Выбрать главу

Алесь Адамовіч, адштурхоўваючыся ад адкрыцця сапраўднага, рэальнага, захопленага чытаннем сусветнай літаратуры Кузьмы Чорнага, значна пашыраў прастору часу, а разам з ім беларускія, і рускія, і ўкраінскія, і малдаўскія, і каўказскія, і сярэднеазіяцкія «шасцідзясятнікі»: «Дык якую ж «таямніцу» нашы класікі нам пакінулі? Якія гістарычныя мэты, задачы, імі пачатыя, працягваць нам? Ва ўмовах канца ХХ стагоддзя. Калі над усім лунаюць аграмадныя надзеі, але і пагрозы, небяспека найвелізарнейшая. І надзеі тыя, і пагрозы — агульныя для ўсяго чалавецтва. А таму і для нашай літаратуры яны свае, а не нечыя. Як свае яны Быкаву, напрыклад, сусветныя праблемы вайны, міру, сапраўднай чалавечнасці».

Новы падыход А. Адамовіча да паказу рэчаіснасці, калі ўспаміны пра мінулае, думкі пра сучаснасць і спроба прагнозаў на будучыню зліваюцца ў адно жывое цэлае мастацкага твора, выявіла творчая задума «Хатынскай аповесці» (1970), апублікаванай у часопісах «Дружба народов» (з якім А. Адамовіч супрацоўнічаў да канца сваіх дзён, была таксама прапанова ад часопіса «Новый мир» і ад яго галоўнага рэдактара Аляксандра Твардоўскага) і «Маладосць» (на беларускую мову пераклалі М. Стральцоў і М. Тычына; апошні — другую частку аповесці). З аднаго боку, празаік імкнецца як мага дакладней перадаць эмацыянальны напал гістарычных падзей, на многіх старонках твора ўступаючы ў адкрытае спаборніцтва з самімі дакументамі, з успамінамі відавочцаў, а з другога боку — спроба філасофска-мастацкага асэнсавання падзей ХХ ст. «Хатынская аповесць» мела добрую прэсу. А. Адамовіч стаў Лаўрэатам прэміі Міністэрства абароны СССР

(1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976).

Узлёты чалавечага духу цікавілі не толькі Адамовіча-мастака, але і Адамовіча-даследчыка роднай літаратуры. Ён раптоўна для самога сябе адкрыў менавіта з гэтага боку Кузьму Чорнага, пра якога ўжо не раз пісаў раней (кніга «Маштабнасць прозы»). Паставіўшы творчасць лепшых беларускіх празаікаў Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Віктара Казько ў шырокі кантэкст сусветнай літаратуры, Адамовіч пераканаўча прадэманстраваў вялікія мастацкія і філасофскія магчымасці нацыянальнай літаратуры і прыйшоў да лагічных пытанняў пра перспектывы эстэтычнага руху: «А што там, далей?», «Ці адэкватная рэакцыя?», «Як быць геніяльным?», «Калі не мы, дык хто ж?» Так называліся публіцыстычна-эўрыстычныя, філасофска-эстэтычныя артыкулы пісьменніка, які шукаў адказ на адвечнае пытанне: «Што рабіць?»

І адказ яго быў, на першы погляд, парадаксальны: «Ну дык рабіце звышлітаратуру!» Слова пра «звышлітаратуру» — са спрэчкі з сябрам-пісьменнікам. Не можа, нібыта, літаратура, тым больш рэалістычная літаратура, пісаць пра тое, чаго не было. А гэтага, паводле ўспамінаў А. Адамовіча пра размову-спрэчку з «сябрам-пісьменнікам», а менавіта — трэцяй сусветнай вайны — сапраўды і, дзякуй богу, не было: «Так, але ж ужо былі Хірасіма, Нагасакі... І што значыць: літаратура не можа? Ну дык рабіце звышлітаратуру! Але рабіце, рабіце!»

Гэты тэзіс выклікаў у многіх літаратараў неразуменне і рэзкае непрыняцце. Найбольш глыбокія даследчыкі, уважлівыя да зместу, а не формы выказвання, такія, як бліскучы рускі крытык Ігар Дзядкоў, паспрабавалі належным чынам ацаніць Адамовічаву думку: «Звышлітаратура, да якой заклікаў Адамовіч, мабыць, утопія, але гэтым пісьменнікам добра зразумета, што без новага мыслення і новай пачуццёвасці чалавек, магчыма, і вытрывае, але не пераможа. Магчыма, звышлітаратура — гэта браць ношу як мага цяжэйшую?.. »

Мастацкае апавяданне ў «Хатынскай аповесці» раз-пораз перапыняецца ўстаўкамі з дакументальных запісаў у кнізе «Я з вогненай вёскі...», зробленых Алесем Адамовічам і яго сябрамі па пяры, па змаганні ў гады вайны Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Чытач мог лёгка пераканацца ў тым, што вобразнае слова годна вытрымлівае канкурэнцыю з гістарычным дакументам, а мастацкая літаратура і ў новых акалічнасцях не страціла сваёй пераканаўчасці. На аповесць А. Адамовіча адгукнуўся В. Быкаў: «Толькі што прачытаў тваю “Хатынскую аповесць” і цалкам яшчэ ў яе палоне, пад яе ўладным, салодкім і цяжкім уражаннем. Аповесць выдатная, я проста не ведаю, з чым яе можна паставіць побач. У нас, прынамсі, пра партызанаў так не пісалі — ты першы. Хаця і папярэдняя твая кніга цалкам добрая, але гэта — нешта асаблівае. Гэты герой твой і яго адысея, карова ў ночы, статак пабітых кароў, спаленне людзей, палонныя карнікі, гэты твой бой па кругу — нешта апакаліпсічнае, не менш. Мноства цудоўных дэталей, дакладна перададзеных станаў. А якія вобразы!

