Нягледзячы на самыя змрочныя прадчуванні, Алесь Адамовіч заставаўся аптымістам: што было, тое было, не вернеш назад, жыццё ён пражыў не дарэмна, здолеў нямала добрага і патрэбнага здзейсніць і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай сферы, а таму была надзея на ўдзячнасць і светлую памяць нашчадкаў. Запамінаюцца іранічна-філасофскія адносіны яго да самога сябе, імкненне падвесці філасофскія вынікі свайго роздуму над агульнымі для ўсіх жывых і сумленных людзей «вечнымі пытаннямі» дабра і зла, любові і нянавісці, жыцця і смерці. Аповесць «Vixi» завяршаецца на аптымістычнай ноце: «Так, жыццё пражыць — не поле перайсці. Як усё проста, але сказана назаўсёды, пра ўсіх. З Вечнасці перабегчы ў Вечнасць. А па шляху — столькі ўсяго».
Жыццё пісьменніка не завяршаецца з яго фізічным сыходам у лепшы свет, а яго мастацкія творы і яго зіхоткая публіцыстыка знаходзіць свой працяг і паглыбленне ў сучаснай рэчаіснасці. Імя і прозвішча Алеся Адамовіча згадваецца пры нагодзе і надзвычай часта. У беларусаў досыць шмат выдатных дзеячаў мінулага, адсутнасць якіх у жыцці іх нашчадкаў адчуваецца вельмі абвострана. І не толькі братоў-беларусаў.
Неўзабаве з Масквы, дзе пісьменнік жыў і тварыў у апошнія гады, дайшла вестка, што выйшаў у свет першы том Збору твораў выдатнага рускага паэта і ўсенародна вядомага барда Уладзіміра Высоцкага. Цікава і сімвалічна, што ў якасці ўступу да гэтага тома выдаўцы змясцілі слова Алеся Адамовіча пра паэта, які выканаў некалькі песень у яго кінафільмах «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой».
Алесь Адамовіч загарэўся прагай пабыць у родных мясцінах. Папрасіў стрыечнага брата Мікалая Тычыну падвезці на машыне ў яго родную Глушу, што непадалёку ад Бабруйска. На глушанскіх могілках пастаяў нейкі час каля магіл родных і блізкіх: бабулі Ефрасінні, бацькі і маці. Паказаў удаве свайго старэйшага брата Яўгена і Мікалаю, «дзе ён хацеў быць пахаваны». Заадно пагадзіўся пад’ехаць за 12 вёрст у пасёлак Завалочыцы, дзе адзінока дажывала свае дні цёця Каця (так ён называў звычайна маці Мікалая). Быў усцешаны, пакаштаваўшы пасля доўгай дарогі баршчу, згатаванага ў вясковай печы. Выйшаўшы на падворак з Мікалаем, азірнуў навокал сядзібу сваякоў, пахваліў гаспадарку «дзядзькі Аляксандра» і, глянуўшы на пабрацейніка, параіў: «Даглядайце і шануйце свой бацькоўскі агарод!»
Вярнуўшыся ў Мінск, незадоўга да ад’езду пабываў у рэдакцыі часопіса «Нёман», перамовіўся з галоўным рэдактарам Анатолем Кудраўцом, здаў у друк падрыхтаваную дакументальную аповесць «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад» (апублікаваную ў жніўні 1994 г.). У апошнюю паездку на цягніку ў сталіцу яго праводзілі сябры Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Уладзімір Бойка, Яўген Коктыш, родныя і блізкія.
26 студзеня А. Адамовіч выступаў у Вярхоўным судзе Расійскай Федэрацыі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюза пісьменнікаў, вярнуўся на сваё месца ў зале, спытаў у суседа, як ён выступіў, супакоіўся, а сусед у гэты момант раптам адчуў, як ён злёгку галавой нахіліўся да яго пляча, — здарыўся другі, пасля ранейшага, апошні інфаркт.
Здаецца нам, што нібыта добра ведаем, як жыў, пра што думаў Алесь Адамовіч, гэты вельмі прыкметны на нашых прасторах чалавек. Сумленна, годна, па праўдзе, пакрысе пазбаўляючыся «самаўпэўненых адносін да быцця». Ён тварыў уласнае жыццё, ведаючы, што такое смерць. Нездарма паўтараў словы акадэміка І. Паўлава, пад дыктоўку якога запісвалася ўсё, што ён адчуваў у час памірання: «Не перашкаджайце! Паўлаў працуе — Паўлаў памірае!» А. Адамовіч цудоўна разумеў, што чалавек як фізічная істота смяротны і што няма на тое нашае волі, нарадзіцца ці не нарадзіцца, памерці ці не памерці. Але дадзена нам воля выбіраць, як жыць, якім зместам напоўніць сваё жыццё, каб фармаваць, ствараць сябе кожным сваім учынкам і паводзінамі.