- Нашыя цыгарэты, дурэскай фабрыкі. «DS» называюцца, - суразмоўнік знянацку насупіўся. - Памятаю, як з вакацый у Саюз вяртаўся, заўсёды цыгарэты браў. Адразу ж, у інтэрнаце, усё і прадаваў. Жылі бедна, грошай не было, а тут такі прыробак.
Мікола слухаў албанца, заўважаючы адну асаблівасць: чаго б ні тычылася размова, суразмоўца адразу ж згадваў свае «гомельскія» часіны. Вось і цяпер, ідучы вечаровым бульварам, Петрыт распавядаў, як яны, трое албанцаў, жылі ў студэнцкім інтэрнаце, як смажылі бульбу на пазычанай у суседнім пакоі патэльні, як бегалі на дзённыя сеансы ў кінатэатр імя Калініна і як праходзілі вытворчую практыку ў паравозным дэпо. Раз- пораз, калі ішлі міма нейкай будыніны, Петрыт каротка тлумачыў - што ў ёй месціцца, - а потым ізноў апавядаў пра сваё студэнцкае жыццё. «Гатэль «Дайці», - тлумачыў Петрыт, калі яны спыніліся на імгненне перад чатырохпавярховым, пазначаным разлеглымі лоджыямі будынкам,
- італьянцы праектавалі»... «Вось тут, адразу за гатэлем, помнік Леніну стаяў... летась разбурылі»... «А вунь піраміду бачыш? Музей Энвера Ходжы... цяпер разбіты ўшчэнт»... «Гмах з калонамі - гэта Палац культуры. У 1959 годзе Хрушчоў, як быў у нас, першы камень у падмурак закладаў»... «А гэта помнік Скандэрбегу, нашаму нацыянальнаму герою...».
Днём, з акна гатэля, манумент нацыянальнаму герою здаваўся невялічкім, а цяпер, у святле ліхтароў, уражваў сваёй масіўнай веліччу. Скандэрбег сядзеў на кані, прытуліўшы да плечука вялізны меч і пагрозліва пазіраў на гатэль, дзе надоечы пасяліўся Мікола.
- А хто ў вас, у Беларусі, цяпер галоўны нацыянальны герой? - знянацку запытаўся Петрыт, калі яны падыходзілі да гатэля.
- Ленін, відаць, - адказаў Мікола пасля хвіліны роздуму, - ягонымі помнікамі ўсё скрозь застаўлена.
- Яшчэ не знеслі? - з лёгкай іроніяй перапытаў албанец, і беларус з неахвотай страсянуў галавой.
На прыступках гатэля яны паціснулі адзін аднаму рукі, але потым яшчэ цэлую гадзіну гаманілі і дамовіліся, на радасць Міколу, заўтра ад ранку ехаць у Дзіракастру - на радзіму Энвера Ходжы. У тым горадзе, як высветлілася, у Петрыта жыла родная сястра. Таму і падахвоціўся завітаць да яе на спадарожнай машыне.
Падняўшыся ў нумар, Мікола рашуча адсунуў цяжкія парцьеры і прачыніў вакно. Лёгкі ветрык крануўся твару, зварухнуў чупрыну на ілбе.
Дзесьці на даляглядзе плылі рознакаляровыя агеньчыкі, зырка асветлены мінарэт працінаў цёмнае неба сваім вострым спічаком, і Скандэрбег, на якога былі скіраваныя промні двух пражэктараў, усё так жа сувора і патрабавальна паглядаў у бок гатэля.
Дзесьці ўнізе, відаць, у рэстарацыі гучала музыка. Гэта была сумная мелодыя, падобная да танга, ад якой у Міколы пацяплела ў грудзіне. Стваралася ўражанне, што не сонны ветрык, а плынь шчымлівых зыкаў уварвалася ў ваконную пройму і казыча лабаціну.
«Дзівак гэты Петрыт: не пра ўласную кішэнь дбае, а пра дзяржаву», - падумаў Мікола, паваліўшыся на ложак. Петрыт, як вынікала, быў ягоным аднагодкам і працаваў інжынерам на будаўніцтве чыгункі. Апошнюю лінію, якую будаваў, так і не здалі ў эксплуатацыю - у дзяржавы скончыліся грошы, - а сам ён застаўся без працы. Але вось жа чалавек - пра сваё беспрацоўе толькі мімаходзь згадаў, а пра тое, што дарогу не дабудавалі, распавядаў траха не са слязьмі на вачах. «Уяўляеш, Мікола, столькі людзей туды сагналі, столькі жалеза ды бетону ў масты ўбухалі, столькі друзу завезлі, нарэшце, столькі лесу на шпалы парэзалі - і ўсё марна». Цяпер небарака жыў з таго, што чытаў лекцыі ва ўніверсітэце - чатыры гадзіны на тыдзень - ды пісаў цішком курсавыя працы нядбалым студэнтам. Петрыт наогул шмат чаго распавёў, але было адчуванне, што ён хоча яшчэ пра нешта распавесці, ды ніяк не наважваецца.
У шчыліну прачыненага вакна струменіла ўся тая ж шчымлівая мелодыя. Мікола слухаў яе і яму здавалася, што гукі танга кранаюцца цела сваімі цёплымі струменямі і абмытае цела пазбываецца цяжару і ляціць па горнай дарозе ў замарачы салодкага сну.
ІІ
А дзявятай гадзіне раніцы Мікола падагнаў фуру да знаёмай кавярні. Петрыт з братам закінулі ў кодаб пару скрыняў - падарункі для старэйшай сястры, - і ледзь не сілком зацягнулі вадзілу да стала. Той казаў, што паснедаў у гатэлі, што ён сыты, але ўсё адно мусіў з’есці місу гарачага плову.
«Пры-язд-жай-це яш-чэ», - прамовіў гаспадар кавярні па-расейску, і яны доўга і шчыра ціснулі адзін аднаму рукі. Мікола хацеў таксама развітацца з Фатосам, які ўвесь час круціўся ля машыны, але падшыванец некуды знік, і таму давялося на знак развітання каротка пасігналіць.