Выбрать главу

- Параход у Адэсе доўга стаяць не можа. І яшчэ... - Какошы азірнуўся, пачакаў, калі пройдзе збой студэнтаў. Хаця яны і размаўлялі на сваёй мове, Смярдзяк заўсёды асцерагаўся чужых вушэй. - ...Нікому пра свой ад’езд не кажыце. Ад’язджаем ціха. І пажадана, - Какошы зірнуў на Петрыта, - каб на пероне нікога не было.

- Не, ты чуў? Вось гэта навіна! - прамармытаў Дрытэра, пазіраючы ўслед чацвёртакурсніку.

Сябар яшчэ штосьці казаў, але Петрыт яго не пачуў. Бо ўжо ўзбягаў па прыступках, па ходу ледзь не збіўшы з ног прафесара кафедры гісторыі КПСС, заляцеў у калідор, падбег да раскладу заняткаў, каб паглядзець - дзе займаецца Надзейчына група, і пачуў знаёмы голас:

- Пеця, я тут!

Надзея са шчаслівай усмешкай на твары стаяла пасярод інстытуцкага калідора, не зважаючы на штуршкі ў спіну - пасля заняткаў студэнты бязладным натоўпам рушылі ў шатню, і ў гэты момант не варта было стаяць у іх на дарозе.

Усмешка вомігам збегла з дзявочага твару.

- Што здарылася?

- Я сёння з’язджаю.

- Куды?

- На вакацыі.

Дзяўчына выпусціла з рук партфель, і той мякка чвякнуў аб падлогу.

- З’язджаеш... а як жа я?! Мы ж збіраліся ехаць у Бабруйск, да маёй мамы!

- Надзя, у нас вельмі мала часу, - ужо зусім апалым голасам прамовіў Петрыт, і дзяўчына, усхліпнуўшы, тыцнулася носам у штрыфель ягонага пінжака.

- Ну што ты... ну навошта гэтыя слёзы? Пры канцы жніўня вярнуся... - прамовіў Петрыт роблена бадзёрым голасам, і дзяўчына страсянула галавой:

- Не... я ведаю... мы больш ніколі не сустрэнемся.

Непадалёку адчыніліся дзверы аўдыторыі, і калідор скалануў вясёлы галас і гучная тупаніна. Але чым бліжэй падыходзіў гаманлівы натоўп, тым больш ціхім рабіўся галас, і тупат пераходзіў у стоены шоргат, і студэнты з двух бакоў абміналі закаханых, як рака абмінае пяшчаную выспу, пры гэтым хлопцы сарамліва панурвалі вочы, а дзяўчаты, якіх было зусім няшмат, глядзелі на іх шырокімі вачыма - з цікаўнасцю і нават са страхам.

Праз паўгадзіны, ускалмачаны і расхлістаны, Петрыт заляцеў у свой пакой. Сябар ужо рыхтаваўся да ад’езду: на стале стаяла валіза, а на падлозе, у поўным бязладдзі, ляжалі вопратка, падручнікі, канспекты ды іншы хломазд.

- Прадай! - задыхана прамовіў Петрыт, выціраючы ўзмакрэлую лабаціну.

Сябар зірнуў на яго здзіўленымі вачыма.

- Кружэлку прадай, з албанскім танга!

У адказ Дрытэра гучна пстрыкнуў зашчапкамі фібравай валізы:

- Не магу, абяцаў Святлане падараваць.

Петрыт плюхнуўся на калені, дастаў з тумбачкі кітайскі тэрмас, кінуў у расчыненую сябрам валізу. Тэрмас ён набыў для бацькі, які працаваў на будоўлі і пакутаваў ад язвы.

- Ладна, забірай, калі ўжо так прыпякло, - Дрытэра паставіў тэрмас назад у тумбачку.

Схапіўшы кружэлку - яна была ў зялёным канверце - Петрыт кінуўся да дзвярэй, але тут жа вярнуўся. Дрогкімі рукамі выцягнуў з нутраной кішэні асадку, паспрабаваў штосьці напісаць на ражку канверта, але асадка не пісала, і ён ляснуў яе аб падлогу.

- Дай сваю! - крыкнуў, не пераводзячы дыхання.

- І маю ляснеш? - паспрабаваў пажартаваць Дрытэра, але, зірнуўшы на сябра, спешна працягнуў асадку.

Асадка пісала чорным атрамантам, і Петрыт, перавёўшы дых, размашыста напісаў: «Не забывай мяне!»

Хаця ён і папярэдзіў Надзею, каб тая не прыходзіла на вакзал - не хацелася заядацца са Смердзяком, ды і навошта праліваць лішнія слёзы,

- але ўсё адно аж да самай апошняй хвіліны паглядаў у закуранае паравозным дымам вакно, у спадзеўцы, што дзесьці на ўскрайку перона мільгане блакітная хусцінка. Цягнік скрыгатнуў сваім жалеззем, скрануўся з месца, і ў вакне з урачыстай павольнасцю праплыў будынак вакзала. Петрыт узлез на верхнюю паліцу, кульнуўся тварам да сценкі і стаў думаць пра тое - што ён напіша ў сваім першым лісце, - і гарачы нос ягоны мерна, у такт хістанню вагона, тыцкаўся ў халодную перабойку.

VIII

Прамінуў красавік, белым бэзавым кветам асыпаўся травень, Надзея здала экзаменацыйную сесію, а ліста ўсё не было. І кожны раз, заміраючы, яна выбягала да весніц, насустрач паштарцы, і паштарка тыцкала ёй у рукі «Гомельскую праўду», якую выпісвала гаспадыня. І сэрца кожнага разу сціскалася ад несуцешнай і пякучай крыўды. Пры развітанні на кружэлцы з албанскім танга, якую Нюрка, дачка гаспадыні, цяпер круціла дзень да ночы, Петрыт напісаў свой адрас. Аднак сказаў, каб яна чакала ліста, бо наўрад ці будзе сядзець у бацькоўскай хаце. І яна чакала. Уладкавалася на час вакацый упакоўшчыцай на тэкстыльную фабрыку, штовечару вярталася з працы, умольна глядзела на Нюрку, і тая з уздыхам апускала вочы. Але вось аднойчы, дажджыстым адвячоркам, Нюрка сама выбегла насустрач, махаючы ў паветры запаветным пісьмом.