V
Са свінцовага неба церусіў дакучлівы дождж. Была нядзеля, і ад адчування, што гэтай парой можна паваляцца ў пасцелі, а даводзіцца стаяць пад дажджом ды чакаць аўтобус, настрой дарэшты сапсаваўся.
Спачатку яны стаялі ўдвух з Дрытэра, потым падышоў фокуснік з механічнага факультэта - Петрыт нават не ведаў ягонага прозвішча, - потым падбеглі астатнія, і, нарэшце, у канцы вуліцы мільганула няўклюдная постаць Бяльзацкага. «Камсамольскі бог» шыбаваў па ходніку, цягнучы пад пахай загорнуты ў коўдру акардэон.
- Усе з’явіліся? - запытаўся Бяльзацкі.
- Усе, - адказаў фокуснік і дапамог камсамольскаму сакратару ямчэй спавіць інструмент, бо край коўдры матляўся ля самай зямлі.
- Мінулым разам, як у Свяцілавічах выступалі, забыўся футарал у клубе, цяпер вось мучся, - Бяльзацкі перакінуў акардэон на левую руку. - Па дарозе, у Якубоўцы, першакурсніцу падхопім. Будзе нумары абвяшчаць..
Дождж тым часам паволі аціх і перайшоў у буйную імжаку.
«Спалі б зараз, дык не... падняліся яшчэ прыцемкам і мокнем, як цуцыкі, - падумаў Петрыт і незадаволена пакасіўся на сябра, - а ўсё з-за Дрытэра... собіла яму набываць той кларнет».
Яны з Дрытэра вучыліся ў адной групе і жылі ў адным інтэрнацкім пакоі. Бацька ў сябра знакаміты музыка, граў на кларнеце ў ансамблі Народнай арміі. Ну і сын, вядома, авалодаў інструментам. Мог збацаць не толькі народныя мелодыі, але і класічную музыку. Пару месяцаў таму, як толькі прыехалі на заняткі, сябар «здаў», як казалі студэнты, прывезеныя з дому цыгарэты разам з дзвюма пляшкамі каньяку «Скандэрбег» і набыў сабе кларнет. І цяпер амаль кожнага вечару граў на ім. Напачатку верасня ў пакоі адчынялі вакно, дык пад ім нават людзі збіраліся, каб паслухаць музыку, і хто-небудзь знадворку абавязкова гарлаў: - «Маленькую кветку» збацай!» Гэтае танга тут было вельмі папулярнае. Увогуле дзіўна, што сябар пайшоў у тэхнічны інстытут, а не ў кансерваторыю. Калі ж хто пытаўся пра тое, Дрытэра ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказваў: люблю кларнет, але яшчэ больш люблю паравозы.
І вось, нечакана для саміх сябе, яны з сябрам выступілі на інстытуцкай вечарыне. Ён, Петрыт, спяваў албанскае танга з рэпертуару Рудольфа Стамболы, а Дрытэра акампаніраваў на кларнеце. Давялося два разы на «біс» выходзіць. Нават выкладчыкі з месцаў паўсталі і білі ў ладкі. Ну а камсамольскі сакратар Бяльзацкі, сам фаховы акардэаніст, таго ж вечара загадаў рыхтавацца да шэфскага канцэрта.
Прабіваючы цьмяным святлом фараў ранішні змрок, да інтэрната пад’ехаў аднадзверны аўтобус. Баяністы з Бяльзацкім кінуліся ў інтэрнат і вынеслі адтуль два баяны, заднік сцэны - з малюнкам цеплавоза - і яшчэ вялізную балалайку. Петрыт нават не мог дабраць розуму - як на ёй граюць. Балалайка, аднак, не лезла ў дзверы, і яе занеслі назад у інтэрнат.
Петрыт сядзеў адзін на перадапошнім сядзенні - Дрытэра прымасціўся наперадзе, каб перакінуцца ў карты, - і, прыціснуўшы скронь да мокрага вакна, згадваў родную Дзіракастру. На радзіме зараз было цёпла. Якраз саспелі ягоныя ўлюбёныя гранаты і на кірмашах цяпер ляжалі цэлыя горы гэтых цвёрдых, як камень, фруктаў. У маладосці ён любіў іх разломваць, лізаць палітыя сокам пальцы і глядзець на рубінавыя зярняты, якія здаваліся казачнымі каштоўнымі камянямі. Ад таго ўспаміну асца стала кіслай, і ён зморана ўздыхнуў.
Дзесьці на гарадской ускраіне аўтобус спыніўся, хтосьці ўвайшоў у салон, і над самым вухам прагучала: «У вас свабодна?»
Ён расплюшчыў вочы, прамармытаў: «Свабодна», - і поруч з ім села, прыціснуўшыся сцягном да ягонага сцягна, бялявая дзяўчына. Петрыт спалохана адсунуўся да вакна. На ягонай радзіме дзяўчына калі б і прымасцілася побач, дык на самы край сядзення. А тут дзеўкі плюхаліся ледзь не на калені.
Петрыт пакасіўся на спадарожніцу і згадаў, што бачыў гэтую дзяўчыну на інстытуцкіх калідорах. І нават вылучыў яе сярод іншых студэнтак: у спадарожніцы былі бялявыя, сабраныя ў тоўстую касу валасы і шэрыя, усё адно як дымныя, вочы, якія цяпер глядзелі на яго з-пад узнятых ад ветлівай усмешкі броваў. На добры лад, трэба было нешта сказаць, даведацца - як завуць шэравокую бялянку, - але ён сядзеў ёлупнем, падбіраючы патрэбныя словы, і ніяк не мог нічога падабраць. На шчасце, дзяўчына сама падала голас.
- А вы албанец?
Петрыт страсянуў галавой на знак згоды, і дзяўчына паглядзела на яго з недаверам уваччу.
- Ну як жа... а на вечарыне, са сцэны, казалі што вы з Албаніі.
- Так, з Албаніі... проста ў нас калі з чым пагаджаешся, трасеш галавой, а калі з чым не згодны, ківаеш.