Яны ехалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы і прыціснуўшыся адно да аднога плечукамі. Спадарожнікі гарлалі песні, кулялі чарку, Дрытэра спрабаваў граць на кларнеце, а ўжо дарэшты ўпіты Бяльзацкі раз за разам гукаў тост за савецка-албанскае сяброўства, але Петрыт нічога гэтага не чуў і не бачыў. Ён проста плыў, шчаслівы і бязважкі, на хвалях шалёнага кахання.
Аўтобус, бразнуўшы сваім жалезным нутром, спыніўся. Надзея працерла рукой запацелую шыбу, падхапілася на ногі, з ціхім шкадаваннем у голасе прашаптала: «Я выходжу».
Наўкол панавала цемра і дзесьці на доле ляжала гронка дрогкіх агеньчыкаў.
- Ты можаш спазніцца ў інтэрнат, - прамовіла дзяўчына перад тым, як скочыць з прыступкі.
Дапамагаючы выйсці з аўтобуса, ён схапіў дзяўчыну за руку і не выпусціў нават калі тая паспрабавала, з відавочнай неахвотай, яе вызваліць. Узяўшыся за рукі, яны збеглі з дарожнага адхону і агледзеліся. Там, за ракой, гарэў агнямі горад, а тут, у прыбярэжнай вёсцы Якубоўка, было цёмна, і толькі адзін самотны ліхтар, што стаяў на вясковай вуліцы, спрабаваў змагацца з цямрэчай. Сэрца парывіста білася ў грудзях, і Петрыт, каб суняць хваляванне, кашлянуў у далонь.
- А вы тут жывяце?
- Я сама з Бабруйску. А тут пакой здымаю. У адной добрай жанчыны.
- А чаму не ў самім горадзе?
- У горадзе задорага, - з уздыхам адказала дзяўчына, і Петрыт адчуў, што задае недарэчныя пытанні.
- Сумна вам тут? - запытаўся ён пасля паўзы, адчуўшы, што Надзея, відаць, міжволі, сціснула ягоныя пальцы.
- Мне тут весела, як нікому. У гаспадыні дачка, на два гады ад мяне старэйшая. У «Культтаварах» працуе. Набыла кружэлак аж сорак чатыры штукі! Учора якраз пералічвала. Круціць іх цэлымі вечарамі. Займацца немагчыма.
Яны дайшлі да ліхтара і Надзея мочкі кіўнула на цёмную хату.
Петрыт сумеўся. Думаў, будуць ісці і ісці па гэтай самай Якубоўцы, а тут раптам трэба развітвацца. Ён вызваліў дзявочую руку, і Надзея, панурыўшы долу густыя вейкі, прашаптала:
- Я ледзь не расплакалася, калі ты спяваў.
Потым цмокнула аслупянелага спевака ў шчаку і, рыпнуўшы веснічкамі, знікла ў цемры.
У хаце засвяціўся, а потым патух зялёны абажур, дзесьці на другім канцы вуліцы азваліся пеўні, рыпнуў гармонік, а ён усё стаяў у коле рухавага святла, прыціснуўшы далонь да гарачай шчакі.
Раніцаю яго абудзіў Дрытэра.
- Уставай, гуляка.
Сябар ужо быў апрануты і гучна боўтаў лыжкай у шклянцы.
- Вось даведаецца Какошы, што па начах цягаешся і да хаты выправіць.
Какошы вучыўся на чацвёртым курсе і сачыў, каб ні ён, Петрыт, ні
Дрытэра не парушалі правілаў паводзінаў, якія яны, яшчэ перад адпраўкай у Саюз, мусілі вывучыць на памяць. Дрытэра казаў, што гэты смярдзяк нават кандуіт завёў, куды запісваў усе іхныя «грахі».
- Ты з ёю хаця б пацалаваўся? - запытаўся сябар, выціраючы пот з ілба, і ў гэты момант у пакой нячутна ўвайшоў той самы Какошы.
- Ну як канцэрт?
- Магутна! - Дрытэра задаволена крахтануў і сёрбнуў гарбаты. - Клуб ледзь не разнеслі ад воплескаў. Бяльзацкі кажа, што атрымаем граматы гаркама камсамолу. І Тодзі Любоню збіраецца ліста пісаць... з падзякаю за наш удзел у мастацкай самадзейнасці. - Тодзі Любоня быў першым сакратаром Звязу працоўнай моладзі Албаніі, і пасля мітынгу, калі іх выпраўлялі ў Саюз, паціснуў руку кожнаму студэнту.
- Добра, калі так, - муркнуў Какошы і гэтак жа нячутна знік за дзвярыма.
- Смярдзяк, - выдыхнуў яму ў след Дрытэра і гучна бразнуў аб стол зборнікам задач па супрамаце.
- А што, Бяльзацкі сапраўды збіраецца нам граматы даваць? - Петрыт, з цяжкасцю патрапіўшы нагой у калашыну, нацягнуў нагавіцы.
- Можа і збіраўся, а цяпер не дасць, - сябар піхнуў зборнік задач у пацёхканы партфель. - І ведаеш чаму? Таму што паклаў вока на дзяўчыну, а ты яе ўчора перахапіў.
Петрыт раптам знерухомеў, і сябар, ляпнуўшы яго па спіне, бадзёрым голасам выгукнуў:
- Давай, варушыся... на заняткі спазняемся.
VI
Масква сустрэла дробным дажджом і шэрым ранішнім прыцемкам. За вакном праплыў перон Кіеўскага вакзала, і цягнік, тузануўшыся на астачу, спыніўся.
Сустракаў албанскую дэлегацыю Хрол Казлоў - правая рука Хрушчова.
- Вітаем вас на савецкай зямлі, - прамовіў Казлоў, зняўшы капялюш. У хрушчоўскага памагатага была вялікая гламаздаватая галава, укаранаваная сівымі хвалістымі валасамі.
Энвер парукаўся з тузінам савецкіх чыноўнікаў, адзначыўшы, што традыцыйных піянераў з кветкамі на пероне не было, аднак рота ганаровай варты стаяла роўным шыхтом, і ваенны аркестр ужо гатовы быў грымнуць гімн ягонай краіны.