Выбрать главу

Мікола таксама агледзеўся і, заўважыўшы на сцяне партрэт у чорнай асадзе, запытальна павёў вачыма.

- Так, гэта мой швагер. Адразу па сканчэнні ваеннай акадэміі сфатаграфаваўся.

Вайсковец на партрэце быў у нейкім паўваенным фрэнчы і ў нейкай дзіўнай шапцы: у такіх шапках калісьці хадзілі кітайскія хунвэйбіны.

- А якое ў яго было званне?

- Энвер усе званні скасаваў. Былі проста жаўнеры, камандзіры ды камісары. І з ваеннай формы вунь што зрабіў. Да палясоўшчыкаў сталі падобныя. Казаў, у рабоча-сялянскім войску не павінна быць ні пагонаў, ні галуноў, ні цэшак.

Праз гадзіну, павячэраўшы і пыпіўіпы па бутэльцы піва, Мікола з Петрытам выйшлі на ганак папаліць. Час яшчэ быў не позні, але, што дзіўна, у вокнах дамоў не гарэлі агні, і вуліца ўражвала сваёй цішынёй і бязлюднасцю.

- Горад ужо спіць. Мы, албанцы, што тыя птушкі - кладземся на змярканні і ўстаём на досвітку, - Петрыт прылашчыў далонню свае яшчэ даволі густыя валасы. - У нас замест «Добрага ранку» звычайна кажуць: «Як ты сустрэў світанак?»

Дзіракастра была не толькі бязлюднай, але і цёмнай.

- А Энвер Ходжа сапраўды тут нарадзіўся? - запытаўся Мікола, згадаўшы іх размову на ганку гатэля.

- Тут... на вуліцы, што называлася Вар’яцкай. Потым ён усю краіну ператварыў у вар’ятню, - з інтанацыяй лаянкі выдыхнуў Петрыт, але тут жа змяніў танальнасць на больш лагодную. - У Дзіракастры нарадзіўся і наш самы знакаміты пісьменнік Ісмаіль Кадарэ. Чуў пра такога?

Мікола патрос галавой.

- Збег у Парыж у 90-м годзе. Там яго цяпер друкуюць, - Петрыт керхануў, збіў попел з цыгарэты, - кажуць, на Нобелеўскую прэмію вылучылі.

- А што за арганізацыя, якой мы груз прывезлі? - запытаўся ў сваю чаргу Мікола. Ён спрабаваў даведацца пра тое ў Гомелі, але ўцямнага адказу так і не атрымаў.

- «Jeta e Rе» - «Новае Жыццё» значыць. Евангельская суполка. Замовіла ў вашай друкарні наклад «Евангелля», ну і заадно матрацы закупіла. Грошы ім нейкая міжнародная пратэстанцкая кантора дае, - над галавой Петрытавай пачаў кружляць начны матылёк. - У свой час за «Евангелле» «сігурымі» магло і на той свет выправіць.

- А «сігурымі» - гэта што такое?

- КДБ па-вашаму. Але яшчэ больш страшнае.

Пасля таго яны дапальвалі цыгарэты моўчкі.

Вакно пакою, у якім спалі, было расчынена, і знадворку не далятала аніводнага зыку. Панавала мёртвая ціша, і толькі калі прыслухацца, можна было пачуць мерны стук гадзінніка за сценкай.

Плюхаючыся ў пасцель, думаў - закрые вочы і адразу ж праваліцца ў сон. Але сон не ішоў, і ў галаве мільгала ўсё тая ж разбітая тракамі дарога, сіняе мора і бурапенная рака, што білася ў край скалы і шумела на дне каньёна.

- Мікола, а ці не мог бы ты зрабіць адну паслугу? - Петрыт ляжаў пад самым вакном і, як заўсёды, паліў цыгарэту.

Мікола прыўзняў галаву.

- Я тут калісьці, трыццаць гадоў таму, ліста напісаў. Ужо і папера пажаўцела. Трэба перадаць.

- Жанчыне? - запытаўся Мікола і зразумеў, што мог бы і не пытацца. - Уздыхнуўшы на поўныя грудзі, госць таксама прыпаліў цыгарэту, зацягнуўся і адчуў, што ад ад цыгарэтнага дыму яго пачынае нудзіць.

- Дзяўчына тая ў Якубоўцы жыла, за ракой. Забыўся вось, як рака называецца.

- Сож, - працадзіў Мікола і закашляўся. - А чаму адразу, трыццаць гадоў таму, не паслаў?

- Паслаў быў, ды ліст назад вярнуўся. А потым мяне з-за яго ў тое самае «сігурымі» цягалі. Добра, швагер дапамог, ды бацька герой вайны, разам з Энверам ваяваў, а так бы і я мог з кіркай на плячы ў медныя капальні спусціцца. У 61-м годзе шмат каго пасадзілі, хто ў Саюзе вучыўся. Мы вось у Гомелі ўтрох былі. Дык хлопцу, з якім жылі ў адным пакоі, адразу ж па вяртанні чатыры гады далі. За шпіянаж на карысць рэвізіяністаў,

- Петрыт доўга маўчаў, потым шпурнуў у вакно недапалак. - Яе, тую дзяўчыну, Надзеяй звалі. На першым курсе вучылася.

- А што, у вас былі сур’ёзныя намеры?

- Былі. Ды добра, што не рэалізаваліся. Калі б яе сюды прывёз - ад­разу б за кратамі апынулася як савецкая шпіёнка. Амаль усіх жанок, што з албанцамі пабраліся, перасадзілі. Імі, казалі, асабіста Энверава жонка займалася. Мы яе міжсобку Чорным Павуком называлі.

- А жыва яшчэ?

- Хто? Нэджміе? Жыва! У вязніцы сядзіць.

“Гэта ж трэба - павязу чалавеку ліста, трыццаць гадоў таму напісанага», - падумаў Мікола. Ён хацеў яшчэ нешта спытаць, - але твар перакрывіў адчайны позех. Толькі прамармытаў штосьці няўцямнае, прыдушыў у попельніцы цыгарэту і тут жа засоп, сціснуўшы кулакі на грудзіне. І нават у сне кулакі то сціскаліся, то расціскаліся, надзейна трымаючы руль, і перад вачамі мільгала ўсё тая ж разбітая дарога і бу­рапенная рака шумела на дне каньёна.