Выбрать главу

У 1958 г. з друку выйшла першая кніга А. Адамовіча, літаратуразнаўчае даследаванне «Шлях да майстэрства», у аснову якога легла вывучэнне працэсу станаўлення мастацкага стылю Кузьмы Чорнага. У 1959 г. пабачыў свет зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Культура творчасці». У 1961 г. была надрукавана навуковая манаграфія «Беларускі раман», на аснове якой аўтар праз год абараніў доктарскую дысертацыю (абарона адбывалася ў Кіеве, у Інстытуце літаратуры імя Т. Р. Шаўчэнкі АН УССР, — у Мінску «ўплывовыя» літаратары «гразіліся» не дапусціць абароны. Так пачалося «выцясненне» А. Адамовіча за межы Беларусі). Гэтыя кнігі мелі шмат зычлівых водгукаў у друку і занялі сваё месца ў гісторыі змагання беларускіх літаратуразнаўцаў з вульгарна-сацыялагічнымі стэрэатыпамі і дагматычным мысленнем (навуковая манаграфія «Становление жанра: Белорусский роман» была перакладзена на рускую мову і надрукавана ў Маскве ў 1964 г.).

Сам А. Адамовіч у шэрагу навукова-тэарэтычных артыкулаў шматразова падкрэсліваў выключнае значэнне беларускага творчага руху, які выяўляў сябе ў вучобе пісьменніка ў класікаў, у неабходнасці вялікага пачуцця грамадскага абавязку перад народам, у ролі літаратурнай крытыкі і акадэмічнай навукі ў развіцці эстэтычнага густу, адчуванні хараства літаратурнага твора, вымярэнні мастацкай глыбіні, ідэйна-мастацкіх вартасцей літаратуры, у багацці творчых індывідуальнасцей.

У 1961 г. доктар філалагічных навук А. Адамовіч нечакана для многіх замест працы ў літаратуры стаў слухачом Вышэйшых сцэнарных курсаў у Маскве. Адначасова ён ставіў разам з кінарэжысёрам В. Туравым двухсерыйны фільм паводле раманаў «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». Аўтар і выканаўца песень — У. Высоцкі. Выкладаў два гады беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

У 1966 г. апублікаваў аповесць «Вікторыя» (у часопісным варыянце «Асія», на рускай і беларускай мовах, перакладчык на беларускую — М. Стральцоў), дзе зрабіў спробу выйсці за межы аўтабіяграфізму і стварыць вобраз інтэлектуала«шасцідзясятніка», які змагаецца з неасталіністамі за сцвярджэнне дэмакратычных ідэалаў у грамадстве.

У гэты ж час ён адмовіўся падпісаць ліст з асуджэннем А. Сіняўскага і Ю. Даніэля, маскоўскіх літаратараў-дысідэнтаў, якіх судзілі за «антысавецкую дзейнасць». У выніку быў вымушаны пакінуць Маскву і вярнуцца ў Мінск, дзе меў «пастаянную прапіску». З дапамогай народнага пісьменніка А. Макаёнка з цяжкасцю ўладкаваўся на працу ў Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР старшым навуковым супрацоўнікам.

Прымаў актыўны ўдзел у працы «рэфарматарскага» V з’езда Саюза пісьменнікаў БССР, дзе адбылося драматычнае сутыкненне «шасцідзясятнікаў» з «неасталіністамі», якое завяршылася пераабраннем старшыні і сакратарыяту тагачаснага праўлення Саюза пісьменнікаў.

У 1968 г. па сцэнарыі А. Адамовіча кінарэжысёр І. Калоўскі паставіў дакументальны фільм «Хатынь, 4 кіламетры», з якога пачаўся новы этап у падыходзе пісьменніка да ваеннай тэмы: на змену «гераізацыі» прыйшла «трагедыйнасць» у паказе мінулага.

Паводле яго ўласнага вызначэння, «вярнуўся смак да паўнаважкага слова, але не ранейшага, лішне кампанейскага, акружанага шумным, жывапісным і неабавязковым натоўпам сяброў-слоў, а да слова-ўчынку, слова-дзеяння». Менавіта такой мовай пісалася аповесць «Апошні адпачынак», апублікаваная ў часопісе «Дружба народаў» (1969). Яна сведчыла пра тое, што празаік знаходзіўся ў творчым пошуку. Гэтым тлумачыцца яго зварот да сучаснай тэмы, да праблем асабістага жыцця персанажаў і адначасова агульначалавечых калізій ХХ ст., сярод якіх асаблівае месца займае пагроза смяротнай хваробы — раку.

У перапісцы А. Адамовіча з В. Быкавым у 60-я гады — лісты штораз прыходзілі ад аднаго да другога з розных мясцін: кожны з іх звычайна знаходзіўся там, дзе іх спасцігала чарговая справа, — Мінск, Гродна, Масква, Ленінград, Ялта, Кактэбель... Часцей за ўсё перапіска нагадвала паштовыя тэлеграмы, дзе пераважаў гумар. Куды радзей дасылаліся досыць шматслоўныя і надзвычай глыбокія і сур’ёзныя тэксты і развагі, калі ўзнікала нечаканая праблема ў гутарцы пра тэрмінова прачытаныя новыя творы, якія вымагалі то ў аднаго, то ў другога пільную патрэбу выказацца, у асобных дадатках згадваліся найбольш яркія імёны і літаратурна-творчыя праблемы. Часцей за ўсё ёмістыя гутаркі адбываліся ў час сяброўскага наведвання адзін аднаго, у пераважнай большасці гэта былі сямейныя пасядзелкі, якія вымагалі часу...