Выбрать главу

Прырода сама па сабе не мае аксіялагічнай вартасці, каштоўнасці там і толькі там, дзе ёсць свабода выбару, дзе мы прымаем адказнае рашэнне. Можна, як гавораць палякі, «жыць, жэбы жыць». А можна жыць так, як жыве звычайны лісток на дрэве: убіраць у сябе вуглекіслату, а аддаваць кісларод. Алесь Адамовіч не баяўся дыхаць атрутнай атмасферай эпохі, пранізанай выпарэннямі смерці, бо ведаў, што без кіслароду духоўнасці, які генерыруе літаратура як мастацтва слова, немагчымае існаванне сучаснага чалавецтва. Як сказаў Восіп Мандэльштам: «Паэзію паважаюць толькі ў нас — у нас за яе саджаюць у турму, судзяць, забіваюць!»

Тым часам ад Адамовіча да прабацькі Адама ці не дзясяткі пакаленняў: толькі ад Аўраама да Ісуса Хрыста, як сведчыць евангеліст Мацвей, налічваецца роўна сорак «каленаў» (Аўраам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Іакава; Іакаў...). Сам Алесь Адамовіч любіў згадваць гэты пералік, вонкава як бы бессэнсоўны, звязаны хутчэй лірычнай інтанацыяй, чым рэальным сюжэтам. Паняцце «сялянскі род», «літаратурная сям’я» вельмі цікавіла Адамовіча; так ён выказваў патаемную мару пра тое, каб узнавіць уласнае радаводнае дрэва, хоць да праблем «крыві і глебы» адносіўся насцярожана, ведаючы, як лёгка яны могуць засланіць нешта больш важнае, вырашальнае ў чалавечых дачыненнях, — духоўнае сваяцтва.

Пра сваю маці Ганну Мітрафанаўну расказаў столькі і гэтак, што пасля яго можна толькі паўтарацца. Пасля публікацыі рамана «Вайна пад стрэхамі» ён прызнаваўся: «Калі мне што і ўдалося ў рамане, дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Успаміны Ганны Мітрафанаўны «І так было кожны дзень» (часопіс «Нёман», № 10, 1999 г.) цалкам пацвярджаюць дакладнасць яе слоў. Запіскі, успаміны Ганны Мітрафанаўны Адамовіч пісаліся для Музея Вялікай Айчыннай вайны. Перад аўтарам стаяла простая мэта — расказаць, па магчымасці, падрабязней пра часы падполля і партызанскага змагання, пра людзей, з якімі выпала разам ваяваць. Перанесці на паперу тое, пра што неаднойчы апавядалася і ўспаміналася.

У тым, што задума здзейснілася, несумненная роля самога А. Адамовіча: не так лёгка неспакушанаму ў літаратурнай творчасці чалавеку ўзяцца за пяро і апісаць перажытае ў гады вайны. Менавіта ён цудоўна разумеў агульную значнасць асабіста перажытага вопыту, пераконваў у яго надзвычайнай каштоўнасці. На жаль, паняцце «магнітафонная літаратура», пазней выкарыстанае самім А. Адамовічам, тады яшчэ не існавала! Тым даражэй і больш зразумелым было напісанае нявопытнай рукой. Памяць у маці Алеся Міхайлавіча была выключнай.

«Выявілася, — адзначаў Адамовіч пазней, — што я нават уласную маці пасапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека пабачыў і зразумеў, калі пачалося жахлівае жыццё». І менавіта вобраз маці мацней за ўсё ўражвае ў яго рамане, таму што ў гады вайны не было нічога больш страшнага, чым твар маці, на вачах у якой забівалі яе дзяцей, або дзеці якой ваявалі, а значыць — таксама забівалі. Гэта адчуванне яскрава выяўлена ў эпіграфе да рамана, у словах, якія набылі агульную вядомасць: «У вайны не жаночае аблічча. Але нішто на гэтай вайне не запаміналася больш, мацней, страшней і прыгажэй, чым абліччы нашых маці».

Асабісты вопыт падлетка-партызана Алеся Адамовіча ўзбагачаецца за кошт «сямейнай» памяці, калі надзвычай уражлівыя падрабязнасці, прозвішчы, даты, месцы баёў, падзеі ўспаміналіся і ўдакладняліся разам з маці Ганнай Мітрафанаўнай яе старшым сынам Жэнем (Яўгенам Міхайлавічам), братам Анто­нам — Антонам Мітрафанавічам Тычынам, сёстрамі — Соф’яй Мітрафанаўнай Шуст і Зінаідай Мітрафанаўнай Жарыкавай. Акрамя ўсяго, яшчэ былі «атрадныя» ўспаміны, калі на традыцыйных партызанскіх сустрэчах збіраліся разам сябры па змаганні з фашызмам (імёны многіх з іх згадваюцца ў запісках Г. Адамовіч) і сумесна ўзнаўлялі з розных пунктаў погляду аб’ектыўныя малюнкі здзейсненага. Менавіта гэта і выклікае асаблівую зацікаўленасць да ўспамінаў і гісторый.