Цудоўная ва ўсіх адносінах аповесць.

Як на мой густ, дык я б падрэзаў сцэны сённяшняга, але, я разумею, яны патрэбны для асэнсавання, для публіцыстыкі. І публіцыстыка гэтая высокага гатунку — разумна, чэсна, тонка.

І яшчэ назва. Назва ў цябе наогул не зіхціць ні навізной, ні густам — тут таксама. Само слова «Хатынь» занадта ўжо захапанае, няновае, нешта ў ім ад афіцыйнай тэрміналогіі. А ў цябе ж такая свежая, новая, шматфарбная рэч... Я б назваў інакш. Не ведаю як, але інакш.

І яшчэ — шкада, што яна ў «Дружбе народов», а, скажам, не ў «Новом мире», які б яна ўпрыгожыла, несумненна. Але што ў «Маладосці» — добра. Няхай! Пераклад добры, цалкам беларуская рэч. Ніхто не ўсумніцца. Спадзяюся, што па­руску яна гучыць яшчэ лепш. Хаця і па-беларуску прыгожа. Тыя, хто цябе папракалі ў адступніцтве ад нацыянальнага, цяпер будуць задаволеныя.

Я вельмі рады, што ты напісаў гэтую рэч, асабліва пасля дзвюх тваіх апошніх аповесцей, якія не ўсім падабаліся. Думаю, што гэтая спадабаецца ўсім. Ды і не можа яна не спадабацца — хіба што якому-небудзь ідыёту.

Словам, я вельмі рады за цябе, віншую, крыху па-добраму зайздрошчу. Цяпер, сябра, калі ты яшчэ пачнеш хоць крыху піць, то сапраўды табе не будзе цаны, як сказаў К. (Навум Кіслік. — М. Т.)».

На працягу 1970—1973 гг. А. Адамовіч разам з Я. Брылём і У. Калеснікам аб’ехалі, абкалясілі з магнітафонам і фотаапаратам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў ваеннай трагедыі, апавяданні якіх леглі ў аснову дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі... »

(1975) . Раздзелы з кнігі друкаваліся ў многіх газетах і часопісах («Маладосць», «Октябрь» і інш.). Перакладзеная на многія замежныя мовы, кніга стала літаратурным бестселерам. Паказальным быў пачатак рэцэнзіі рускага літаратуразнаўцы М. Кузняцова, які пісаў у газеце «Комсомольская правда»: «Страшней за гэту кнігу я не ведаю...» Сустракаліся ў іншых водгуках і такія словы: «Гэта кніга не магла не з’явіцца...» Аднак адзін з яе аўтараў А. Адамовіч на фактах даводзіў, што гэта далёка не так і што сам ён, як і яго сябры па пяры Я. Брыль і У. Калеснік, не адразу прыйшлі да пераканання ў неабходнасці менавіта такой калектыўнай кнігі-памяці.

«Я з вогненай вёскі...» падвяла рысу пад цэлым этапам літаратурнага развіцця і абудзіла ў грамадстве імкненне ведаць усю праўду пра вайну і пра чалавека на вайне, якой бы жахлівай яна ні была. Выдатнымі пісьменнікамі рухала думка пра тое, што няўмольны час вельмі хутка «вымывае» з народнай памяці страшныя веды пра вайну, якой яна была для беларусаў і якой яе не ведаў цывілізаваны свет. Проста паміралі апошнія сведкі гэтай трагедыі, якія цудам выратаваліся ад немінучай пагібелі, нібыта дзеля таго, каб расказаць праўду нашчадкам і народам свету.

Навуковая праца А. Адамовіча «Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), асноўная частка якой выканана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, так і пачыналася з галоўнай ідэі: «Гэта было бадай то заўсёды — тая ці іншая ступень узаемнай сувязі літаратурнага развіцця любой краіны, народа са знешнім светам».

У артыкуле «Талстоўскі крок» А. Адамовіч шырока разгортвае сваю задуму, пра тое сведчаць імёны беларускіх класікаў у наступных раздзелах: «Аднак свет людзей не заўсёды ўсведамляў сябе як чалавецтва, сваю гісторыю — як частку ўсеагульнай, сваю будучыню — звязанай з будучыняй другіх народаў і краін, — адным словам, наша планета вельмі адрозніваецца ад той, якой яе ўяўлялі старажытныя. Само паняцце «сусветная літаратура» ўзнікла параўнальна нядаўна (недзе ў XVIII стагоддзі), але ж і рэалізм літаратуры існаваў задоўга да таго, як ён быў яскрава ўсвядомлены і тэарэтычна асэнсаваны і названы. Паняцце «сусветная літаратура» ўзнікла ў выніку таго, што людзі пасля тысячагоддзяў існавання адасобленых цывілізацый і культур пачалі канкрэтней усведамляць, што яны — чалавецтва, пачалі збірацца ў чалавецтва».