Выбрать главу

Як, напрыклад, сустрэчы-гутаркі Алеся Адамовіча з Васілём Быкавым, якія запісваліся на магнітафон. Адбылося тры сустрэчы: першая ў кватэры Быкавых, другая і трэцяя — у Адамовічаў. Алесь Адамовіч — аўтар-склад альнік двух альбомаў-даведнікаў «Сказ пра Івана Мележа» (1984) і «Васіль Быкаў» (1986). У размовах з Мележам пераважалі выказванні вядомых і блізкіх яму пісьменнікаў Васіля Віткі, Веры Палтаран, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Алены Васілевіч, Ніла Гілевіча, сямейнікаў, блізкіх... У сустрэчах і гутарках з Васілём Быкавым ён звычайна задаваў кароткія пытанні, часам удакладаненні, на якія суразмоўца грунтоўна адказваў...

Вось асобныя ўрыўкі з пісьма В. Быкава ад 29.9.1968 года (напісаныя на рускай мове, як і папярэднія, — у аўтарскім перакладзе на беларускую): «Цяпер пра твае зусім неабгрунтаваныя стогны адносна самога сябе. Чаго табе не стае — гэтага я не разумею і не згаджаюся з табой зусім. Ты, як ніхто іншы з мне вядомых, моцны менавіта рэчыўнасцю, псіхалагічнай выразнасцю, дакладнасцю, глыбінёй характарыстык. Я дасюль помню многія твае сцэны, эпізоды, розныя дробязі, дэталі, якіх і ў рамане, і ў аповесцях цьма і якія мяне проста ўражвалі пры чытанні. Акрамя таго, колькі там думак — кароткіх, сціслых, значных для нашага часу! Іншая справа, што ў аповесцях ты бярэш некалькі камерных, інтымных тэм (як і ў «Вікторыі»), але і за гэтай інтымнасцю хаваецца вялікая грамадская праблематычнасць. Зноў жа нават і там ты, калі ўжо прарываешся ў мінулае, дык гэта прарыў на мяжы шэдэўра (у той жа «Вікторыі»). Саша, я табе не дагаджаю, яй богу, няма ў гэтым патрэбы, але я хачу, каб ты цалкам выкінуў з галавы ўсякае дурное самаедства і ведаў, што талент твой сапраўдны, вялікі і ў той жа час тонкі, а галоўнае, дужа разумны, чаго ў нас, у Беларусі, не хапае многім (м. б., за выключэннем Брыля). І ўсё, табой апісанае, цудоўнае: і рама­ны, і аповесці, і калі нечага ў іх не ацанілі па вартасці, то ў гэтым тваёй віны няма, а пракляцце нашага халопскага часу. Мабыць, ты пайшоў наперад і далей, і яшчэ не надышоў твой час. А потым ты ж ведаеш, што папулярнасць, шумны поспех — зусім не паказчык вартасці пісьменніка. Шамякін, вядома, папулярней за цябе, ды і Брыля, але хіба гэта што-небудзь азначае? Мне асабіста хочацца, каб ты пісаў больш (у гэтай сувязі я не магу адобрыць тваёй сувязі-валакіты з кіно /здымкі фільма з В. Туравым/ <...>). Не ведаю як хто, я ж проста адчуваю ў сучаснай нашай літаратуры тваю даўгаватую адсутнасць, таму, мусіць, што тваё месца няма каму заняць, акрамя цябе. Упэўнены, што напісанае табой будзе гэтак жа выдатна, як і ранейшае. І няхай цябе не бянтэжаць розныя развагі, у тым ліку і пэўныя адносіны да тваіх рэчаў «Нового мира». Я думаю, што прычынай таму выключна тэматыка тваіх рэчаў (аповесцей), якая, м. б., не зусім кладзецца на душу ў многім кансерватыўнага і суб’ектыўнага А. Тв. Тое ж атрымалася і з бондараўскімі «Родственниками» і нават з бакланаўскім «Июнем 41». Па-мойму, усякаму відавочна, што пазіцыя «Н. М.» у гэтым пытанні — яго крайнасць і агранічанасць. А потым, ці варта шкадаваць па «Н. М.», які вольна ці нявольна, але ўмее нявечыць і ламаць творы, якія ў ім друкуюцца, не горш, калі не лепш за многія другія часопісы. Як гэта яны зрабілі з маёй аповесцю, у сэнсе якой не могуць разабрацца цяпер нават выдатныя пісьменнікі-франтавікі, як, напрыклад, А. Астаф’еў. Але што ж, хто застрахаваны ад няўдачы? Што ж датычыца мяне, то я імкнуся, калі пішу, толькі данесці ў магчымай для мяне эстэтычнай ступені маю думку, ідэю, зусім не клапоцячыся пра тое, як гэта будзе расцэнена. Адзінае, чаго мне хочацца, — гэта быць надрукаваным, без чаго, як вядома, літаратурны факт не можа лічыцца як той, што адбыўся. Але і гэта з кожным годам становіцца ўсё больш цяжкой справай. Мабыць, прыйдзе (калі ўжо не прыйшоў) час пісаць у стол, працаваць на заўтра. А там будзе відаць. Але ж мы беларусы, а значыць, баягузы і лянівыя, да таго ж самалюбныя — нам падавай канчатковы вынік. У гэтым, каюся, грэшны і я. У стале пуста. Дык вось, Саша, я яшчэ раз хачу прасіць цябе: не смей і думаць нават, што табе чаго-небудзь не хапае — у цябе даволі ўсяго. Ты — сумленны глыбокі мысляр, ты — выдатны мастак. МАСТАК, ты чуеш гэта? Хіба гэтага мала для аднаго чалавека ў наш бяздумны меркантыльны век? І ўсім гэтым пазначаны ўсе твае творы — павер, з боку гэта выдатна бачна. Няхай яны, м. б., не ў традыцыях беларускай прозы, ну і што ж? Затое цалкам у традыцыях сучаснай сусветнай прозы, і цалкам на еўрапейскім узроўні. І не лічы, калі ласка, што ў цябе горш, чым у Друцэ (я ведаю, ты яго вельмі высока цэніш, ён заслугоўвае гэтага, але для мяне зусім ясна, што ты ў такім выпадку заслугоўваеш яшчэ большага). Проста вы розныя, у вас розны матэрыял, і згадзіся, што працаваць на традыцыйным для літаратуры матэрыяле сялянскай вёскі непараўнальна лягчэй, чым, напрыклад, на матэрыяле сучаснай моладзі. Таму там суцэльныя поспехі ў плыні многіх дзесяцігоддзяў на ўсім гэтым фронце: ад Лупсякова да