Выбрать главу

Над пытаннямі жанру і стылю пісьменнік шмат разважаў у літаратуразнаўчых кнігах першай паловы 80-х гадоў, такіх, як «Пра сучасную ваенную прозу» (1981), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Тэорыя літаратуры з дапамогай А. Адамовіча імкнулася не адставаць у сваім развіцці ад мастацкай практыкі, якая ў творчасці самога пісьменніка апошняга яго дзесяцігоддзя здзейсніла рашучы рывок наперад і выйшла на новы віток эстэтычнага руху. Вучоны нагадваў пра гэты перыяд класікі: «Талстоўскі крок», «Неабходнасць Талстога», «Думку вырашыць», «Дадумваць да канца», «Выбух на вяршыні літаратуры», «Як быць геніяльным», «Калі не мы, дык хто?» і інш.

Дакументальная «Блакадная кніга» (1982), матэрыялы для якой А. Адамовіч збіраў разам з рускім празаікам Д. Граніным на працягу некалькіх гадоў, была не толькі працягам калектыўнай кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем далейшага пошуку беларускім пісьменнікам новых шляхоў у літаратуры. У «Запісной кніжцы. 1975» А. Адамовіча некалькі радкоў: «Вось я на Піскароўскім. Усё пад снегам, маўчыць і крычыць. Забуртаваныя мільёны трупаў, забуртаваны горад. Бурты гэтыя яшчэ могуць загаварыць, сказаць патрэбнае людзям, свету — і пра тое, як вайна можа забуртаваць цэлыя краіны і ўсё чалавецтва. Не, нехта павінен гэта зрабіць. Не возьмуцца яны, буду рабіць адзін — два гады, пяць гадоў».

У інтэрв’ю беларускаму альманаху «Братэрства» Алесь Адамовіч адказваў на пытанне: «З чаго пайшла, пачыналася “Блакадная кніга”?»: «Атрымалася неяк само сабой... Былі нейкія нябачныя, але моцныя токі — ад Хатыней да блакадных ленінградскіх трагедый... І не нешта, а менавіта тое, што вайна была на ўсіх адна — Айчынная: што ў Беларусі, што ў Ленінградзе. Акрамя таго, унутраны гул ад доўгай працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» ўсё яшчэ працягваўся і, магчыма, таксама падштурхоўваў, патрабаваў нейкага працягу...» У памяці пісьменніка было ўсяго некалькі блакадных гісторый, пачутых ад Галіны Максімаўны Гарэцкай, дачкі беларускага класіка Максіма Гарэцкага (у пачатку 70-х гадоў А. Адамовіч часта наведваў яе ў Ленінградзе, каб мець матэрыялы жыцця і творчасці пісьменніка, пра якога ён пісаў вялікую працу «Браму скарбаў сваіх адчыняю...»). Жыццёвыя выпадкі, якія пазней выглядалі як заканамернасці, наладжвалі сувязь з «Блакаднай кнігай».

Алесь Адамовіч асобна вылучыў гісторыі ленінградскай блакады, пачутыя з вуснаў Галіны Максімаўны Гарэцкай:

«Жанчына-маці, каб уратаваць астатніх дзяцей ад блізкай смерці, не заяўляе да канца месяца пра памерлае дзіцятка (хлебныя карткі!), хавае замерзлы трупік у шафу».

«Пункт прыёму дзяцей-сірот, якіх збіралі ў жудасна ціхіх дамах «побытавыя атрады»: прынеслі хлопчыка, санітарка, добрая душа, цалуе галоднае заплаканае дзіця. Аглянулася: усе дзеці выстраіліся ў радочак, каб і іх пацалавала...»

У кнізе «Я з вогненнай вёскі..» у цэнтры ўвагі — лёс вёскі, у «Блакаднай кнізе» — гэта ўжо лёс горада ў тую ж татальную вайну. Дакументальная «Бла­кадная кніга» была не толькі працягам кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем узбагачэння жанру «магнітафоннай літаратуры». Трагічны лёс беларускай вёскі ў гады вайны, як у люстэрку, адбіваўся ў такім жа трагічным лёсе вялікага горада Ленінграда, асуджанага на галоднае выміранне. Ствараўся, па сутнасці, незнаёмы літаратуры жанр, які А. Адамовіч называў кнігай-араторыяй, сімфоніяй, хорам (як у антычных трагедыях). «У новага жанру, — пісаў ён, — тая перавага, што яму дадзена здабываць глыбінныя пласты, залежы псіхалогіі, праўды народнага жыцця адкрытым спосабам. Само жыццё сучаснае, якое геалагічна зрушылася, выбухнула небывалымі катаклізмамі, калі верхнія пласты сарваныя і агаліліся нетры, падрыхтавала і нарадзіла гэты спосаб, гэты жанр літаратуры». У «Блакаднай кнізе» шмат спроб звычайных людзей спасцігнуць з дапамогай інтэлекту сэнс падзей вайны, адносіцца да ўласнага існавання разумна, востра крытычна ацэньваючы сябе і іншых, разважаючы над тым, што было, што ёсць і што можа быць.

Чым больш А. Адамовіч і Д. Гранін слухалі гараджан, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш адкрывалася адна з галоўных апораў таго самага «духу леніградцаў». У «Блакаднай кнізе» апублікаваны зімні дзённічак маленькай Тані Савічавай: «Бабушка умерла 25 янв...», «Дядя Алёша 10 мая...», «Мама 13 мая в 7.30 утра...», «Умерли все. Осталась одна Таня». У другой частцы кнігі асаблівае месца займалі «падзённікі» блакадніка Г. Князева і дзённік падлетка Юры Рабінкіна. Адкуль браліся сілы, адкуль узнікала стойкасць, дзе знаходзілі месца вытокі душэўнай моцы? «Перад намі, — пісалі А. Адамовіч і Д. Гранін, — сталі адкрывацца не менш пакутлівыя праблемы і маральнага парадку. Іншыя меркі ўзнікалі для паняцця дабраты, подзвігу, жорсткасці, любові. Найвялікшаму выпрабаванню падвяргаліся адносіны мужа і жонкі, маці і дзяцей, блізкіх, родных, саслужыўцаў. У апавяданнях людзей паўставалі тыя складаныя маральныя задачы, якія даводзілася вырашаць кожнаму чалавеку. Мы ўбачылі незвычайныя прыклады моцы духу, прыклады высакародства, хараства, выканання абавязку, але і — нечуваных пакутаў, мучэнняў, пазбаўленняў, смерцяў... Не заўсёды было ясна — ці прыйшоў час для гэтых апавяданняў такой жорсткай бязлітаснасці? А з другога боку — ці не сышло, ці не запушчаны час і магчымасць расказаць пра гэта так, як гэта было ў жыцці і наяве, так, як гэта помняць толькі самі ленінградцы?..»