Выбрать главу

Петрыт штосьці крыкнуў па-албанску, і падшыванец, надзьмуўшы вусны, скокнуў на зямлю.

- Не, вы бачылі яго? Бацька не пусціў у Дзіракастру, дык ён, пакуль мы снедалі, у фуры схаваўся, - ужо звяртаючыся да Міколы, выдыхнуў дзядзька падшыванца і зноўку загаварыў па-албанску, пагрозліва зіркаючы на нябожа.

Цяпер яны ехалі ў кабіне ўтрох: паміж Міколам і Петрытам сядзеў гарэза Фатос. Дзядзька ўвесь час упікаў пляменніка, нават абурана махаў рукамі, але потым аціх і прамармытаў:

- Зараз горад будзе... Кавая называецца... Трэба да пошты пад’ехаць. Брату патэлефаную. А то ж гэтага вісуса ўжо, відаць, па ўсёй Тыране шукаюць.

Вісус глядзеў з-пад ілба на дарогу, сюд-туд шморгаў носам, і Мікола, каб падбадзёрыць хлопца, жартам паляпаў таго па плячы.

III

Летнімі вечарамі Улёрская бухта нават не ўражвае, а папросту хвалюе сваёй прыгажосцю. Паўвыспа з усходняй назвай Карабурун глыбока ўбіваецца ў мора, утвараючы ўтульную затоку, а выспа Сазан, якая паўстае на даляглядзе двума пакручастымі пагоркамі, закрывае яе ад няўрымслівых хваляў. Таму вада летнімі вечарамі тут амаль заўсёды спакойная, і агнявокае сонца ледзь прыкметна гайдаецца на водным люстры.

Ля самага берага прытулілася шыкоўная, пабудаваная ў італьянскім стылі віла. Перад ёю, на адкрытай верандзе, сядзелі ў плеценых крэслах трое паважных, злёгку падпітых мужчынаў. Перад імі, на століку, стаяла крыштальная ваза з памаранчамі, бананамі і жоўтым вінаградам. Той, што сядзеў па цэнтры - лысы, апрануты ў белую сарочку, - узяў са стала бінокль, прыклаў да пераносся.

- Гэта казармы савецкіх маракоў, - патлумачыў шыракаплечы бамбіза, зыркнуўшы ў той бок, куды быў скіраваны бінокль. - Бамбіза сядзеў поруч і цадзіў белае віно з вялікага келіха. - А ніжэй, у затоцы, нашая плаўбаза, на якой мы ўчора былі.

- А вунь там, на выспе, гляджу, таксама нейкія антэны...

- Там, Мікіта Сяргеевіч, базіруецца наш асобны радыёатрад, - прамовіў бамбіза, казелячы вокам на чарнявага, са шляхотнай сівізною на скронях мужчыну, які кагадзе сядзеў па другі бок ад лысага, а цяпер падхапіўся на ногі, махнуў кельнеру і рушыў у бок вілы. - Мяркуючы па імпэце, з якім уладальнік шляхотнай сівізны ўзняўся з крэсла, яму карцела ў прыбіральню.

- Цудоўна, проста цудоўна! - з захапленнем, але ціха, каб не пачулі ахоўнікі, прамовіў лысы, падстаўляючы кельнеру пусты келіх.

- Сапраўды, цудоўная мясціна, - лісліва пагадзіўся суразмоўнік.

- Ды я не пра тое... - лысы надзьмуў мясістыя вусны - такія ў народзе называюць «грыбамі». - Якая надзейная ў вайсковым плане бухта. Калі тут размясціць флот, усё Міжземнамор’е - ад Басфора да Гібралтара - будзе ў нашых руках! Мы, бляха, любога можам заціснуць у кулак! - лысы патрос кулаком, праліўшы на штаны віно з паўнюткага келіха. - Колькі, кажаш, у нас тут падлодак?

- Дванаццаць, Мікіта Сяргеевіч, - бамбіза з насцярогаю азірнуўся. - Лысы ўжо быў і так нападпітку, а тутэйшы кельнер усё падліваў і падліваў.

- Што там дванаццаць, - лысы схапіў са стала мадэль падводнай лодкі, якую яму падаравалі надоечы савецкія маракі, памахаў ёю, як булавой. - Нам трэба іх тут штук сорак, не меней!

- Мікіта Сяргеевіч, - бамбіза ізноў азірнуўся, - час ужо, напэўна, і ў ложак. Вунь, і гаспадар некуды знік.

- Ты думаеш? - буркнуў Мікіта Сяргеевіч, ухапіўся за падлакотнікі крэсла, і адразу некалькі чалавек, што стаялі ў разнасцежаных дзвярах вілы, кінуліся дапамагаць яму падняцца на ногі.

Уладальнік шляхотнай сівізны, аднак, і не думаў ісці ў прыбіральню. Проста пастаяў, з устурбаванай гіморай на твары, на лесвіцы, што вяла на другі паверх, а ўбачыўшы ў пройме ўваходных дзвярэй Мікіту Сяргеевіча, якога вялі пад рукі, раскрыліў рукі і ўжо са здзіўлена-шчаслівым тварам заенчыў:

- А куды ж вы, госці дарагія? Зараз шашлыкі прынясуць...

Перакладчык, што ўзнік за спінамі дарагіх гасцей, пераклаў гэтыя шчаслівыя енкі на расейскую мову, і бамбіза, трымаючы лысага за руку, павярнуў галаву і адмахнуўся ад перакладчыка, як ад мухі-назолы.

Скроні чарнявага тыпуса ў тую хвіліну пасівелі, здаецца, яшчэ больш. Ён выйшаў на веранду. На століку, за якім яны толькі што сядзелі, стаялі недапітыя келіхі, ляжаў перакулены дагары нагамі макет падводнай лодкі, а пад самім сталом валялася крамяная памаранча. Кельнер кінуўся пад стол, падняў яе і ледзь чутна прашаптаў:

- Хрушчоў сказаў: «Цудоўна», а Якубоўскі яму ў адказ: «Так, цудоўная мясціна». Хрушчоў перакрывіўся і кажа: «Ды не, добрая бухта ў вайсковым плане. Калі тут размясціць флот, усё Міжземнамор’е - ад Басфора да Гібралтара - будзе ў нашых руках, - голас кельнера памацнеў, і чарнявы тыпус, павёўшы вачыма, прасіпеў: