Выбрать главу

Цудоўная ва ўсіх адносінах аповесць.

Як на мой густ, дык я б падрэзаў сцэны сённяшняга, але, я разумею, яны патрэбны для асэнсавання, для публіцыстыкі. І публіцыстыка гэтая высокага гатунку — разумна, чэсна, тонка.

І яшчэ назва. Назва ў цябе наогул не зіхціць ні навізной, ні густам — тут таксама. Само слова «Хатынь» занадта ўжо захапанае, няновае, нешта ў ім ад афіцыйнай тэрміналогіі. А ў цябе ж такая свежая, новая, шматфарбная рэч... Я б назваў інакш. Не ведаю як, але інакш.

І яшчэ — шкада, што яна ў «Дружбе народов», а, скажам, не ў «Новом мире», які б яна ўпрыгожыла, несумненна. Але што ў «Маладосці» — добра. Няхай! Пераклад добры, цалкам беларуская рэч. Ніхто не ўсумніцца. Спадзяюся, што па­руску яна гучыць яшчэ лепш. Хаця і па-беларуску прыгожа. Тыя, хто цябе папракалі ў адступніцтве ад нацыянальнага, цяпер будуць задаволеныя.

Я вельмі рады, што ты напісаў гэтую рэч, асабліва пасля дзвюх тваіх апошніх аповесцей, якія не ўсім падабаліся. Думаю, што гэтая спадабаецца ўсім. Ды і не можа яна не спадабацца — хіба што якому-небудзь ідыёту.

Словам, я вельмі рады за цябе, віншую, крыху па-добраму зайздрошчу. Цяпер, сябра, калі ты яшчэ пачнеш хоць крыху піць, то сапраўды табе не будзе цаны, як сказаў К. (Навум Кіслік. — М. Т.)».

На працягу 1970—1973 гг. А. Адамовіч разам з Я. Брылём і У. Калеснікам аб’ехалі, абкалясілі з магнітафонам і фотаапаратам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў ваеннай трагедыі, апавяданні якіх леглі ў аснову дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі... »

(1975) . Раздзелы з кнігі друкаваліся ў многіх газетах і часопісах («Маладосць», «Октябрь» і інш.). Перакладзеная на многія замежныя мовы, кніга стала літаратурным бестселерам. Паказальным быў пачатак рэцэнзіі рускага літаратуразнаўцы М. Кузняцова, які пісаў у газеце «Комсомольская правда»: «Страшней за гэту кнігу я не ведаю...» Сустракаліся ў іншых водгуках і такія словы: «Гэта кніга не магла не з’явіцца...» Аднак адзін з яе аўтараў А. Адамовіч на фактах даводзіў, што гэта далёка не так і што сам ён, як і яго сябры па пяры Я. Брыль і У. Калеснік, не адразу прыйшлі да пераканання ў неабходнасці менавіта такой калектыўнай кнігі-памяці.

«Я з вогненай вёскі...» падвяла рысу пад цэлым этапам літаратурнага развіцця і абудзіла ў грамадстве імкненне ведаць усю праўду пра вайну і пра чалавека на вайне, якой бы жахлівай яна ні была. Выдатнымі пісьменнікамі рухала думка пра тое, што няўмольны час вельмі хутка «вымывае» з народнай памяці страшныя веды пра вайну, якой яна была для беларусаў і якой яе не ведаў цывілізаваны свет. Проста паміралі апошнія сведкі гэтай трагедыі, якія цудам выратаваліся ад немінучай пагібелі, нібыта дзеля таго, каб расказаць праўду нашчадкам і народам свету.

Навуковая праца А. Адамовіча «Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), асноўная частка якой выканана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, так і пачыналася з галоўнай ідэі: «Гэта было бадай то заўсёды — тая ці іншая ступень узаемнай сувязі літаратурнага развіцця любой краіны, народа са знешнім светам».

У артыкуле «Талстоўскі крок» А. Адамовіч шырока разгортвае сваю задуму, пра тое сведчаць імёны беларускіх класікаў у наступных раздзелах: «Аднак свет людзей не заўсёды ўсведамляў сябе як чалавецтва, сваю гісторыю — як частку ўсеагульнай, сваю будучыню — звязанай з будучыняй другіх народаў і краін, — адным словам, наша планета вельмі адрозніваецца ад той, якой яе ўяўлялі старажытныя. Само паняцце «сусветная літаратура» ўзнікла параўнальна нядаўна (недзе ў XVIII стагоддзі), але ж і рэалізм літаратуры існаваў задоўга да таго, як ён быў яскрава ўсвядомлены і тэарэтычна асэнсаваны і названы. Паняцце «сусветная літаратура» ўзнікла ў выніку таго, што людзі пасля тысячагоддзяў існавання адасобленых цывілізацый і культур пачалі канкрэтней усведамляць, што яны — чалавецтва, пачалі збірацца ў чалавецтва».

Класікі беларускай літаратуры Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Мележ, Брыль, Быкаў, закладваючы асновы новай беларускай паэзіі, драматургіі, а потым і прозы, беларускага рамана, — пісаў А. Адамовіч, — «з самага пачатку адчувалі, улічвалі і «фон», і «кантэкст» літаратур суседніх і сусветнай літаратуры ў цэлым». Літаратурныя крытыкі і літаратуразнаўцы сваю беларускую, нацыянальную ўсё больш адчуваюць і бачаць у кантэксце такіх з’яў, як «усесаюзная літаратура», «славянскія літаратуры», «сусветная літаратура». А. Адамовіч рабіў выснову: «Падарожнічае Беларусь — яе партызанская слава, яе трактары, кібернетыка, яе мастацтва... А суправаджае яе «ўласны карэспандэнт» — беларуская літаратура. Адтуль, з-за мяжы, і Беларусь беларускаму пісьменніку бачыцца трохі іначай. Не толькі вачыма беларуса, але і трохі — балгарына, ці серба, ці францу­за, ці англічаніна... Узнікае, замацоўваецца новае «самапачуццё», светаадчуванне — у самой літаратуры беларускай, паяўляецца ў беларускіх творах, у поглядзе на самую Беларусь тое, што называюць «стэрэаскапічным» бачаннем». На нашых вачах межы «сусветнай літаратуры» бачыліся ў Еўропе. Але ўжо слова «сусветная» ахоплівае абавязкова і Азію, і Афрыку, і Лацінскую Амерыку, і Аўстралію... Ранейшыя межы паняцця «сусветная літаратура» пашыраюцца.