Тым часам ад Адамовіча да прабацькі Адама ці не дзясяткі пакаленняў: толькі ад Аўраама да Ісуса Хрыста, як сведчыць евангеліст Мацвей, налічваецца роўна сорак «каленаў» (Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Іакава; Іакаў...). Сам Алесь Адамовіч любіў згадваць гэты пералік, вонкава як бы бессэнсоўны, звязаны хутчэй лірычнай інтанацыяй, чым рэальным сюжэтам. Паняцце «сялянскі род», «літаратурная сям’я» вельмі цікавіла Адамовіча; так ён выказваў патаемную мару пра тое, каб узнавіць уласнае радаводнае дрэва, хоць да праблем «крыві і глебы» адносіўся насцярожана, ведаючы, як лёгка яны могуць засланіць нешта больш важнае, вырашальнае ў чалавечых дачыненнях, — духоўнае сваяцтва.
Пра сваю маці Ганну Мітрафанаўну расказаў столькі і гэтак, што пасля яго можна толькі паўтарацца. Пасля публікацыі рамана «Вайна пад стрэхамі» ён прызнаваўся: «Калі мне што і ўдалося ў рамане, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Успаміны Ганны Мітрафанаўны «І так было кожны дзень» (часопіс «Нёман», № 10, 1999 г.) цалкам пацвярджаюць дакладнасць яе слоў. Запіскі, успаміны Ганны Мітрафанаўны Адамовіч пісаліся для Музея Вялікай Айчыннай вайны. Перад аўтарам стаяла простая мэта — расказаць, па магчымасці, падрабязней пра часы падполля і партызанскага змагання, пра людзей, з якімі выпала разам ваяваць. Перанесці на паперу тое, пра што неаднойчы апавядалася і ўспаміналася.
У тым, што задума здзейснілася, несумненная роля самога А. Адамовіча: не так лёгка неспакушанаму ў літаратурнай творчасці чалавеку ўзяцца за пяро і апісаць перажытае ў гады вайны. Менавіта ён цудоўна разумеў агульную значнасць асабіста перажытага вопыту, пераконваў у яго надзвычайнай каштоўнасці. На жаль, паняцце «магнітафонная літаратура», пазней выкарыстанае самім А. Адамовічам, тады яшчэ не існавала! Тым даражэй і больш зразумелым было напісанае нявопытнай рукой. Памяць у маці Алеся Міхайлавіча была выключнай.
«Выявілася, — адзначаў Адамовіч пазней, — што я нават уласную маці пасапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека пабачыў і зразумеў, калі пачалося жахлівае жыццё». І менавіта вобраз маці мацней за ўсё ўражвае ў яго рамане, таму што ў гады вайны не было нічога больш страшнага, чым твар маці, на вачах у якой забівалі яе дзяцей, або дзеці якой ваявалі, а значыць — таксама забівалі. Гэта адчуванне яскрава выяўлена ў эпіграфе да рамана, у словах, якія набылі агульную вядомасць: «У вайны не жаночае аблічча. Але нішто на гэтай вайне не запаміналася больш, мацней, страшней і прыгажэй, чым абліччы нашых маці».
Асабісты вопыт падлетка-партызана Алеся Адамовіча ўзбагачаецца за кошт «сямейнай» памяці, калі надзвычай уражлівыя падрабязнасці, прозвішчы, даты, месцы баёў, падзеі ўспаміналіся і ўдакладняліся разам з маці Ганнай Мітрафанаўнай яе старшым сынам Жэнем (Яўгенам Міхайлавічам), братам Антонам — Антонам Мітрафанавічам Тычынам, сёстрамі — Соф’яй Мітрафанаўнай Шуст і Зінаідай Мітрафанаўнай Жарыкавай. Акрамя ўсяго, яшчэ былі «атрадныя» ўспаміны, калі на традыцыйных партызанскіх сустрэчах збіраліся разам сябры па змаганні з фашызмам (імёны многіх з іх згадваюцца ў запісках Г. Адамовіч) і сумесна ўзнаўлялі з розных пунктаў погляду аб’ектыўныя малюнкі здзейсненага. Менавіта гэта і выклікае асаблівую зацікаўленасць да ўспамінаў і гісторый.
Спачатку многае здавалася незразумелым, і падзеі разгортваліся не так, як уяўлялася да вайны. Аднак агульная бяда прымусіла глядзець праўдзе ў вочы, паскорыўшы тым самым працэс фармавання асобы. У рабочым пасёлку Глуша, як амаль паўсюль, было сваё падполле, свая «вайна пад стрэхамі», у форме якой выяўлялася народнае супраціўленне акупантам. Бацька Алеся ў гэты час знаходзіўся на фронце, а маці неяк натуральна і проста ўключылася ў змаганне з ворагам, пачаўшы з малога — з дапамогі бежанцам, палонным харчаваннем, медыкаментамі (яна загадвала мясцовай аптэкай). З верасня 1941 года медыкаменты прывозіла з Бабруйска і забяспечвала імі партызан, разам са сваімі дзецьмі выконвала заданні і даручэнні. Відавочна, што высока цаніла арганізатараў падпольнага руху, але было бачна, што хутка спасцігала хады і хітрыкі падазроных асоб, умела ставіць іх на месца. Яе сяброўкі не хавалі свайго ўнутранага захаплення яе неверагоднымі паводзінамі і артыстычнымі жэстамі. Яна выдатна разумела, што такое рызыка ва ўмовах акупацыі і чым усё можа нечакана скончыцца. Яе сыны былі проста ў захапленні ад маці, але не забываліся і пра яе строгасць. Ужо ў пачатку 1942 года Алесь, а яшчэ больш брат Жэня, ведалі, што аптэка працуе на партызан і што «партызанка» была побач, у сям’і. Хаця сам Алесь па маладосці марыў пра «сапраўдных» партызан. Хацелася да герояў.