Выбрать главу

Спадарожніца хвіліну маўчала, разважаючы, відаць, ці варта таму даваць веры.

- А якая ў вас колькасць насельніцтва?

- Адзін мільён шэсцьсот тысяч, - выдаў Петрыт, і дзяўчына склала вусны банцікам:

- У-уу... дык гэта столькі ж, колькі ў нашай Гомельскай вобласці.

Петрыт адвёў убок вочы. Яму, упершыню за час вучобы ў Саюзе, стала няёмка з-за таго, жыве ў такой маленькай краіне.

- А колькі вас, албанцаў, у інстытуце вучыцца?

- Ну я, - голас Петрытаў злёгку здрыгануўся, - вунь яшчэ Дрытэра, у карты грае. - Сябрук тым часам ляпнуў ніжнікам па вялікім бубне, які выкарыстоўвалі ў якасці стала. - Яшчэ адзін ёсць, з чацвёртага курса.

Ладны час яны ехалі моўчкі, і Петрыт, дарэшты асмялеўшы, усё тым жа дрогкім голасам прамармытаў:

- А я вас у інстытуце бачыў. І вы мне адразу спадабаліся.

- А мне спадабалася, як вы албанскае танга спявалі. Яно ў мяне і зараз у вушах гучыць. Будзеце сёння спяваць?

Петрыт жартам кіўнуў, ды так імпэтна, што стукнуўся лбом аб білу сядзення. Дзяўчына засмяялася і паведаміла, што прагне набыць кружэлку з запісам танга, а Петрыт, парывіста перавёўшы дых, падумаў: як бы гэта выцыганіць у сябра тую кружэлку? Дрытэра прывёз яе з Тыраны і часцяком круціў у інтэрнацкім чырвоным кутку. І яшчэ пазычаў Бяльзацкаму, калі той падбіраў мелодыю танга на акардэоне.

Аўтобус з’ехаў з асфальту на брукаванку, і за мокрай шыбай бясконцым шыхтом пабеглі размытыя стаўбуры бяроз. Ён дзвюма рукамі трымаўся за білу сядзення, кідаў палкія позіркі на спадарожніцу і думаў: «Вось так бы ехаць і ехаць, магчыма, усё астатняе жыццё...», - і кожнага разу ўздрыгваў, калі на паваротах дарогі бялявая спадарожніца краналася сваім сцягном ягонага сцягна.

У клубе было халодна і знобка. Нават рукі млелі, і даводзілася на іх хукаць ды паціраць далоні. А можа рукі млелі і не ад холаду, а ад хвалявання? Бо выступаць даводзілася перад незнаёмымі людзьмі, якія запоўнілі клуб, і, галоўнае, перад бялявай першакурсніцай. Да свайго сораму, ён нават не спытаў - як яе завуць. Між тым бялянка абвясціла чарговы нумар - і на сцэну выйшаў фокуснік.

Петрыт стаяў за кулісамі і глядзеў, як штукар, голасна ікнуўшы, раз за разам выцягваў з роту тэнісны шарык. Пасля кожнай ікаўкі фокуснік зводзіў вочы да пераносся, і зала гучна рагатала.

- Зараз мы з Дрытэра выступаем, а потым ты выйдзеш, - штурхнуў яго краем акардэона Бяльзацкі, і ў Петрыта ад хвалявання нават спацелі рукі.

Неўзабаве зала выбухнула воплескамі, і Бяльзацкі, прайшоўшыся пальцамі па клавіятуры, рушыў на сцэну.

Загучала «Маленькая кветка», і хваляванне вомігам адступіла. Проста бялянка, што стаяла на другім канцы кулісаў, махнула яму аркушыкам з канцэртнай праграмай, - маўляў, рыхтуйся, зараз твой выхад, - і ён забыўся і пра хваляванне, і пра перапоўненую залу, і пра ўсё на свеце, і бачыў толькі шэравокую дзяўчыну ў сукенцы з «ліхтарыкамі» на плячах.

- Студэнт трэцяга курса Петрыт Прыфці выканае албанскае танга, - пару чалавек ударылі ў ладкі, потым усё аціхла, і ён выйшаў на сцэну. З невядомай прычыны памацаў мікрафон, зірнуў на Дрытэра і сябар, удыхнуўшы паветра, прыклаў вусны да кларнета. Сумная мелодыя паплыла над людскімі галовамі. Яна прыляцела немаведама адкуль і, здавалася, выпадкова загучала тут, у сінім ад папяроснага дыму і людскога дыхання клубе. Неўзабаве, кароткімі акордамі, зайграў Бяльзацкі, і Петрыт наблізіў вусны да мікрафона.

Спачатку ён не пазнаў уласнага голасу - голас злёгку дрыжэў, але не ад хвалявання. Гэта было трымценне шчаслівай дуты. Пасля першага куплету ён мелькам зірнуў за кулісы. Дзяўчына стаяла нерухома, і ля яе ног, на падлозе, ляжаў аркушык з напісанай Бяльзацкім праграмай.

Потым ён спяваў на «біс», нейкая вясковая кабета выйшла на сцэну і працягнула пук мокрых восеньскіх кветак, Бяльзацкі з Дрытэра шматзначна пераглянуліся, і бялявая дзяўчына біла разам з астатнімі ў ладкі і шчасна пасміхалася яму з-за кулісаў.

Пасля канцэрту ў клуб завітаў старшыня калгаса з трыма бутэлькамі гарэлкі і рознымі прысмакамі. І хаця піць гарэлку ім, албанскім студэнтам, было забаронена, Петрыт выпіў паўшклянкі. З непрывычкі адразу ж закружылася галава, і ён, апынуўшыся ў сваім галавакружным свеце, неадрыўна глядзеў у той бок, дзе сядзела Надзя - так звалі бялянку. У думках ён ужо ахрысціў яе па-албанску - Шпрэсай. Бо менавіта так гучала на ягонай мове салодкае слова Надзея.

Калі сядалі ў аўтобус, ён зайшоў апошнім і з панылым сэрцам заўважыў, што Бяльзацкі плюхнуўся на сядзенне поруч з Надзяй, але дзяўчына, паляпаўшы таго па плячы, прамовіла: «Гэта месца занятае».