Спачатку многае здавалася незразумелым, і падзеі разгортваліся не так, як уяўлялася да вайны. Аднак агульная бяда прымусіла глядзець праўдзе ў вочы, паскорыўшы тым самым працэс фармавання асобы. У рабочым пасёлку Глуша, як амаль паўсюль, было сваё падполле, свая «вайна пад стрэхамі», у форме якой выяўлялася народнае супраціўленне акупантам. Бацька Алеся ў гэты час знаходзіўся на фронце, а маці неяк натуральна і проста ўключылася ў змаганне з ворагам, пачаўшы з малога — з дапамогі бежанцам, палонным харчаваннем, медыкаментамі (яна загадвала мясцовай аптэкай). З верасня 1941 года медыкаменты прывозіла з Бабруйска і забяспечвала імі партызан, разам са сваімі дзецьмі выконвала заданні і даручэнні. Відавочна, што высока цаніла арганізатараў падпольнага руху, але было бачна, што хутка спасцігала хады і хітрыкі падазроных асоб, умела ставіць іх на месца. Яе сяброўкі не хавалі свайго ўнутранага захаплення яе неверагоднымі паводзінамі і артыстычнымі жэстамі. Яна выдатна разумела, што такое рызыка ва ўмовах акупацыі і чым усё можа нечакана скончыцца. Яе сыны былі проста ў захапленні ад маці, але не забываліся і пра яе строгасць. Ужо ў пачатку 1942 года Алесь, а яшчэ больш брат Жэня, ведалі, што аптэка працуе на партызан і што «партызанка» была побач, у сям’і. Хаця сам Алесь па маладосці марыў пра «сапраўдных» партызан. Хацелася да герояў.

Зімой 1943 г. сям’я Адамовічаў «пайшла ў лес» («Сыны ідуць у бой»): заставацца навідавоку ў нямецкай камендатуры было ўжо немагчыма. 16-гадовы падлетак, ідучы ў партызаны, замест бохана хлеба, пакладзенага ў торбу маці, узяў з сабою сіненькі томік Пушкіна, так пазначыўшы свае прыярытэты. Вершы класіка зачытваў у час адпачынку партызанам, якія з задавальненнем яго слухалі, крыху пазней ён заўважаў, як з кожным чытаннем меншала лістоў у томіку: з паперай у партызанаў былі праблемы. Спачатку быў у гаспадарчым узводзе, а пазней удзельнічаў у баях у Бабруйскім і Акцябрскім раёнах, у паходах «на жалезку» і іншых ваенных аперацыях, бачыў смерць у твар. Ён, не хаваючыся, зайздросціў свайму старэйшаму брату Яўгену, яго вытрымцы, адвазе...

Усё вышэйсказанае знайшло сваё адлюстраванне не толькі ва ўспамінах калег і сяброў, але і ў пісьменніцкіх задумах Алеся Адамовіча. «Вядома, — пісаў ён у аўтабіяграфіі, — рэальныя партызаны аказаліся зусім не такімі, якімі мне тады ўяўляліся. Горшымі? Не. Лепшымі? Не. Аказаліся жывымі людзьмі, а жывых адным словам не вызначыш. Калі да таго я адкрываў для сябе іншых людзей, дык тут, у партызанах, адкрыў самога сябе, бо страх смерці прасвечвае чалавека да дна — глядзі, які ты, і, калі можаш, старайся рабіцца трохі лепшым».

У канцы 1943 і пачатку 1944 гг. разам з часткай партызанскага атрада Алесь перайшоў лінію фронту і па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў накіраваны ў Ленінагорск на Алтаі, дзе ў эвакуацыі жыла з сям’ёй малодшая сястра маці. Вучыўся ў мясцовым горна-металургічным тэхнікуме і адначасова працаваў.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Алесь Адамовіч вярнуўся ў родную Глушу, здаў экстэрнам экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1950 г., паступіў у аспірантуру, якую завяршыў у 1953 годзе.

У 1948 годзе напісаў першыя радкі рамана «Сыны ідуць у бой». Мусіць, менавіта тады адчуў і абдумаў фрагменты «ўнутранага маналогу» не толькі свайго, але найперш маці, яе боязі за свайго малодшанькага, — так нарадзіўся план яго рамана «Вайна пад стрэхамі», дзе галоўнай гераіняй стала маці — Ганна Міхайлаўна Корзун. У чытача, знаёмага з творчасцю і жыццём пісьменніка, ёсць магчымасць параўнаць дакументальныя ўспаміны і глыбока насычаны аўтарскі, мастацкі тэкст, зрабіць свае прадуманыя высновы. У кожнага спосабу ўзнаўлення перажытай Адамовічам і яго родам жыццёвай рэальнасці і непазбежнасці ёсць свае перавагі і, несумненна, свае недахопы, якія з’яўляюцца абавязковым працягам жыццёвых пераваг.

У 1950 годзе Алесь Адамовіч выступіў у друку як літаратурны крытык. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Менавіта да гэтага часу адносяцца і першыя спробы пяра: даўняе школьнае захапленне вершамі ўжо здавалася маладому пісьменніку несур’ёзным, і ён без асаблівага шкадавання ўспамінаў пра страчаны ў вайну сшытак з уласнымі вершамі. Працаваў над кандыдацкай дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага і адначасова крадком пісаў раман пра партызанскую вайну. Прычым пачынаў «з канца», пра што сведчаць даты пад раманам «Вайна пад стрэхамі» (1955—1959) і «Сыны ідуць у бой» (1950, 1960—1963).