Выбрать главу

Алесь Адамовіч мае на ўвазе не толькі працэс сучаснага актыўнага збліжэння нацыянальных культур, але і тое, што паняцце «чалавецтва» матэрыялізуецца ў новых умовах, калі «сваё і чужое, нацыянальнае і сусветнае на літаратурнай планеце паўстае па-новаму не толькі ў параўнанні са старажытным светам, але і з нядаўнім, літаральна ўчарашнім днём», наогул «у наяўнасці небывалае ў ранейшыя часы збліжэнне: вось якой абжытай становіцца і літаратурная планета! Гэта з аднаго боку — збліжэнне. З другога боку — адштурхоўванне, палярызацыя, ідэалагічная, эстэтычная, гэта немінуча ва ўмовах сучаснага спаборніцтва сацыяльных сістэм, ва ўмовах несціханай ідэалагічнай барацьбы». Сусветная літаратура так і развіваецца: адразу ў двух напрамках. Адзін — «калі паяўляюцца і адразу набываюць сусветную значнасць новыя творы». Другі — «вяртаючыся ў мінулае, такія каштоўнасці адкрываюць у запасніках, ці нарэшце «рукі даходзяць», ці ўзнікае запозненая, але вострая і ўсеагульная цікавасць да таго, што створана даўно... У цэлым 50—60-я гады былі для беларускай прозы ў сэнсе яе выхаду за межы Беларусі вельмі плённыя».

З «Анкетай» А. Адамовіч звярнуўся да пісьменнікаў. Брыль, Быкаў, Лобан, Мележ далі свае адказы, якія шмат у чым супадалі. На пытанне «Якія два-тры пісьменнікі сусветнай літаратуры ідуць з Вамі праз усё творчае жыццё? Чаму?» — адказалі: Янка Брыль: «Талстой і Чэхаў. Глыбіня агульначалавечага зместу і мастацкая дасканаласць. А таксама — што вельмі важна — іх чалавечы воблік»; Іван Мележ: «У розныя перыяды жыцця мне спадарожнічалі розныя і многія пісьменнікі. Я паграшыў бы супраць праўды, калі б выбраў двух-трох... Люблю Бальзака і Купалу, Ражэ Мартэн дзю Г ара і Кузьму Чорнага, Скота Фіцджэральда і Івана Буніна, і Міхайлу Кацюбінскага. Нязменна — Льва Талстога, Міхаіла Шолахава (асабліва «Ціхі Дон»), Аляксандра Фадзеева (асабліва «Разгром»). Схіляюся перад магутным талентам Дастаеўскага. Ганаруся, што карэньчыкі яго — у нашым Палессі»; Васіль Быкаў: «Два-тры — гэта мала. Нават самых лепшых двух-трох недастаткова. Кожны з вялікіх добры па-свойму. У Талстога мяне прыцягвае ўсеабдымнасць і глыбіня жыцця, а таксама чалавечнасць; у Дастаеўскага — яго цікавасць да праклятых бакоў жыцця і да чалавека як біялагічнай істоты; у Чэхава — яго ціхая, сціплая чалавечнасць; у Чорнага — глыбіня і дакладнасць у жывапісанні беларускага мужыка. Хемінгуэй для мяне дарагі перш за ўсё сваёй непрадузятасцю да вайны, якую ён называў вялікім бардаком, і нейкай даверліва-сяброўскай стрыманасцю. Акрамя таго, ёсць сучасныя...»; Мікола Лобан: «Назаву двух: Льва Талстога — найвышэйшае майстэрства ў спалучэнні з вялікай мудрасцю — і Кузьму Чорнага, вялікага майстра паказу душы беларускага селяніна».

Сярод многіх Леў Талстой, яго аўтарытэт, як бачым, прызнаецца і ставіцца асабліва высока беларускімі празаікамі. Робіць свае глыбока прадуманыя высновы і Алесь Адамовіч не толькі як беларускі празік, які пісаў беларускія апавяданні, аповесці, раманы ў большасці сваёй на рускай мове, перакладзеныя на беларускую мову і надрукаваныя амаль адначасова перакладчыкамі ў аўтарскім варыянце, але і як беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык. «Вартыя высокага прызнання творы, — падводзіў канчатковы вывад А. Адамовіч, — час «суміруе» ў сусветную класіку. Але іншы раз адбываецца большае: «множанне», «узвядзенне ў ступень». Сусветная літаратура не проста павялічылася на Талстога. Яна была «памножана» на Талстога, «узведзена» да Талстога. Эстэтычная «столь» чалавецтва адразу стала іншай...»

Уплыў сусветнай класікі на беларускую прозу сведчыць пра нацыянальную і эстэтычную яе сталасць, яе творчыя магчымасці, моц яе літаратурных традыцый, яе мастацкія кантакты з блізкімі суседнімі і творча сталымі літаратурамі. Сучасная беларуская літаратура, у чым перакананы А. Адамовіч, надзвычай напружаная ў сваіх творчых пошуках: «гэта можна ўявіць як спружыну, адзін канец якой замацаваны недзе «на» фальклоры, «на» народна-паэтычнай традыцыі, а другі імкне за сучаснасцю, за праблемамі, надзеямі і трывогамі сучаснага свету, чалавека. Гэта расцяжэнне не магло б прадаўжацца бясконца, нейкі «канец» абавязкова сарваўся б (і зрываецца ў творчасці менш таленавітых і менш глыбокіх аўтараў), калі б сама глеба народнага жыцця заставался нерухомай, а не ўзнімалася насустрач сучаснасці».