У пасляслоўі «Дороги Алеся Адамовича» да публікацыі ў часопісе «Нёман» яго галоўны рэдактар пісьменнік Анатоль Кудравец пазнаёміў чытачоў са зместам «Запісных кніжак» Адамовіча і з літаратурным партрэтам іх аўтара апошніх гадоў. «Хто быў знаёмы з ім блізка, — пісаў А. Кудравец, — той добра ведаў, які гэта быў маторны чалавек. Ні хвіліны без справы, калі не справа — то ідэі хутчэй заўсёды нечаканай, няхай нерэальнай, але заўсёды выбуховай. Спачатку загараўся сам, а потым і ўсе, хто знаходзіўся побач, і вось ужо выбухнула полымя, ляцяць іскры, вось-вось запалае калі не пажар, то добры касцёр... Азірнуліся: а дзе ж Адамовіч? А Адамовіча ўжо тут няма, ён паімчаўся кудысьці ў пошуках новай ідэі... Партызаншчына была яго натурай, яго стыхіяй. Партызаншчына не ў сэнсе неаб’езджанай вольніцы, а ў сэнсе свабодалюбства і суцэльнай гатоўнасці змагацца за яе... І хапала яе не толькі на яго самога, але і на ўсіх, хто трапляў у прастору яго духоўнага і канкрэтна дзелавога поля. Забягаў у рэдакцыю вырашыць пытанне аб рукапісе сваёй аповесці або рамана, каб праз некалькі хвілін бегчы ў іншае месца, па нейкіх не менш неадкладных, не менш важных клопатах. Дакладней, усе клопаты для яго былі аднолькава важныя — ці то гэта лёс уласнага рукапісу ці чыйсьці яшчэ — былога партызана або пачаткоўца-пісьменніка, ці то выступленне на нейкай навуковай канферэнцыі або дэпутацкім запытанні... »
Што датычыцца «дэпутацкага запыту», А. Кудравец адзначыў асобна: «Гэта Адамовіч «раскруціў» беларускі Чарнобыль, распаведаўшы савецкай і сусветнай грамадскасці пра засакрэчаныя факты радыяцыйнай трагедыі Беларусі, на зямлі якой асела дзве трэці ўсіх смертаносных асадкаў, выкінутых выбухам на Чарнобыльскай АЭС, — пяцьдзясят, шэсцьдзясят, восемдзесят Хірасім?.. Дзве трэці радыёнуклідаў, чацвёртая частка забруджанай тэрыторыі — Гомельшчына, Магілёўшчына, Брэстчына, Міншчына... Плюс кожны пяты «мечаны» — з дзесяці мільёнаў жыхароў Беларусі... Калі б не Адамовіч, магчыма, і сёння мы не ведалі б усёй жахлівай праўды пра ўчарашнія, сённяшнія і заўтрашнія наступствы для здароўя мільёнаў людзей так званага «мірнага атама».
І яшчэ: «Адамовіч спяшаўся жыць, а жыццё яго было — праца. Ён прадчуваў, што не так шмат часу адпушчана яму, а пасля цяжкага інфаркту, які зваліў яго ў Маскве, гэта прадчуванне набыло лёгка прагназаваную незайздросную перспектыву. Але партызан заставаўся партызанам, змяняць у сабе ён нічога не жадаў. Хаця гэта было і не ў яго сіле. Вось такі, пасляінфарктны, Адамовіч і з’явіўся ў часопісе ў пачатку 1994 года».
У аўтабіяграфіі «Заглядваючы ў сябе...» А. Адамовіч пра гэты час пісаў так: «Вельмі хацелася расказаць пра перажытае, бачанае ў час вайны. І чым больш чытаў аб вайне, тым больш верыў, што «маё» яшчэ не расказана... Вельмі ўдзячны лёсу, што не асмеліўся тады напісаць і паспрабаваць надрукаваць нешта закончанае. Сапсаваў бы, мабыць, матэрыял. Перачытваючы тыя запісы, бачу, што «зносіла» мяне моцнымі вятрамі таго часу: не-не ды і пачынаў пісаць не так, «як яно было», а так, «як павінна было быць». І іменна таму, што не адчуваў магчымасці расказаць аб тым, «што ведаю лепш за ўсіх на свеце», і так, «як я хачу» (словы
А. Твардоўскага, якія любіў, «за дакладнасць». — М. Т.), не захапляла мяне цалкам гэта пісанне. Усё неяк прыхапкам...»
З аднаго боку, вострае адчуванне грамадскай патрэбы ў тым, каб расказаць, «як усё было», а з другога — яснае разуменне немагчымасці ажыццявіць задуманае, і не толькі таму, што творчы вопыт яшчэ малаваты, але і таму, што агульны ідэйна-мастацкі ўзровень тагачаснай літаратуры быў невысокі. «Кожны, хто піша, ведае той галоўны штуршок у жыцці, які зрабіў яго літаратарам... Для мяне і многіх маіх аднагодкаў — Айчынная вайна і Дваццаты з’езд. Два штуршкі — два «эпіцэнтры». Без другога і аб вайне расказвалі б мы па-другому. Ці наогул не расказвалі б... Так, мы перажылі ў 1956 г. інтэлектуальную буру, але карэнні нашы ўжо акрэплі, умацаваліся ў час вайны, калі на ўсё жыццё адчуў, што, нягледзячы ні на што, ёсць на свеце рэчы, каштоўнасці, у імя якіх можна ахвяраваць усім».
Алесь Адамовіч з яго тэмпераментам байца і апантанасцю новай ідэяй, імкненнем рабіць усё з поўнай самааддачай, кінуўся ў пачатку 50-х гадоў у крытыку, справядліва лічачы, што вельмі многае, калі не ўсё, вырашаецца ў тэарэтычнай барацьбе з устарэлымі поглядамі на жыццё і літаратуру. Расчышчаючы шлях для іншых і разам з іншымі, пісьменнікамі-«шасцідзясятнікамі», ён тым самым расчышчаў яго і для самога сябе як мастака слова, празаіка, раманіста. «...я кінуўся ў крытыку, увесь, з усімі думкамі і эмоцыямі. І літаратурная крытыка, магу засведчыць, здольна стаць тваёй страсцю, але пакуль ты верыш, што гэта не «бура ў шклянцы вады», а сапраўды грамадская справа. Чым больш я вучыў і павучаў як крытык іншых, тым больш палохаў мяне ўласны твор. Пісаў ужо больш сістэмна і не аб лясных партызанах, а пра тое, як людзі робяца партызанамі, як складана паварочваецца да іх усё, што ўчора здавалася вельмі простым... (Аб партызанах вырашыў напісаць потым)».