У адказ албанскія таварышы завялі катрынку пра югаслаўскіх рэвізіяністаў, іх савецкія калегі, у сваю чаргу, сталі абвінавачваць Энвера ў расколе камуністычнага руху, потым сталі высвятляць - каму належыць ваенна-марская база ва Улёрскай бухце, нарэшце Хрушчову абрыдла ўся гэтая балбатня, ён падняўся на ногі і заявіў: «Вы на мяне плюяце! З вамі немагчыма размаўляць!» І албанцы, нават не развітаўшыся, ціхенька выслізнулі з кабінета.
Праз чатыры дні прыспеў час зачытаць спавешчанне.
Вялізная Георгіеўская зала гарэла ўсімі сваімі кандэлябрамі і цені ўдзельнікаў нарады, якія ішлі займаць свае месцы, нагадвалі чорныя кветкі. Амаль усе ўдзельнікі ўжо сядзелі за сталамі, суцішна перамаўляліся, утвараючы бязладны шум, і раз-поразу пазіралі на атвор разнасцежаных дзвярэй. Усе чакалі з’яўлення савецкай дэлегацыі. Неўзабаве шум прыкметна пацішэў, і ў залу дробным імпэтным крокам увайшоў Хрушчоў. Следам за ім, віхлястай чарадой, паспявалі брывасты Брэжнеў; сухарлявы, з віслай чупрынай на лобе, Суслаў; пахілы і зморшчаны, што той смаржок, Мікаян.
Мікіта кінуў на стол тэчку з паперамі, грузна сеў у крэсла, і сёмае па ліку паседжанне нарады пачалося.
Залу накрыла звонкая цішыня, зашамацелі паперы на стале старшыні.
- Слова мае першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Албанскай партыі Працы таварыш Энвер Ходжа.
Энвер падышоў да моўніцы, абцягнуў пінжак і, кашлянуўшы ў жменю, прамовіў:
- Дарагія таварышы! Цяперашняя Нарада камуністычных і рабочых партыяў мае для міжнароднага камуністычнага руху гістарычнае значэнне...
Албанская дэлегацыя сядзела ў тарцы стала, як бы ў прэзідыуме, а савецкая праваруч, зусім непадалёку, і Энвер, чытаючы тэкст, час ад часу перарываўся і зыркаў на Хрушчова. Напачатку савецкі кіраўнік быў насцярожаны - сядзеў, прыціснуўшы да правага вуха навушнік, - потым злёгку абмяк, адкінуўся на спінку крэсла. Вырашыў, відаць, што прамоўца адумаўся і ў апошні момант выкінуў са спавешчання крытыку на ягоны адрас. Аднак прамоўца загаварыў пра злачынную банду Ціта, і Хрушчоў пасур’ёзнеў, калі ж Ходжа заявіў, што палітыка савецкага лідэра - гэта пародыя на Леніна, савецкі лідэр зняў, а потым зноў надзеў навушнікі, па якіх транслявалі сінхронны пераклад, а калі Ходжа пачаў казаць пра шантаж і пагрозы з боку савецкіх кіраўнікоў, у зале пачаўся лёгкі шум, і Хрушчоў выцер хусцінкай пот з патыліцы.
Нарэшце прамоўца скончыў, у зале пачуліся кволыя воплескі - у ладкі білі некалькі азіятаў і мурынаў, якія, відаць, не слухалі прамовы, - пасля чаго Георгіеўская зала азвалася абураным гудам. Праз колькі хвілінаў да аднаго такога азіята нахіліўся нехта з рэферэнтаў, штосьці шапянуў на вуха, і твар удзельніка нарады пакрыў нездаровы румянец. Гэты дзеяч, як і ўсе астатнія прадстаўнікі камуністычных і рабочых партый, карміўся з хрушчоўскай рукі, і гэтыя воплескі маглі яму сур’ёзна нашкодзіць.
Энвер выйшаў у фае, сабраў вакол сябе сваю чэлядзь, ледзь чутна паведаміў:
- На лецішча больш не паедзем. Знаходзіцца там небяспечна. Перабіраемся ў нашую амбасаду.
Пасля перапынку нарада аднавіла сваю працу. Як і чакаў Энвер, на яго пасыпаліся перуны і маланкі.
- Сёння я пачула, магчыма, самы ганебны з часін Троцкага выступ у гісторыі міжнароднага камуністычнага руху, - прамаўляла прыціхлай зале іспанская камуністка Далорэс Ібаруры, пазіраючы ў ягоны бок. На галаве ў Далорэс была традыцыйная чорная хустка, з-пад якой выбіваліся злавесна-сівыя валасы.
«Вылітая ведзьма», - падумаў Энвер і дэманстратыўна зняў навушнікі.
Цяпер толькі адно займала ягоныя думкі: як жывым і здаровым выбрацца з рэвізіянісцкай Масквы. Ён мусіў ляцець дахаты 2 снежня, гэдээраўскім летаком. Яшчэ шаснаццаць дзён глядзець на гэтыя пысы - Энвер мелькам зірнуў на Мікаяна, - і слухаць абразы на свой адрас? Ды і прыкончыць могуць, як таго небараку-Берута. Не, трэба адсюль даваць хадала, і чым раней, тым лепш. На такі выпадак быў падрыхтаваны аварыйны варыянт «эвакуацыі»: ехаць цягніком да Варшавы, затым да Вены і, праз Аўстрыю і Італію, да порта Бары, дзе яго павінен чакаць албанскі самалёт. Ды і нагода ёсць знікнуць з нарады дачасна: 29 лістапада галоўнае дзяржаўнае свята Албаніі, і ён мусіць на ім прысутнічаць.
«Пакіну ў Маскве двух сваіх намеснікаў - хай яны тут з Хрушчовым і разбіраюцца», - падумаў Энвер і парывіста перавёў дых.
Хуткі цягнік «Масква-Варшава» ляцеў на захад, трывожнымі гудкамі скаланаючы цемрань лістападаўскай ночы.
Энвер ляжаў на мяккім вагонным лежаку, прыслухоўваўся да навакольных зыкаў і прымружанымі вачыма паглядаў на лямпу, што ў начным рэжыме, у чвэрць напалу, кволілася пад столлю. Усё ж такі ён баяўся за сваё жыццё. За дзвярыма, на калідоры, стаялі целаахоўнікі, але што яны маглі зрабіць, калі цягнік спыніцца ў якой-небудзь Вязьме і ў вагон уваб’юцца да зубоў узброеныя людзі? І вось у той самы момант вагон страсянула, і правае плячо прыціснулася да сценкі: цягнік стаў скідваць хуткасць. За плюшавай фіранкай панавала цемра, і толькі самотны агеньчык мігатлівай зоркай плыў за вакном. Агеньчык амаль спыніўся, застыў пасярод непрагляднай ночы, але, на шчасце, міргнуў зялёным святлом і паплыў, паволі набіраючы хуткасць.