«Хрушчоў больш не дасць ні капейкі. Магчыма, пачне блакаду. Так што ўся надзея на кітайцаў», - падумаў Энвер, захінуўшы фіранку. Хвалявала тое, што Чжоў Энь-лай, які ачольваў кітайскую дэлегацыю, сядзеў на нарадзе, як мумія, і не думаючы даваць бой Хрушчову.
Цеплавоз падаў сігнал - густы і сіпаты.
Цяпер было зразумела: усё скончыцца эканамічнай блакадай. «Уся надзея на кітайцаў», - каторым разам паўтарыў ён у думках.
Трэба было заснуць, але сон аніяк не ішоў, і ўваччу раз за разам паўставалі то кіслая пыса Мікаяна, то мокры вакзальны перон, то шэры капялюш Казлова, які прамільгнуў ля самага носа, то шчаслівыя твары студэнтаў - тых самых, што сустракалі яго на маскоўскім вакзале. «Студэнтаў давядзецца адклікаць», - паспеў ён падумаць, перш чым панурыцца ў сонную замарач, якая складалася з няўцямнага грукату колаў і дакладнага ўсведамлення, што вакол яго бязмежны расейскі прастор і цёмная ноч, у якой хаваецца небяспека. І вось ужо ўваччу паўстаў не мокры асфальт, а пыльная брукаванка. Ён, васямнаццацігадовы хлопец, стаіць на пляцы перад Базарнай мячэццю ў сваёй роднай Дзіракастры і развітваецца з дзяўчынай, якую кахаў у юнацтве і імя якой - у сне - аніяк не мог узгадаць. Ён з’язджаў у Корчу, вучыцца ў ліцэі, а дзяўчына заставалася ў Дзіракастры і, паціснуўшы ягоную руку, умольна прашаптала: «Не забывай мяне!»
Цягнік тузанула, і ён спалохана прыхапіўся. Здаецца, і заснуў на імгненне, але ў пройму няшчыльна зацягнутай фіранкі ўжо цадзіўся сіні, як малочны адгон на краю конаўкі, світанак. Ён накінуў на плечы палітон, адсунуў дзверы купэ. Ахоўнік, што стаяў ля вакна, выцягнуўся ў струну. Зірнуўшы па баках, Энвер запытальна кіўнуў на сіняе вакно.
- Толькі што Оршу прамінулі, таварыш Энвер.
- Дзе гэта?
- Беларусь, таварыш Энвер.
Ноччу выпаў снег, рэдкі як перхаць, шэрымі палосамі прыкрыўшы зямлю. У сутонні сіняга ранку мільгануў нейкі паўстанак, купка цёмных хат, прыцярушаныя снегам кусты і далягляд захінуў дрымотны лес, пазначаючы рух цягніка мітусеннем меднаствольных хвояў.
Беларусь... таксама, як і Албанія, партызанскі край, - Энвер амаль усутыч наблізіў твар да шыбы, - але мы хаваліся ад ворага ў гарах, а беларусы ў лесе. Яму згадалася, як такой жа маласнежнай парой немцы з балыстамі атачылі ягоны штаб, і давялося разам з байцамі-партызанамі караскацца па гарах, выходзячы з акружэння. Цяпер ужо ні ў лесе, ні ў гарах не схаваешся. А таму ён ператворыць сваю краіну ў непрыступную фартэцыю, - рукі машынальна сціснулі вагонны поручань. Толькі б да- памаглі кітайцы... толькі б дапамаглі...
VII
Дрытэра з Петрытам стаялі на інстытуцкім ганку і палілі. Заняткі скончыліся, і абодва вырашылі звадзіць сваіх дзяўчат у кінатэатр. Якраз сёння круцілі фільм «Каханнем трэба даражыць» беларускай кінастудыі, які Надзея прагла паглядзець. Настрой у абодвух быў вясёлкавы і бесклапотны. Дрытэра нарэшце займеў сабе сяброўку - светлавалосую Святлану з факультэта эксплуатацыі чыгункі - а Петрыт збіраўся на святы завітаць з Надзеяй у Бабруйск ды пазнаёміцца з яе маці.
- Калі Какошы будзе мной цікавіцца, скажы - на канцэрт паехаў, - казаў Петрыт сябру, пыхкаючы цыгарэтай і паглядаючы на ўваходныя дзверы. Албанскім студэнтам забаронена было з’язджаць з горада, таму і даводзілася ўсяляк выкручвацца.
З інстытуцкіх дзвярэй выкуліўся гаманкі натоўп, Дрытэра выцягнуў шыю, пазіраючы паўзверх людскіх галоў, і твар ягоны перакасіла. Смярдзяк паўзе, - прамармытаў, амаль не варушачы вуснамі. Смердзяком сябар называў Какошы. І сапраўды, насустрач ім, заклапочана азіраючыся, шыбаваў чацвёртакурснік.
- Так... абмалёўваю сітуацыю ў тэлеграфным стылі, - яшчэ здалёк, з інтанацыяй лёгкай панікі, пачаў Какошы. - Толькі што тэлефанавалі ў канцылярыю. Мы тэрмінова едзем на вакацыі. Сёння атрымліваем дакументы і ўвечары, цягніком, выязджаем у Адэсу.
Такая навіна не на жарты ўразіла Петрыта. Хвіліну ён стаяў анямелы і ачуўся толькі тады, як прыпаленая цыгарэта апаліла пальцы, і ён шпурнуў яе пад ногі.
- Якія вакацыі? Мы ж яшчэ іспыты не здавалі! - выгукнуў тым часам Дрытэра ўжо з інтанацыяй сапраўднай панікі. - І куды так спяшацца? Далі б хаця дзень на зборы.