Выбрать главу

Магчымасці беларускай кампаратывістыкі былі яшчэ раз пацверджаны А. Адамовічам у рамане-даследаванні «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1975), прысвечаным творчасці М. Гарэцкага. Жыццё і творчасць класіка была ўпершыню прадстаўлена тут у поўным сваім аб’ёме. Узаемасувязі і ўзаемадзеянні літаратур цікавілі вучонага пастолькі, паколькі садзейнічалі раскрыццю самага галоўнага — эстэтычнай і нацыянальнай сутнасці беларускай літаратуры, якая жыве і развіваецца не ў моры суб’ектыўных выпадковасцей, а ў напружанай атмасферы агульначалавечых дачыненняў, пошукаў, знаходак і страт. Менавіта ў непасрэднай суаднесенасці са з’явамі сусветнай літаратуры літаратура нацыянальная набывала асаблівы сэнс, станавілася сапраўды жыццёвай і неабходнай. На гэтым ярка асветленым экране сусветнага літаратурнага працэсу наглядна выступалі шматлікія раней не заўважаныя мастацкія каштоўнасці беларускай літаратуры як літаратуры, якая расце, сталее, ідучы па шляху паскоранага творчага развіцця.

Даследаванні Адамовіча-літаратуразнаўцы 70-х гадоў — «Маштабнасць прозы» (1972), «Горизонты белорусской прозы» (Масква, 1974), «Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), «Кузьма Чорный. Уроки твор­чества» (Масква, 1977), «Лев Толстой и белорусская литература: Война и чело­век» (1978), «Літаратура, мы і час» (1979) — гэта кнігі-роздумы, кнігі-змаганне, аўтар якіх, выступаючы ў ролі і тэарэтыка, і практыка, знаходзіўся ў самым асяродку грамадскіх і літаратурных дыскусій, характэрных для 70-х гг. Ён — мастак, вучоны, крытык, шукальнік ісціны, і яму сапраўды трэба было ведаць, куды ісці ў сваім пошуку далей (так, «А што там, далей?», называўся адзін з артыкулаў-«прагнозаў» Адамовіча).

Яшчэ ў 60-я гады Алесь Адамовіч актыўна распрацоўваў ідэю пра драматызацыю жанру беларускага рамана і пра тое, што толькі такі раман здольны перадаць сапраўдны маштаб падзей ХХ ст. У 70-я гады ён усё больш настойліва, з уласцівай яму страсцю і паслядоўнасцю, даводзіў калегам-літаратарам неабходнасць мастацка-філасофскага асэнсавання эпохі, пранікнення ў глыбінную сутнасць гісторыі, якая здзяйсняецца на нашых вачах. Як звычайна, сам жа ініцыятар новых падыходаў да паказу жыцця першым і распачынаў ажыццяўляць уласныя праекты.

У нетрах «Хатынскай аповесці» і «Я з вогненнай вёскі...» ужо прысутнічала, нараджалася задума рамана «Карнікі. Радасць нажа, або Жыццеапісанні гіпербарэяў» (1980). «Пасля ўсяго намі пачутага, запісанага, сабранага ў кнізе «Я з вогненнай вёскі... — адзначаў Адамовіч, — нібыта лёгка напісаць яшчэ адну аповесць, раман напісаць. Пра гэта, пра вайну. Толькі навошта? Пасля такіх расказаў, такой праўды! Не хутка адважышся. Аднак тое ж самае, што закрывае шлях, таксама і адкрывае яго — толькі зусім у іншым напрамку... Патрэба зразумець такая ж моцная, як і патрэба даведацца».

Галоўным у новым творы празаіка было пытанне, якое ён неаднаразова чуў у тым ці іншым варыянце ад сваіх апавядальнікаў-відавочцаў хатынскіх трагедый, а менавіта: «Як маглі яны і хто яны, людзі, якія ўсё гэта рабілі?» Раман, як амаль усе мастацкія творы Адамовіча, нараджаўся доўга і цяжка, пра што сведчаць даты напісання: 1970—1980, 1987—1988 гг. У пачатку аўтарскае тлумачэнне: «Гіпербарэі, гіпербарэйцы — у старажытнагрэчаскай міфалогіі — жыхары Крайняй Поўначы (куды не далятае халодны вецер Барэй, на мяжы нашага свету са светам антыподаў), а паводле ўяўлення некаторых антычных аўтараў — гэта народ, які жыў у сярэдзіне першага тысячагоддзя да н. э. на Усходзе, у Азіі».

Раман «Карнікі» пабудаваны на дакументальным матэрыяле, а прозвішчы яго «герояў» (шараговага выканаўцы злачынных загадаў Тупігі, былых афіцэраў савецкай арміі Сурава і Мураўёва, штурмбанфюрэра Дзірлевангера) фігуравалі ў пратаколах суда над нацысцкімі злачынцамі. Сюжэт пабудаваны на аснове «кругоў»-раздзелаў, у кожным з якіх свой галоўны герой, і кожны з гэтых персанажаў раскрывае ў адкрытых і падрабязных «унутраных маналогах», падобных больш на «плынь свядомасці», сябе, сваю патаемную біяграфію, уласныя намеры і планы. Адны і тыя ж падзеі могуць пры гэтым асэнсоўвацца па-рознаму ў залежнасці ад пункту гледжання таго ці іншага антыгероя, якімі яны ўсе сябе ўрэшце дэманструюць, ад Тупігі і да Гітлера.