і сапраўды ехаць стала лягчэй, бо машына з радаснай палёгкай пакацілася з перавалу, кароткімі сігналамі вітаючы сустрэчныя фуры, якія караскаліся насустрач, чорным чадам засцячы далягляд. Яны доўга ехалі ўздоўж нейкай ракі, дзе з аднаго боку стаялі каменныя скалы, а з другой, у глыбознай прорве, шумела рака. Мікола да белаты ў пазногцях сціскаў склізкі ад поту руль і ў душы маліўся каб пратэктары шын лепей чапляліся за цупкі жвір і машыну не занесла ў прорву. Потым яны заехалі ў цёмны і сыры каньён, дзе была вельмі вузкая дарога і ехаць даводзілася з хуткасцю пахавальнай карэты, нарэшце, ізноў узбіліся на перавал, і ў Дзіракастру заехалі сінім адвячоркам.
Мікола ўжо не першы год працаваў «дальнабоем» - наматаў на сваім «вольва» пяцьсот тысяч кіламетраў, - але ніколі так не стамляўся. Пад’ехаўшы да прысадзістай камяніцы з шыльдай «Jeta e Re» на франтоне, ён заглушыў рухавік і адчуў, што не мае сілаў вылезці з кабіны. Змучаны, з пацямнелым тварам, сядзеў, вытыркнуўшы ногі ў пройму адчыненых дзверцаў, адчуваючы, што рукі ходзяць ходырам, нібыта сціскаючы руль, і звешаная нага торгаецца, ціснучы на газ.
Добра яшчэ Петрыт пабег некуды, знайшоў патрэбных людзей, і яны хуценька разгрузілі фуру. Нейкі чалавек у цёмным гарнітуры, якому ён перадаў паперы на прывезены груз, доўга ціснуў руку, запрашаў на начоўку, і на памяць падараваў маленькі албанскі сцяжок, якія кіроўцы вешаюць у кабінах. Міма прабег Фатос у атачэнні крыклівых аднагодкаў: мясцовыя падшыванцы, відаць, яго добра ведалі; чалавек у цёмным гарнітуры махнуў рукой і знік за рогам дома; Петрыт паляпаў яго па калене, маўляў, час ісці на вячэру, а ён усё сядзеў, з жахам згадваючы глыбозны каньён, па якім давялося ехаць.
Петрытава сястра жыла ў старым двухпавярховым доме, другі паверх якога дзіўным чынам выступаў над першым. Сястра - сухарлявая высокая жанчына ў чорнай сукні і чорнай празрыстай хустцы - сустрэла іх ля ўваходу і тройчы, - відаць, гэта быў албанскі звычай, - абняла брата.
- Ранейшым часам унізе рабілі склады, крамы, майстэрні, а жылі на другім паверсе, - патлумачыў Петрыт, калі яны падымаліся па рыплівай лесвіцы.
- А што, у вас хтосьці памёр? - шапятнуў госць, употай зірнуўшы на гаспадыню.
- Носіць жалобу па мужы.
- Нядаўна пахавалі?
- Ды не, ён памёр у лагеры, яшчэ за часамі Энвера. У войску служыў.
- А за што пасадзілі? - запытаўся госць, нутром адчуваючы, што задае зашмат пытанняў.
- Правадыру прымроілася, што ў войску супраць яго змова спее, вось і пачаў здымаць галовы. Міністра абароны, начальніка штаба, начальніка палітуправы расстралялі, астатніх па лагерах ды вязніцах распіхалі.
- А яны што? - не сунімаўся госць. Міколу раптам стала горача, і ён расшпіліў два гузікі на кашулі.
- А што яны маглі зрабіць? Міністр, Бечыр Балуку, кажуць, ішоў на расстрэл з партрэтам Энвера на грудзіне.
- І колькі гадоў ён вас тут мучыў?
- Энвер? Сорак гадоў. У сорак чацвёртым спусціўся з гор са сваімі галаварэзамі, і толькі ў восемдзесят пятым векам накрыўся.
- У нас камуністы таксама людзей забівалі. Толькі цяпер пачалі пра гэта пісаць.
Яны падняліся па лесвіцы і патрапілі ў разлеглы, спрэс завешаны стракатымі кілімамі, пакой.
- Я наогул лічу, што нармальны чалавек ніколі ва ўладу не палезе. Пнуцца туды толькі розныя прайдзісветы, злодзеі і хворыя на галаву людзі. У вас, дарэчы, хто прэзідэнт? - Петрыт уважліва агледзеў пакой, нібыта спраўджваючы - ці ўсё засталося так, як было, калі прыязджаў апошнім разам.
- Пакуль няма. Але будзе Шушкевіч. Больш няма каму. І гэта не нейкі там партыйны круцель, а прыстойны чалавек - прафесар фізікі. Той да смерці ў прэзідэнтах хадзіць не будзе.