Аўтастрада, на якую неўзабаве выехалі, бліскала новым асфальтам і стамляла вочы белай стужкай разметкі. А можа гэта і не стужка стамляла вочы, а панылы краявід за ветравым шклом. Там, наперадзе, пукаціліся прысадзістыя горы. Яны былі падобныя да гарбоў драмадэраў і дарога, каб іх абмінуць, увесь час адхілялася ўправа.
Ціснучы на понаж газу, Мікола адчуў раптам, што чагосьці ў тым краявідзе не хапае, чагосьці бракуе гэтым палям і пакрытым вінаграднікамі пагоркам, і нават устурбавана зірнуў па баках, але тут жа перавёў дых: з-за павароту, уехаўшы па самую шчыліну амбразуры ў зямлю, выплыў бетонны бункер. Мікола скоса зірнуў на спадарожніка, і той з вохканнем уздыхнуў.
- Нават не ведаем - колькі іх згламэздалі, - прамовіў Петрыт, дадаўшы штосьці па-свойму. - Відаць, вылаяўся. - Хто кажа шэсцьсот тысяч, хто восемсот.
- А навошта іх столькі?
- Усе пытанні да нашага правадыра. Праўда, ён ужо памёр, папярэдне звар’яцеўшы.
Мікола зірнуў у бакавое вакно і са здзіўленнем заўважыў, што яны абганяюць цягнік. Раўналежна аўтастрадзе, прыхаваная густымі кустамі, ішла чыгуначная лінія, па якой, вельмі павольна, рушыў манеўровы цеплавоз з трыма пасажырскімі вагонамі. Вагоны былі вузенькія - такія даводзілася бачыць у Швейцарыі, - але ў адрозненне ад швейцарскіх, албанскія выглядалі дарэшты дабітымі. Сям-там нават не было дзвярэй і шыбаў. Цягнік быў поўны людзей.
- Моладзь купацца едзе, - прамовіў суразмоўнік, апусціўшы шыбу. Петрыту было відавочна няёмка, што па чыгунцы, якую ён, магчыма, будаваў, сноўдаюць такія пацёхканыя вагоны.
На вузкай паласе, што падзяляла чыгуначны насып і аўтастраду, паўсталі чатыры ці нават пяць бетонных чарапах. Усе яны былі змаляваныя крамзолямі, а адна, самая крайняя, была пафарбавана ружовай фарбай. Якраз перад самай паездкай у Албанію Мікола прачытаў у газеце артыкул пра Энвера Ходжу, і яму хацелася даведацца непасрэдна ад тубыльца тутэйшых мясцінаў - ці праўда ўсё тое, што пішуць пра «албанскага Сталіна».
Мікола прыпаліў ад падстаўленай спадарожнікам запальнічкі, пераключыў перадачу. Дарога чарговым разам пайшла на пад’ём, і рухавік загуў з лёгкай натугай.
- А чаму, як ты думаеш, Ходжа палаяўся... з гэтым, як яго... з Хрушчовым?
Кабіна напоўнілася дымам, і Петрыт прыадчыніў акно.
- Ды ўсё вельмі проста. Хрушчоў хацеў Ходжу скінуць, каб паставіць на чале Албаніі свайго чалавека, той і перакінуўся да кітайцаў.
Такі адказ крыху збянтэжыў Міколу. Няўжо ўсё так проста ў гэтым свеце? Але, падумаўшы, мусіў у думках пагадзіцца з суразмоўнікам.
- Ну а што кітайцы?
Суразмоўцу, падобна, гэтая тэма не надта была даспадобы. Ён таксама прыпаліў цыгарэту, доўга глядзеў на дарогу.
- Ды панаехала іх процьма. І ўсе скрозь у аднолькавых сініх фрэнчах. Мы гэтых кітайскіх таварышаў міжсобку пацукамі называлі. А ў 78-м годзе ўсіх разам пасадзілі на караблі - і-і... - Петрыт па-ленінску выставіў далонь, паказваючы ў якім напрамку выправілі дарагіх сяброў, бліснуў вачыма, згадваючы штосьці, і, пасля паўзы, запытаў: - Як гэта беларусы кажуць, калі дадому едуць?
- Дахаты! - Мікола пераключыў перадачу, і машына пайшла больш жвава.
- Вось-вось... дахаты... - узрадаваўся Петрыт, згадаўшы забытае слова.
Суразмоўца на хвіліну змоўк, прыпаліў патухлую цыгарэту і загаварыў з інтанацыя захаплення.
- А вось вашых, савецкіх, албанцы паважалі. У нашым горадзе лекар быў, з Ленінграда, па прозвішчы Лявонцьеў. Да яго хворыя нават з далёкіх мясцінаў ішлі, нават з гор спускаліся. Дык ты ведаеш, некаторыя маці ягоным прозвішчам сваіх дзяцей называлі.
Машына тарганулася ў апошнім высілку, штурмуючы пад’ём, і пакаціла долу. Ды так шпарка, што давялося злёгку загамаваць. Мікола зірнуў наперад, і цыгарэта траха не выпала з разяўленага рота. На даляглядзе, ва ўсю сваю неабсяжную шырыню, ляжала сіняе мора. Уражаны гэтай сіняй бязмежнасцю, Мікола нават крутнуў руль не ў той бок, пусціўшы між колаў раздзяляльную паласу, але тут жа засяродзіў позірк на дарозе.
Спадарожніка, як выглядала, марскі прастор не надта ўражваў. Ды яно і зразумела: на сваім жыцці ён бачыў гэты краявід тысячы разоў. Таму і глядзеў наперад безуважнымі вачыма, раз-пораз зацягваючыся цыгарэтай, і шчокі ягоныя пры гэтым глыбока западалі, і кусцістыя бровы лезлі на лоб.
- Зараз Дурэс будзе, наш галоўны порт, але мы ў цэнтр заязджаць не будзем - павернем налева. І потым ужо ўвесь час паедзем на поўдзень.
Дурэс, мяркуючы па ўсім, быў даволі вялікім местам. Мікола доўга круціў галавой, намагаючыся пабачыць порт, але той, відаць, быў закрыты пагоркамі. Пагоркаў было шмат, і на самым высокім з іх стаяла нейкая спаруда.