- Ды цішэй ты... пачуць могуць. Запішы, пакуль не забыўся, увесь дыялог і заўтра ад гасцей не адыходзь ні на крок.
- Слухаюся, таварыш Энвер, - выдыхнуў кельнер, і той, каго звалі Энверам, перахапіў з ягоных рук памаранчу. - Гэтыя фрукты ды іншую экзатычную садавіну дыпламаты прывезлі аднекуль з Афрыкі, бо ў Албаніі яны выспявалі толькі ўвосень.
Кельнер, вядома ж, быў супрацоўнікам «сігурымі» і добра ведаў расейскую мову.
Той, каго звалі Энверам, плюхнуўся ў плеценае крэсла, зірнуў, прымружыўшы вочы, на барвовае сонца. Сонца вісела над выспай Сазан і было падобнае да вялізнае памаранчы. І зноўку згадалася тое, што назаўсёды адбілася ў памяці і нават з’яўлялася ў снах: Сталін ідзе па сваім разлеглым кабінеце, падыходзіць да стала, на якім стаіць ваза з памаранчамі, бярэ адну з іх у руку і пытаецца: «А ці не з’яўляецца ваш народ спакрэвічам баскам? Як, напрыклад, называецца па-албанску гэты фрукт?» «Партакал», - адказвае ён пераселым ад хвалявання голасам, і правадыр народаў, паўтарыўшы албанскую назву, торгае плячамі. Албанская назва, мяркуючы па ўсім, правадыра не задаволіла. Там, у сталінскім кабінеце, ён страшэнна хваляваўся, і потым доўга маракаваў: з якой прычыны правадыр згадаў баскаў? І толькі праз пару гадоў даведаўся, што Сталін здаўна цікавіўся паходжаннем індаеўрапейскіх моваў і што тэзу пра роднасць баскаў і албанцаў яму ўвёў у вушы Ціта - той ужо некалькі разоў наведваў Крэмль.
Першы раз Энвер прыляцеў у Маскву дванаццаць гадоў таму. Стаяў спякотлівы ліпеньскі дзень, і маскоўскае сонца, як падалося, свяціла больш пранізліва, чым албанскае. Вострыя сонечныя бліскі праціналі ўсё наўкол, і ўсё наўкол урачыста зіхацела. Зіхацела пенснэ Молатава, які сустракаў яго ля трапа самалёта; зіхацелі штыхі ганаровай варты; мікрафоны, перад якімі ён выступаў на аэрадроме; вокны навакольных будынкаў і абмыты палівальнымі машынамі асфальт на вуліцы Горкага, па якой яго везлі. А можа гэта проста падалося, і нічога там асабліва не зіхцела? Проста слязіліся вочы ад поту, што збягаў па ілбе. Ён быў у вайсковай форме - у юхтовых ботах, закрытым кіцелі савецкага ўзору, - і проста знемагаў ад спёкі. Гэты чортаў кіцель яму пашылі год таму, напярэдадні паездкі ў Бялград. Ціта, да якога ён тады ехаў, выхваляўся сваім маршальскім уборам, таму і давялося пашыць генеральскую форму. І потым, у Бялградзе, а цяпер у Маскве пацець даводзілася, як у турэцкай лазні.
Напачатку меркаваў, што адразу патрапіць на прыём да Сталіна, але яму паведамілі: «Язэп Вісарыёнавіч прыме вас пры першай жа магчымасці». А калі канкрэтна такая магчымасць з’явіцца - не сказалі.
Два дні ён знаёміўся з савецкай сталіцай, наведваў розныя музеі ды выставы, а на трэці дзень, ад самага ранку, албанскую дэлегацыю падвезлі да маўзалея. Не без хвалявання пастаяў ён каля ленінскага саркафага, потым прайшоўся ўздоўж крамлёўскага мура, па складах чытаючы прозвішчы пахаваных там дзеячаў, нарэшце, яго завялі ў музей Леніна, дзе давялося змарнаваць дзве гадзіны, і калі выходзіў з музея, пачуў: «Язэп Вісарыёнавіч сёння ўвечары прыме вас у сваім працоўным кабінеце».
Калі, на ватных нагах, ён увайшоў у разлеглы, падобны да залы, кабінет і ўбачыў рабаціністага недаростка, што падняўся з-за стала, дык не пазнаў у ім вялікага Сталіна, пра якога столькі чуў, столькі чытаў і партрэты якога віселі па ўсёй Албаніі. І толькі калі пабачыў недаростка зблізку і паціснуў мяккую, сухую навобмацак руку, пераканаўся, што перад ім правадыр сусветнага пралетарыяту. ...Тады, у галодным 1947-м, Сталін даў Албаніі 6 мільёнаў долараў і дармавую зброю. І вось цяпер, напярэдадні візіту Хрушчова, ён загадаў прыбраць з вуліц сталінскія партрэты.
- Энвер! - пачуўся з-за спіны дакорлівы жончын голас.
«Так, трэба ісці спаць», - падумаў Энвер, паціраючы скроні. Сонца ўжо напалову схавалася за небасхіл, кідаючы апошнія кволыя промні на двухгорбую выспу. Цяпер ужо і без бінокля можна было ўгледзець на вяршынях гарбоў высокія мачты - савецкія вайскоўцы разгарнулі там станцыю радыёсачэння, - і Энвер, пазіраючы на выспу, кожнага разу ўздыхаў. Яму здавалася, што саветы цяпер чуюць кожнае прамоўленае ім слова.
Набліжаўся да скону восьмы дзень візіту Мікіты Хрушчова ў Албанію. За гэтыя восем дзён Энвер дарэшты асіп, чытаючы прамовы на мітынгах, якія ладзілі з нагоды візіту, збіў ногі, бегаючы за высокім савецкім госцем, і кінуў сам сябе паважаць ад тых дыфірамбаў, якімі мусіў ганараваць пасланца далёкай Масквы. Хрушчоў, між тым, паводзіў сябе як той сакратар райкаму партыі, што прыехаў з праверкай у падуладны калгас. «А што ў цябе там?» - пытаўся, паказаўшы пальцам на які-небудзь пакарабачаны комін. - «А што вунь там?» І даводзілася запабежліва, на паўсагнутых нагах, тлумачыць шаноўнаму мусафіру, што гэта дыміць комін кацельні, а вунь там, пад гарой, у нас тытунёвая плантацыя. Мала таго, давялося разгортваць перад цікаўным госцем планы арашальных каналаў і дрэнажных сістэм. Хрушчоў няўцямна, закапыліўшы губу, глядзеў на гэтыя планы, усім сваім выглядам даючы зразумець, што яны яго мала цікавяць. Высокага госця - гэта Энвер ведаў дакладна - цікавіла толькі адно: магчымасць разгортвання на албанскім узбярэжжы ваенных баз.