Выбрать главу

Мележа — паўсюль удачы ў паказе і выяўленні мужыка-недацёпы і кулака-заграбальніка. Але дзе інтэлектуальны раман, які даўно ўжо квітнее на Захадзе? Яго няма ў нас, і пачынаеш яго некаторым чынам ты. Вядома, гэта цяжка, але, відно, што неабходна. У гэтым заўтра ўсякай літаратуры, у т. л. і беларускай. Сартр казаў, я сам чуў, што экзістэнцыялізм — тое самае значнае, што ўзбройвае літаратуру будучыні. Табе ён бліжэй, чым каму б тое ні было ў нас. Прабач, калі ласка, за такія непатрэбныя, м. б., для цябе павучанні, проста мяне закранула адна твая фраза ў пісьме, і я вырашыў таму выказацца. І яшчэ хачу дадаць да гэтага, што я даўно і вельмі паверыў у цябе і таму не пацярплю, калі хто-небудзь, хаця б і ты сам, будзеш раскалыхваць ва мне гэтую веру».

Паралельна з працай над мастацкімі творамі А. Адамовіч актыўна даследаваў актуальныя праблемы беларускай літаратурнай навукі. Тут ён выходзіў, разам з іншымі калегамі па цэху, да новага, больш глыбокага разумення прыроды мастацкай творчасці, сцвярджаў, у прыватнасці, вялікія магчымасці параўнальнагістарычнага і тыпалагічнага метадаў. Навукова-даследчыя кнігі Алеся Адамовіча мелі шмат зычлівых водгукаў у друку і занялі сваё месца ў гісторыі змагання беларускіх літаратуразнаўцаў з вульгарна-сацыялагічнымі стэрэатыпамі і дагматычным мысленнем.

У выніку ў часопісе «Полымя» з’явілася серыя літаратуразнаўчых артыкулаў А. Адамовіча пад агульнай назвай «Шырыня пісьменніцкага свету», якія пазней выйшлі ў свет асобным выданнем пад назвай «Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага» (1972). Публікацыя выклікала негатыўную рэакцыю з боку «артадаксальнага марксіста» А. Карлюка, які ацаніў спробу даследчыка паставіць творчасць Чорнага ў кантэкст сусветнай літаратуры, супаставіць яе з ідэйнымі пошукамі Ф. Дастаеўскага, А. Камю, Ж.-П. Сартра як саступку «ідэалагічнаму праціўніку». Аўтар публікацыі нават не палічыў патрэбным дачакацца, калі будзе надрукаваны заключны раздзел серыі артыкулаў А. Адамовіча пад назвай «Пра­блема: Кузьма Чорны і Дастаеўскі», дзе вырашалася менавіта праблема экзістэнцыялізму, які прафесар А. Карлюк залічыў да «субъективно-идеалистической философии», у якой «на все лады варьируется одна и та же тема: «личность и ситуация». Отношение критика А. Адамовича к этой философии и выражающей ее идее литературе вызывает по меньшей мере удивление».

«Удивление» А. Адамовіча, які аператыўна напісаў «Адказ прафесару К.», выклікала, што філосафу і ў галаву не прыходзіла, што, «каб мець маральнае права ўмяшацца ў канкрэтную навуку, абавязаны ўсур’ёз углыбіцца ў яе факты, праблемы, унутраныя законы, павінен валодаць не толькі «баявітасцю», «кусучасцю», але і канкрэтнымі ведамі. Зусім у духу таго часу сабе яны пакідалі права прыдумваць любыя абвінавачванні, паколькі даказваць, прыводзіць факты і г. д. — гэта ўжо прывілея (калі яму пажадана) таго, на кім спыніўся строгі позірк такога «філосафа». Дзякуй богу, за апошнія гады з’явіліся ў нас і сапраўдныя філосафы-знаўцы і канкрэтных навук, якія ўсведамляюць, што з універсальнай адмычкай у навуцы няма чаго рабіць, што такая патрэбна больш каля касы». Артыкулы А. Адамовіча прафесар К. пускае па графе: «Когда утрачивается классовое чутье...» Да якой дадаецца асобна: «По поводу статьи А. Адамовича в журнале «Полымя». Інакш кажучы: «Остановимся только на принципиальных философских положениях, выдвинутых А. Адамовичем».

Алесь Адамовіч не ўпершыню пісаў свае артыкулы са свядомай устаноўкай на дыскусійнасць тых ці іншых палажэнняў і вывадаў. Што датычыцца серыі артыкулаў, прысвечаных не толькі творчасці Кузьмы Чорнага, але і развагам пра чалавека асобна і чалавецтва наогул: «Мы занадта прывыклі бачыць сваю літаратуру ў адной толькі якасці, з якой яна з’явілася на свет: як яна апавядае свету, што такое беларус, беларускі край, беларуская гісторыя і г. д. А між тым, сталая літаратура (якой ужо даўно стала літаратура беларуская), апавядаючы свету, чалавецтву пра свой народ, край, адначасова адкрывае людзям праўду аб самім чалавецтве, аб планеце людзей... Права гаварыць ад імя чалавецтва і звяртацца да ўсёй планеты народ наш заплаціў дарагой цаной. І літаратура наша проста абавязана гэтым правам карыстацца, гаварыць сваё слова не толькі пра свой край, але ўсур’ёз — і аб самім чалавецтве, аб планеце людзей».

Алесь Адамовіч працягнуў размову ў артыкуле «Ці трэба баяцца «чужых» класікаў?» І наогул ці шмат у нас, беларусаў, адмоўных рэцэнзій, «рэзка крытычных»? Ёсць, але не шмат, а дакладней — зусім мала. Ці азначае гэта, што ўсё, што друкуецца, вартае пахвалы? «Кепскія творы, шэрыя і неталенавітыя, калі яны адолелі перашкоды часопісныя, выдавецкія, усё ж падвяргаюцца нашай крытыцы. Але я назваў бы яе «крытыкай замоўчвання». Проста не заўважаем, не называем, нібыта і не існуюць гэтыя аўтары, гэтыя творы. Вядома, яе можна і нават варта раскрытыкаваць — такую крытыку. Мы ігнаруем шэрую, неталенавітую літаратуру, а ёй гэта, магчыма, і патрэбна. Гэтага толькі і хочацца. Каб яе не заўважалі, каб ігнаравалі. Яна не ганарыстая». Але надыходзіць час, і аўтар, якога задавальняе такое становішча, пачынае выяўляць нецярпенне, становіцца зусім крыўдлівым. Ні аўтара, ні крытыка. Аўтар надрукаваў каля дзясятка апавяданняў, нават не адну аповесць, а крытыцы ўсё роўна, ці ёсць пісьменнік, ці няма яго ў літаратуры. Ужо пасаду атрымаў у часопісе, больш таго, вырашае лёс іншых аўтараў... А цярплівасці не стае! Тады аўтар сам піша вялікі артыкул... пра добры раман і добрага аўтара, а заадно і пра становішча ў сучаснай беларускай літаратуры... і пра крытыку... Назва артыкула: «Крокі да вялікай кнігі»! Чаму не напісаць? Старанна піша — пераказвае змест рамана, ягоны сюжэт: «...сцэна за сцэнай, вобраз за вобразам, падрабязна, апісальна, без якіх-небудзь адкрыццяў, сур’ёзных думак — малацікавых для тых, хто чытаў...» Назва аўтара?.. Бог з ім!