- Прабач! Ты сказала, ён ператварыўся на парсючка, ці на кабачка?- спытаўся ён.
- На парсючка.- адказала Аліса.- І, калі ласка, не знікай так нечакана: у мяне ад гэтага галава круціцца.
- Згода,- сказаў Кот і пачаў знікаць павольна, пачаўшы з кончыка хваста і скончыўшы сваёй ўсмешкай. Якая яшчэ колькі часу хісталася ў паветры, калі астатняе ўжо знікла.
- Ёечкі! Катоў без усмешак я бачыла,- разважала Аліса,- але УСМЕШКА без ката! Анічога больш дзіўнага я не сустракала!
Яна прайшла яшчэ крыху часу, калі заўважыла дом Сакавіцкага Зайца. Можна было б не сумнявацца, таму што камінныя трубы былі ў выглядзе вушэй, а дах пакрыты футрам. Заячая хата была даволі вялікай, таму Аліса не рухалася далей, пакуль не з’ела неабходную колькасць левага боку грыба і не стала вышынёй у шэсцьдзесят сантыметраў, і нават тады набліжалася да хаты з асцярожнасцю, кажучы сабе:
- А, калі ён усё яшчэ шалёны?! Дурында, трэба было ісці да Капялюшніка!
Глава VII
Шалёная Гарбата
Пад дрэвамі ля хаты стаяў вялізны стол, за якім сядзелі і пілі гарбату Сакавіцкі Заяц і Капялюшнік. Паміж імі моцна спала Мыш-Соня, якую тыя выкарыстоўвалі ў якасці падушкі, кладучы локці на яе галаву падчас размовы.
- Соне пэўна не надта камфортна,- падумала Аліса,- але яна ўсё роўна спіць і нічога не адчувае.
Не гледзячы на велічыню стала, тройца сядзела ў адным куточку:
- Месца няма! Месца няма! Усё занята!- закрычалі яны, калі ўбачылі Алісу.
- Тут ШМАТ месца!- не згадзілася яна і прысела на крэсла з боку.
- Ці не хочаш віна?!- ветліва спытаўся Заяц.
Аліса паглядзела на стол, але акрамя гарбаты анічога не заўважыла.
- Не бачу тут віна,- заўважыла яна.
- А тут яго і няма,- паведаміў Заяц.
- А ці не здаецца вам, што не шляхетна тады яго прапаноўваць?- пакрыўдзілася Аліса.
- А хіба шляхетна садзіцца за стол без запрашэння?- адказаў Заяц.
- Не ведала, што гэта ВАШ стол,- сказала яна,- дзеля траіх ён завялікі.
- Табе трэба падстрыгчыся,- заўважыў Капялюшнік. Да гэтуль ён з цікавасцю аглядаў Алісу і толькі цяпер вырашыў уступіць у размову.
- Не трэба ўголас рабіць падобныя заўвагі,- сур’ёзна сказала Аліса,- гэта не прыстойна.
Капялюшнік шырэй расплюшчыў вочы, калі слухаў яе, а потым ЗАПЫТАЎСЯ:
- Чым крумкач падобны да пісьмовага стала?
- Так! Гэта ўжо весялей,- вырашыла Аліса.- загадкі лепей за спрэчкі. Лічу, што я змагу знайсці адказ,- дадала яна ўголас.
- Ты думаеш, што ведаеш, што адказаць?- спытаў Сакавіцкі Заяц.
- Зразумела,- адказала Аліса.
- Тады ты павінна казаць, што думаеш,- заўважыў Заяц
- Так,- прамовіла Аліса,- я заўжды думаю, што кажу і кажу што думаю, але розніцы тут няма.
- Лухта!- сказаў Капялюшнік.- Ты яшчэ скажы, што няма розніцы між: “Я бачу, што ямо” і “Я ямо, што бачу”!
- Ты яшчэ скажы, што няма розніцы,- дадаў Заяц,- між: “Я люблю, тое што атрымліваю” і “Я атрымліваю, тое што люблю”!
- Ты яшчэ скажы, што няма розніцы,- не прачынаючыся прамовіла Соня,- між: “Я дыхаю, пакуль сплю” і “Я сплю, пакуль дыхаю”!
- Для цябе розніцы аніякай,- сказаў Соне Капялюшнік, і на гэтым размова скончылася. Скарыстаўшыся хвілінаю цішыні, Аліса прыпамінала, што ведае аб крумкачах і пісьмовых сталах.
Цішыню парушыў Капялюшнік:
- Які сёння дзень месяца?- спытаўся ён у Алісы, выцягнуў гадзіннік і спалохана на яго паглядзеў. Потым патрос яго і прытуліў да вуха.
- Чацьвёртага,- крыху падумаўшы адказала яна.
- Адстаюць на два дні,- уздыхнуў Капялюшнік,- Я ж казаў табе не змазваць яго сметанковым маслам!- звярнушыся да Зайца, злосна заўважыў ён.
- Але ж гэта было НАЙЛЕПШАЕ масла,- выкручваўся Заяц.
- У яго напэўна трапілі крошкі,- бурчэў Капялюшнік,- не трэба было табе лезці ў яго хлебным нажом.
Заяц сумна паглядзеў на гадзіннік, апусціў яго ў кубак з гарбатай, паглядзеў зноў, а потым паўтарыў свае папярэднія словы:
- Масла ж было ЛЕПШЫМ!
Аліса праз яго плячо з цікавасцю паглядзела на гадзіннік.
- Які дзіўны гадзіннік,- заўважыла яна,- паказвае дні, а не гадзіны.
- Самы звычайны,- прамармытаў Капялюшнік,- а хіба твой гадзіннік паказвае год?
- Ой не!- шпарка адказала Аліса.- Год жа ж доўжыцца так шмат часу!
- Вось так вось і са МНОЙ,- сказаў Капялюшнік.
Гэтымі словамі ён моцна азадачыў Алісу. Ён быццам бы размаўляў іншай моваю, не гледзячы на тое, што словы былі ангельскія.
- Я вас не зразумела,- сказала яна, так ветліва, як толькі магла.
- Соня зноў спіць,- сказаў Капялюшнік і паліў ёй на нос гарбаты.
Соня захістала галавою і не распюшчваючы вачэй сказала: