Аліса вырашыла, што гэта добрая магчымасць збегчы. Яна пабегла і бегла ажно пакуль не запыхалася, а шчанюковы брэх не пачаў гучаць ціха-ціха.
“І ўсё ж такі - гэта быў даволі файны сабачка!- прамовіла Аліса, калі прысланілася да казяльца, каб аддыхацца, абмахваючы сябе адным з яго лістоў.- Я б магла навучыць яго разнастайным фокусам, калі... калі б толькі была патрэбнага памеру! Мамачкі! Я амаль што забылася, што мне трэба вырасці! Але ж толькі як? Дайце падумаць - дзеля гэтага, я патрэбна што-небудзь з’есці, альбо выпіць, але што?”
Гэта было насамрэч цікавае пытанне. Аліса азірнулася, вакол былі толькі кветкі і зёлкі, але нічога, што б яна магла з’есці ці выпіць. Аліса знайшла толькі грыб памерам з яе саму. Яна паглядзела пад ім, абышла вакол, урэшце вырашыла паглядзець на ягоную шапку.
Яна паднялася на пальчыкі, зірнула ўгару і сустрэлася вачыма з вялікім Вусенем, які сядзеў, склаўшы на грудзях рукі і паліў кальян, не звяртаючы ані на што ўвагі.
Глава V
Аліса і Вусень
Колькі часу Аліса і Вусень назіралі адно за адным у цішыні. У рэшце Вусень вяцягнуў мундштук кальяну з роту і прамовіў абыякава-сонным голасам:
- Ты хто такая?
Гэта не надта нагадвала пачатак размовы. Аліса робка адказала:
- Я не ўпэўнена, сэр, хто я зараз – Я ведаю КІМ я была з ранку, але з гэтага часу я столькі разоў змянялася!
- Што ты маеш на ўвазе?- сур’ёзна спытаў Вусень.- Растлумач!
- МНЕ цяжка адказаць,- задумалася Аліса, - ведаеце...
- Не ведаю,- сказаў Вусень.
- Я не магу вам гэта растлумачыць,- ветліва прамовіла Аліса,- таму што сама гэта не разумею; але ж я сёння столькі разоў мяняла свой памер, што і сама заблыталася.
- Няўжо?- спытаў Вусень.
- Можа зараз для вас гэта натуральна,-сказала Аліса,- але калі вы ператварыцеся на кукалку, а потым на матылька, ці ж вы не здзівіцеся?
- Зусім не.
- Але ж, думаю, вы будзеце сябе адчуваць дзіўна,- заўважыла Аліса,- Ва ўсякім выпадку, Я сябе гэдак адчуваю.
- Ты?- фанабэрыста сказаў Вусень.- Хто гэта - ТЫ?
Размова вярнулася на пачатак. Аліса адчувала сябе раздражнённай ад падобных заўваг, таму сур’ёзна адказала:
- Я лічу, што вы ПЕРШЫ павінны адказаць, хто вы.
- Чаму?- здзівіўся Вусень.
Гэта была чарговая загадка, на якую Аліса не ведала адказу, а паколькі Вусень сам быў не ў настроі, яна адвярнулася і пайшла.
- Вярніся!- клікнуў яе Вусень.- Я павінен табе штось сказаць!
Алісу гэта зацікавіла і яна вярнулася да грыба.
- Стрымлівай сябе,- заўважыў Вусень.
- Гэта ўсё?- спыталася Аліса, стрымліваючы раздражненне.
- Не!- адказаў Вусень.
Аліса пачала чакаць, часу ў яе хапала, а Вусень, палічыла яна, насамрэч мог падказаць штось добрае. Колькі хвілін доўжылася маўчанне, але ў рэшце Вусень апусціў свае рукі, выцягнуў кальян з роту і сказаў:
- Так ты лічыш, што змянілася?
- Думаю, так,- адказала Аліса,- Я не магу ўспомніць тое, што ведала заўжды і ледзь не кожныя дзесяць хвілін мяняю свой рост!
- Напрыклад, што ты не можаш успомніць?
- Ну, напрыклад, я паспрабавала расказаць “Як добра пчолцы працаваць”, але словы былі непадобнымі!- сумна адказала Аліса.
- Хм, раскажы лепш “Татку Вільяма”- прапанаваў Вусень.
Аліса па-акцёрску склала рукі і пачала: