- Я думаю, што зразумела б гэта лепш,- ветліва прамовіла Аліса,- калі б вы мне гэта запісалі, таму што мне цяжка сачыць за вашай думкай.
- А ўяўляеш сабе, што было б, калі я падумала больш,- задаволена адказала Герцагіня.
- Толькі прашу, не трэба болей непакоіцца аб маім лепшым уразуменні,- прамовіла Аліса.
- Ну што ты, дзіцятка,- сказала тая,- я са задавальненнем, працягну цябе навучаць, гэта мой табе падарунак.
“Барані Божа, ад гэткіх падарункаў,- падумала Аліса.- Добра, што падобнага не дораць на Дзень Нараджэння!”- але не рызыкнула сказаць гэта ўголас.
- Зноў задумалася?- запыталася Герцагіня, мацней упяраючыся падбароддзем у плячо дзяўчынкі.
- Я маю на гэта права,- рэзка адказала Аліса, якая ўжо пакрысе пачала злавацца..
- Канечне, Вялікае Права,-сказала Герцагіня,- бо нават свінні маюць права лятаць, і вось мар...
Аліса моцна здзівілася, але голас Герцагіні раптам змоўк, яшчэ на пачатку слова “мараль” а рука, якой яна трымала Алісу, пачала дрыжаць. Перад імі стаяла Каралева, скрыжаваўшы на грудзях рукі, з даволі грымотападобным выглядам.
- Цудоўны дзень, Ваша Вялікасць,- ціхім слабым галаском прамовіла Герцагіня.
- Прапаную выбар,- крыкнула Каралева, стукаючы нагой аб зямлю,- альбо знікаеш ты, альбо твая галава!
Герцагіня зрабіла выбар імгненна.
- Пойдзем гуляць далей,- сказала Каралева Алісе, а тая была настолькі напалохана, што не магла вымавіць ані слова, але павольна паплялася на пляцоўку для кракету.
Тым часам іншыя госці карысталіся адсутнасцю Каралевы і адпачывалі ў цяньку, але ж ледзь убачыўшы яе надыход, вярнуліся да гульні, бо малейшая затрымка каштавала б ім жыцця.
Пакуль ішла гульня, Каралева не пераставала спрачацца з іншымі гульцамі і час ад часу крычаць: “Адсячы яму галаву!”, альбо “Адсячы ёй галаву!” Асуджаных адразу ж арыштоўвалі салдаты, дзеля чаго кідалі быць варотамі, і праз поўгадзіны на полі не засталося аніводага варотца, бо ўсе, акрамя Караля, Каралевы ды Алісы, былі пад прысудам.
Тут запыханая ўшчэнт Каралева спытала ў Алісы:
- А ты бачыла калі-небудзь Фальшывага Чарапаху?
- Не,- прызналася Аліса.- Я нават не ведаю, як гэтая істота выглядае.
- З яго яшчэ робяць Фальшывы Чарапахавы Суп,- сказала Каралева.
- Аніколі не спрабавала,- адказала ёй дзяўчынка.
- Тады пойдзем, ён паведаміць табе сваю гісторыю.
Калі яны адыходзілі, Аліса чула, як Кароль казаў ціхім голасам астатнім, што яны памілаваны. “Вось і ДОБРА!”- сказала яна сабе, таму што адчувала сябе няўтульна, ад гэткай колькасці прысудаў.
Хутка Аліса і Каралева ўбачылі Грыфона, які спаў, грэючыся на сонцы. (Калі ты не ведаеш, як выглядае Грыфон, паглядзі на малюнак.)
- Прачніся, абібок!- сказала Каралева.- Правядзі гэтую юную асобу да Фальшывага Чарапахі, каб яна магла паслухаць яго гісторыю. А я павінна катаваць колькі чалавек!
І адышла, пакінуўшы Алісу разам з Грыфонам. Дзяўчынцы не спадабаўся выгляд істоты, але яна вырашыла, што ён значна бяспечнейшы за Каралеву.
Грыфон тым часам сеў, паціраючы вочы. Калі каралева знікла са зроку ён хіхікнуў:
- Як забаўна,- сказаў Грыфон напалову сабе, напалову Алісе.
- Што забаўна?- спыталася яна.
- ЯНА,- адказаў Грыфон.- Ведаеш, тут ніколі нікога не катуюць! Пайшлі!
“Яшчэ адзін камандзір знайшоўся: "Пайшлі! "”- падумала Аліса, павольна ідучы ў след: “Мной за ўсё жыццё столькі не кіравалі, як сёння.”
Яны не паспелі адысці далёка, а на іх зрок ужо патрапіў Фальшывы Чарапаха, які сумна і самотна сядзеў на краі скалы, а калі яны былі бліжэй, Аліса пачула яго енкі, ад якіх разрывалася сэрца. Таму яна моцна яго пашкадавала.
- Што ў яго за гора?- спытала яна ў Грыфона, а той адказаў, амаль тымі словамі, што і раней:
- Гэта ўсё яго фантазіі. Няма ў яго аніякага гора! Хадзем!
Яны наблізіліся да Фальшывага Чарапахі, які паглядзеў на іх вачыма поўнымі слёз, але нічога не казаў.
- Гэта юная ледзі,- прамовіў Грыфон,- жадае паслухаць тваю гісторыю!
- Добра- сказаў Чарапаха глыбокім глухім голасам,- сядайце і не кажыце анічога, пакуль я не скончу.
Яны селі і нічога не казалі колькі хвілін. Аліса ўжо пачала непакоіцца: “Як ён можа штосьці скончыць, калі нават і не пачынаў?” Але церпяліва чакала.
- Аднойчы,- урэшце пачаў Чарапаха, глыбока ўздыхнуўшы,- калі я шчэ быў сапраўдным чарапахам...
Пасля зноў доўгі час стаяла цішыня, парушаемая толькі выпадковым ускліканнем Грыфону: “Кхркр” і цяжкім плачам самога Чарапахі. Аліса ўжо амаль сабралася падняцца і сказаць: “Дзякуй вам, сэр, за цікавую гісторыю!”, але вырашыла, што ПАДОБНЫЯ апавяданні павінны быць значна большымі, таму працягвала чакаць.