Выбрать главу

«Тырана! Гэта ж горад, дзе жыве Петрыт!» - Надзея падляцела да прымача, але ў той жа момант эфір напоўніўся злавесным, усё адно як недзе поруч безупынна працавала цыркулярка, шумам. Зрэдзьчасу сярод гукавога гармідару прарываліся асобныя словы, якія яна кагадзе прачытала ў Петрытавым лісце: «сталёвае адзінства партыі», «падкопы рэвізіяністаў», «нечуваны энтузіязм працоўных мас». Пры канцы перадачы зайгралі «Інтэрнацыянал», і «цыркулярка» аціхла.

- Нічога, заўтра тым жа часам уключым - можа, лепш будзе чуваць, - паведаміла Нюрка і дадала: - Пайшлі вячэраць.

Нюрчына загадчыца выправілася з лістом у Варшаву, і Надзея міжволі акрыяла душой. Нават пасміхацца пачала, і ранейшая гордая пастава з’явілася. «Ну навошта, сапраўды, гэтыя пакуты?» - пыталася сама ў сабе. Вунь, Светка з факультэта эксплуатацыі, той і гора няма, што з Дрытэра развіталася. Надоечы запытала яе: «Ці пішаш албанцу? - і гарэза, рагатнуўшы, адказала: «А навошта я буду пісаць, калі ён не адгукаецца?»

Ну не можа Петрыт зараз нармальнага ліста напісаць, дык у наступным годзе напіша. А не праз год, дык праз тры гады. Яна згодна і столькі чакаць. Але ён абавязкова напіша і пачне так: «Мілая Надзя! Ты чакала майго ліста - і вось я яго пішу...» - з такімі ўтрапёнымі думкамі і з ціхай усмешкай на вуснах яна выйшла аднойчы на інстытуцкі ганак, і дарогу ёй заступіў камсамолец Бяльзацкі.

З Бяльзацкім Надзея пазнаёмілася ў самы першы дзень вучобы. З нагоды пачатку навучальнага года зладзілі мітынг, і другакурснікі мусілі перадаць першакурснікам сімвалічны, выразаны з фанеры і пафарбаваны ў залацісты колер ключ ад ведаў. Ключ, вядома, мусіла пераняць нейкая прыгожая дзяўчына, вось перад пачаткам мітынгу Бяльзацкі і нагледзеў яе ў натоўпе. А неўзабаве, сустрэўшы на інстытуцкім калідоры, прапанаваў паўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. І калі яна няўцямна перасмыкнула плечукамі, камсамольскі сакратар паведаміў, што трэба будзе проста абвяшчаць нумары на канцэртах. І ў той жа дзень даведалася: Бяльзацкі чапляецца да ўсіх прыгожых дзяўчат, а адна студэнтка, па чутках, летась ад яго загрубела. На шчасце, Надзея пазнаёмілася з Петрытам, і Бяльзацкі, калі сустракаў яе, адно пажадна зыркаў ды казаў розныя глупствы. Яшчэ здалёк убачыўшы юрлівага смаўжа, яна звычайна спрабавала прыхавацца, пайсці іншай дарогай, але вось выйшла на ганак і ўзбілася на камсамольскага важака.

Бяльзацкі стаяў, шырока расставіўшы ногі і падставіўшы ветру свае хвалістыя, антрацытнага колеру валасы.

- Што гэта вы, Надзя, мяне ўвесь час ігнаруеце? - гарэзліва выдыхнуў камсамольскі важак.

Яна не адказала. Матлянулася ўбок, збіраючыся абмінуць Бяльзацкага, але той схапіў за рукаво і ўжо сур’ёзным голасам прамовіў:

- Ёсць размова.

Яны прайшліся па ходніку, селі на лаву.

- Ну як твой албанец, піша? - у голасе суразмоўцы ізноў азвалася гарэзлівая інтанацыя.

Надзея акінула важака пагардлівым позіркам.

- Ну ладна... ну ты ж яму пішаш?

Дзяўчына зноў прамаўчала, нанурыўшы долу дрогкія веі.

- Ды пі-ішаш, - расцягваючы зыкі, прамовіў Бяльзацкі і прыпаліў папяросу. - Пра гэта яшчэ не паведамлялі, але табе скажу: кіраўніцтва Албаніі стала на дарогу здрады. Яны пятнаццаць гадоў жылі за наш кошт, а цяпер узяліся паклёпнічаць на КПСС і савецкі народ. Так што лісты ў Албанію, а тым больш праз трэція краіны, пасылаць не варта. Калі ж ты і надалей будзеш шукаць кантакту з албанцам, гэта пагражае сур’ёзнымі непрыемнасцямі. І з табой ужо будуць размаўляць іншыя людзі і ў іншым месцы.

- А што я такога страшнага напісала? - падала нарэшце голас Надзея, адчуўшы, як абмірае трапяткое сэрца.

- Ну, напрыклад, ты паведаміла, што гатовая паехаць з тым пяюном і ў Албанію, і на край свету. Гэта можна трактаваць як падрыхтоўку да здрады радзіме.

«Якой здрады? Якой радзіме?» - сэрца парывіста грукнула, штурхнула гарачай крыві, і шчокі загарэліся, як палітыя варам.

- Ты чытаеш чужыя лісты? - Надзея падскочыла на ногі, і Бяльзацкі ізноў схапіў яе за рукаво.

- Ну, скажам, не я, а тыя людзі, якім гэта належыць рабіць па абавязку службы. І потым, нават калі ён твае лісты атрымае, адказаць не зможа, бо ўжо сядзіць у вязніцы. Усіх, хто вучыўся ў Саюзе, Энвер Ходжа пасадзіў на нары, - Бяльзацкі дыхнуў ёй у твар смярдзючым папяросным дымам.

- Няпраўда! Ты ўсё хлусіш! - Надзея тузанула руку і спачатку подбегам, а потым як ветрам гнаная рынула прэч ад гэтага страшнага чалавека.

«Пеця, дзе ты? Няўжо ў вязніцы? Мілы, каханы... прыедзь, забяры мяне адсюль, з гэтага горада, ад гэтых страшных людзей, якія чытаюць чужыя лісты», - задыхана шаптала яна, ужо паволі ідучы па восеньскіх прысадах.