Выбрать главу

Больш цікава чытаць абзацы пра крытыку ў артыкуле. «Пішу так і, здаецца, чую знаёмы голас крытыка: стоп, стоп! Як гэта так, што пісьменнік мае толькі свой жыццёвы матэрыял, свае філасофскія і эстэтычныя погляды, «улівае» ў сваю памяць народную памяць, і яго творы растуць, як каласы на сваёй нацыянальнай глебе? А ўплывы? А Заля? А Дастаеўскі? Талстой? Шолахаў? Некаторыя крытыкі схіляюцца да такога падыходу ў ацэнцы з’яў літаратуры, у прагнозе яе далейшых шляхоў: «Чорны пайшоў» ад Дастаеўскага і Заля, «Палеская хроніка» — сястра «Ціхага Дона»...» І выснова А. Адамовіча «Невясёлых гульняў»: «Бадай што, толькі ў раздражнёнай свядомасці аўтара артыкула такія крытыкі з такімі поглядамі і існуюць... Тым, хто «пакрыўдзіўся» б за Дастаеўскага (як N. за Чорнага і літаратуру беларускую) можна было б нагадаць словы самога Дастаеўскага: «Вось ён ставіць мне ў віну, што я эксплуатую вялікія ідэі сусветных геніяў. Чым гэта кепска? Чым кепска спачуванне да вялікага мінулага чалавецтва? Не, шаноўныя мае, сапраўдны пісьменнік — не карова, якая перажоўвае травяную жвачку штодзённасці, а тыгр, які паядае і карову, і тое, што яна праглынула».

Ці не выдумка нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў гэта праблема? Дык патрэбныя ці не патрэбныя нам і нашым класікам «чужыя» класікі? — спытаў сам сябе і сваіх чытачоў А. Адамовіч. Павінныя ці не павінныя, мае ці не мае права беларуская крытыка «падсвечваць» беларускую літаратуру, калі вывучае яе, на ўсю шырыню, усур’ёз, іншымі літаратурамі, разглядаць беларускія творы ў «сілавым полі» іншых літаратур, сусветнай літаратуры? Класікі арыентаваліся не на «правінцыяльнае зазнайства», а «на смелы выхад на скрыжаванні вялікіх літаратур», дзе яны паглыбляюцца «ў сваё, нацыянальнае, узброіўшыся вялікай, і не толькі нацыянальна-беларускай, культурай чалавеказнаўства».

Кузьма Чорны — стваральнік беларускага эпічнага рамана — распрацоўваў, паводле заключэння А. Адамовіча, — план «пабудаваць, стварыць закончаны свет беларускага жыцця-быцця. Гістарычнага, сацыяльнага, псіхалагічнага, інтэлектуальнага. Па гарызанталі — гісторыя і быт беларускага народа, па вертыкалі — філасофія чалавечага існавання на зямлі. Беларускае і агульначалавечае ў арганічным, у мастацкім адзінстве, сінтэзе. І ён шмат, незвычайна многа паспеў, змог за сваё нядоўгае жыццё. Пасля яго апавяданняў і п’ес, аповесцей і раманаў зрабілася неяк прасторней у літаратуры беларускай, лягчэй стала дыхаць і літаратуры, і мове нашай паветрам гісторыі. І сучаснасці паветрам. Кубатура лёгкіх нашых як быццам стала большай, адразу павялічылася. Як пасля Купалы і Коласа павялічылася. Пасля Гарэцкага. А зусім нядаўна — пасля «Палескай хронікі» Мележа...» І яшчэ наўздагон — Адамовічава: «Ён, як ніхто другі ў нас, свядома і мэтанакіравана ішоў, выходзіў ад «свайго» абавязкова да «ўсеагульнага», ад лёсу беларуса да лёсу чалавека і чалавецтва. Таму што, як казаў, пісаў Кузьма Чорны, беларус-селянін (той жа цімкавец) — гэта чалавек, у якім кожны, «хто мае вочы, убачыць і знойдзе і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага...» Не заўважаць гэтага — значыць прыніжаць Чорнага да правінцыйнага ўзроўню, а любы правінцыялізм яму заўсёды быў чужы, абражаў у ім пачуццё нацыянальнага гонару».