- КАЛІ не ўратаваць яго з гэтай хаты,- вырашыла Аліса,- праз дзень-другі яго заб’юць і я буду саўдзельніцай іх злачынства.
Апошнія словы яна сказала ў голас і малы рохкнуў ёй у адказ (чхаць у гэты час ён ужо кінуў).
- Кідай рохкаць,- сказала яму Аліса,- гэта непрыстойна.
Але дзіця рохнула зноўку, Аліса паглядзела на яго, спужаўшыся, ці не здарылась што. Тварык немаўляці больш нагадваў мыску - завялікі плюскаты нос, а вочы наадварот замалыя. І тое, як яно выглядала, Алісе не надта спадабалася.
- Можа ён такім чынам плача?- засумнявалася Аліса і паглядзела на яго твар ў пошукаў слёз. Але аніякіх слёз не было.
- Калі ты, сонейка, збіраешся ператварацца на свінню,- сказала Аліса сур’ёзным тонам,- я з табой нянькацца не збіраюся. Зразумеў?!
У адказ няшчаснае стварэнне зноў пачало шморгаць носам (ці рохкаць, што было больш падобным), а потым на колькі часу ўсталявалася цішыня.
Аліса пачала разважаць, што будзе з ім рабіць, калі вернецца да дому. І тут малое рохкнула так злосна, што прымусіла Алісу паглядзець на яго тварык зноў. Сумнявацца НА ГЭТЫ РАЗ не прыходзілася - гэта быў не больш, не менш, як звычайны парсючок, і дзяўчынка вырашыла, што будзе глупствам несці яго далей. Таму Аліса паставіла яго на зямлю, і свінё, звольніўшыся ад яе апекі, шпарка пабегла ў напрамку лесу.
- Ён мог бы вырасці,- сказала яна сабе,- даволі жахлівым дзіцём, але як парсючок ён вельмі прыгожанькі.
Яна пачала прыпамінаць сваіх знаёмых дзяцей, з якіх бы атрымаліся цудоўненькія парсючкі:
- Ведаць бы толькі, якім чынам іх ператварыць?..
Тут яна раптоўна паглядзела ўгору і надта здзівілася, ўбачыўшы на галінцы Чашырскага Ката.
Ён усміхаючыся пазіраў на Алісу і з яе пункту гледжання выглядаў даволі добразычліва, хаця меў вязізныя кіпцюры і шмат зубоў. Таму яна вырашыла быць з ім паважлівай.
- А Кацеечка ты ж мой Чашырскі,- пачала яна ветліва, не ведаючы, ці спадабаецца яму такі зварот, але каціная ўсмешка толькі пашырылася. Вырашыўшы, што ён не супраць, Аліса працягнула,- Ці ж не мог бы ты мне падказаць, куды мне ісці далей?
- Залежыць ад таго, куды ты жадаеш патрапіць,- адказаў Кот.
- Мне няма розніцы, куды ісці..,- сказала Аліса..
- Тады, усё роўна куды ты пойдзеш,- заўважыў Кот.
-...абы патрапіць, хоць куды-небудзь,- дадала, каб патлумачыць Аліса.
- Кудысьці ты абавязкова патрапіш,- адказаў Кот,- асабліва калі будеш ісці дастаткова доўга.
Аліса разумела, што ён мае рацыю, таму вырашыла пайсці іншым шляхам і задала другое пытанне:
- А што за народ тут жыве?
- У ГЭТЫМ баку,- паказаў Кот направа,- жывець Капялюшнік, а у ТЫМ,- і ён указаў у супрацлеглы бок, - Сакавіцкі Заяц. Выбірай каго хочаш: абодва вар’яты.
- Вой! Штось мне не хочацца ісці да вар’ятаў,- заўважыла Аліса.
- А тутака нічым дапамагчы нельга,- сказаў Кот,- таму што тут усе сшалелыя. І я. І ты.
- А чаму ты вырашыў, што я сшалелая?- спыталася Аліса
- А як жа ж інакш,- заўважыў Кот,- ты сюды патрапіла?
Шляхетна кажучы, гэткі адказ Алісу не задаволіў, таму яна працягнула:
- А чаму ты сам сябе лічыш шалёнцам?
- Ну, тут ўсё зразумела,- адказаў Кот,- уяві сабе, сабака ж - не бязглузды. Так?
- Ну!- згадзілася Аліса.- Уяўляю!
- А цяпер глядзі,- тлумачыў Кот,- сабака гыркоча, калі злы і віляе хвастом, калі задаволены. Так? А я машу хвастом, калі злы і гыркаю, калі задаволены. То бок, я - вар’ят!
- Ты хутчей варкочаш, а не гыркочаш,- заўважыла Аліса.
- Называй, як хочаш, але...- сказаў Кот.- Між іншым, ці ідзеш ты сёння на кракет да Каралевы?
- Мамачкі!.. Вельмі б хацела,- прамовіла Аліса,- але не маю запрашэння!
- Сустрэнемся там,-сказаў Кот і знік.
Алісу гэта нават не здзівіла, бо за сённяшні дзень, яна ўжо прызвычалася да дзівосных здарэнняў. Пакуль яна глядзела ў тое месца, дзе толькі што сядзеў Кот, ён нечакана з’явіўся зноў.
- Між іншым, а што здарылася з дзіцянём?- спытаў Кот.- Я ледзь не забыўся спытаць.
- Ён ператварыўся на парсючка,- спакойна адказала Аліса, нібы гэта было для яе чымсьці натуральным.
- Я гэтак і думаў!- заўважыў Кот і зноўку знік.
Аліса крышачку пачакала, ці не з’явіцца Чашырскі Кот яшчэ раз, але ён больш не паказваўся, таму праз хвіліну-другую яна накіравалася ў той бок, дзе павінен быў жыць Сакавіцкі Заяц.
- Капялюшнікаў я ўжо не раз бачыла,- разважала дзяўчо,- таму пабачыць Сакавіцкага Зайца было б нашмат цікавей. Тым больш – зараз Май і ён мабыць не такі шалёны, як ў сакавіку.
Толькі яна гэта прамовіла, як убачыла на галінцы дрэва Ката.