Выбрать главу

У апавяданнях, ва ўспамінах блакаднікаў, якія А. Адамовіч і Д. Гранін запісвалі і пераносілі ў будучую кнігу, захоўвалася шмат дакладных фактаў, становішчаў, дэталяў. У іх нагадвала пра сябе штодзённае жыццё: памяць (асабліва жаночая — удакладняюць аўтары кнігі) учэпіста фіксіравала неверагодную рэальнасць тых дзён і начэй «блакады». Вывучэнне А. Адамовічам і Д. Граніным калектыўнай памяці, запіс «вусных гісторый» адкрываюць шлях для літаратуры, якая намагаецца ўвабраць у сябе ўсё багацце народнага вопыту, набытага на працягу самай страшнай вайны за ўсю гісторыю, спрабуе вобразна асэнсаваць тое, што адбывалася. Так ствараўся новы, невядомы раней жанр літаратуры — мастацкі дакумент, кніга-араторыя, сімфонія, хор (гэтыя і іншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадваліся крытыкай).

У перавыданні «Блакаднай кнігі» А. Адамовіча і Д. Граніна, упершыню апублікаванай у Беларусі на рускай мове выдавецтвам «Мастацкая літаратура» (2015), у прадмове Наталлі Адамовіч прыводзяцца радкі з запісной кніжкі А. Адамовіча ад 12.2.1975 г., калі была завершана праца над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» і ўзніклі «нябачныя, але моцныя токі — ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый — і што токі гэтыя, імпульсы, якраз і накіроўвалі думкі і намеры аднаго з аўтараў кнігі пра Хатыні — накіроўвалі на Ленінград».

У гады «перабудовы» і «галоснасці» А. Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць, у яго мастацкай творчасці павялічылася доля публіцыстычнасці. У пісьме чытача, змешчаным у якасці эпіграфа да артыкула «Час жывы» (у рускім варыянце «Время живое») і апублікаваным у кнізе літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі А. Адамовіча «Выбери жизнь» (1986), прагучала пытанне: «Пасля таго, што напісалі, ці думаеце Вы (або не?), куды ісці далей?»

На першае пытанне: «Тое лепшае, што зроблена савецкай «ваеннай» літаратурай, не толькі наш час, але і будучыня наўрад ці паставіць пад сумненне. Наша вайна, Вялікая Айчынная, была справядлівейшым у гісторыі актам народнай праўды, гуманістычнай неабходнасці, патрыятычным і інтэрнацыянальным доўгам перад усім чалавецтвам, — гэта з выключнай паўнатой і сілай і выявіла савецкая літаратура».

На другое пытанне чытача «куды ісці далей?» А. Адамовіч адказаў так: «Ужо не трэба быць «чулым да свайго часу», каб усведамляць: рабіць трэба нешта большае, чым рабілася, прадпрымалася людзьмі, таму што пагроза ўсім і ўсяму ўсё згушчаецца. І ад літаратуры, і ад сябе ў літаратуры патрабаваць і можна, і варта большага, чым раней, учора».

У артыкуле «Час жывы» А. Адамовіч паспрабаваў глянуць на наш час вачыма жыхароў... чацвёртага тысячагоддзя: «І яны, зазірнуўшы ў старыя, нашага часу, кнігі, здзівяцца: чаму так невыразна пісалі пра галоўнае, пра космас, а другараднае (вайну) адлюстроўвалі ў сапраўдных і нават вялікіх творах? Можа, і не зразумеюць, што праблемы вайны і міру на зыходзе другога тысячагоддзя — гэта і было галоўнае, самае галоўнае. Каб гэта зразумець, ім давядзецца паднатужыцца і адчуць, якая пагроза, рэальная, фізічная пагроза іх будучаму суіснаванню, абазначылася якраз у 70—80-я гады, у канцы другога тысячагоддзя. (У 90-я гады і далей зазіраць, гадаючы, што і як будзе, больш складана, чым за тысячу гадоў наперад, і таму не будзем.)». А. Адамовіч, у адрозненні ад нас, «звычайных», «сучасных» жыхароў канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, ахвотна зазіраў у далёкую будучыню, якую адчуюць і ацэняць нашы нашчадкі. «А чаму б і не, — з адамовічаўскай усмешкай міжволі ўспрымаем і мы: — у запасе ў чалавецтва, як сцвярджаюць вучоныя, 800 мільёнаў гадоў жыцця, наш біялагічны патэнцыял!»