- Калі мы былі малымі,- урэшце працягваў Фальшывы Чарапаха, супакоіўшыся, але час ад часу крышачку енчучы,- мы вучыліся ў школе на дне мора. Нашым настаўнікам быў стары чарапаха, якога мы клікалі Амарам...
- А чаму вы яго гэдак клікалі, калі ён быў чарапахам?- не зразумеўшы спытала Аліса.
- Мы клікалі яго Амарам, таму што ён распавядаў нам Аб марах, азёрах, рэках і нават аб сушы,- раз’юшана сказаў Чарапаха,- няўжо ты такая дурная?!
- Табе павінна быць сорамна задаваць падобныя пытанні,- дадаў Грыфон, і яны ціха паглядзелі на бедную Алісу, якая гатова была праваліцца срозь зямлю. Урэшце Грыфон сказаў Чарапаху.- Працягвай, дзядзька! Мы не збіраемся сядзець тут увесь дзень!
І чарапаха працягваў:
- Дык вось, мы хадзілі ў школу на марскім дне, хаця ты можаш гэтаму і не верыць...
- Я ніколі гэтага не казала і ўвогуле анічога не рабіла,- перапыніла яго сваімі апраўданнямі Аліса.
- Ты зараз робіш,- пакрыўдзіўся Чарапаха.
- Замоўкні!- дадаў Грыфон, перш чым Аліса, паспела штосьці вымавіць. А Фальшывы Чарапаха працягваў:
- Мы мелі лепшую адукацыю, бо хадзілі ў школу штодня...
- Я таксама хаджу ў школу штодзённа,- заўважыла Аліса,- вам няма чым ганарыцца.
- А дадатковыя заняткі?- з хваляваннем спытаў Фальшывы Чарапаха.
- Так,- адказала дзяўчына.- Французкая мова і музыка.
- А пранне?- спытаў Чарапаха.
- Зразумела, не!- раз’юшана адказала Аліса.
- Во! Тады ў цябе не надта добрая школа,- узрадаваўся Чарапаха.- У нашай школьнай праграме дадаткам былі: Французкая мова, музыка і пранне.
- Не разумею,- заўважыла Аліса,- навошта яно вам было на дне мора?
- Я не меў сродкаў яго вывучаць,- з уздыхам сказаў Чарапаха.- Я хадзіў толькі на асноўныя заняткі.
- А што вы вывучалі?- спыталася дзяўчынка.
- Па-першае Чханне і Пханне,- адказаў Чарапаха,- потым разнавіды Арыфметыкі: Скандаленне, Абдыманне, Узбеляненне ды Абмаражэнне
- Я анічога не чула пра Узбеляненне,- рызыкнула спытацца Аліса.- Што гэта?
Грыфон ажно падскочыў на усе лапы.
- Што! Ты ніколі не чула аб Узбеляненні?! – усклікнуў ён.- Ты не ведаеш, як трэба бяліцца?
- Чаму, ведаю,- сумняваючыся адказала Аліса,- некаторыя жанчыны... накладаюць спецыяльную фарбу на валасы... каб быць... больш... прыгожымі.
- Ну вось,- працягваў Грыфон,- І пасля гэтага ты кажаш, што не ведаеш, што такое Узбеляненне! Ну ты і дурная!
Аліса больш не адчувала сябе здольнай працягваць гэтую размову, таму павярнулася да Чарапахі:
- Чаму вас яшчэ вучылі?
- Яшчэ ў нас была Гістэрыя,- працягваў Чарапаха, адлічваючы плаўніком навукі,-... дык вось Гістэрыя – старажытная і сучасная, Мораграфія, Зброднае Слова... яго нам выкладаў стары вугар, які звычайна прыплываў адзін раз на тыдзень: Ён вучыў нас Збороднаму Слову, Шкрабанняметрыі ды Страце Прытомнасці.
- Гэта як?- спыталася Аліса.
- Я ўжо не магу табе гэтага паказаць,- адказаў Фальшывы Чарапаха,- бо стары. А Грыфон яго не вывучаў.
- Не меў на гэта часу,- сказаў Грыфон,- Я хадзіў да Класічнага Настаўніка. Ён быў старым крабам.
- Я чуў пра яго, але не мог з ім займацца,- сумна заўважыў Чарапаха,- кажуць ён выкладаў Плаціну і Грэчку.
- Так, так, сапраўды,- уздыхаючы казаў Грыфон, і яны абодва схавалі твары між лап.
- А колькі доўжыліся заняткі?- спыталася Аліса, каб адцягнуць іх увагу.
- У першы дзень дзесяць гадзін,- адказаў Фальшывы Чарапаха,- у наступны дзень дзевяць, потым восемь і гэтак далей...
- Які цікавы расклад!- усклікнула Аліса.
- А што тут дзіўнага, мы займалі веды сваіх настаўнікаў, таму гэта і завецца ЗАНЯТКАМІ,- растлумачыў Грыфон,- і яны штодня зменшваліся.
Гэта было чымсьці новым для Алісы, таму яна крыху над гэтым паразважала перш чым задаць наступнае пытанне:
- Тады пэўна адзінаццаты дзень быў выходным,- здагадалася яна.
- Зразумела,- сказаў Чарапаха.
- А што вы рабілі на дванаццаты?- нецярпліва працягвала Аліса.
- Хопіць распавядаць пра навукі,- рашуча перарваў іх Грыфон,- Лепей раскажы ёй аб нашых гульнях.
Глава X
Кадрыль з лобстэрамі
Фальшывы Чарапаха глыбока ўздыхнуў і выцер плаўніком вочы. Ён гядзеў на Алісу і спрабаваў штосьці сказаць, але на працягу хвіліны-другой яго голас душылі сумныя енкі.
- Ён быццам праглынуў косць і яна засела ў яго ў горле,- заўважыў Грыфон і, наблізіўшыся да Чарапахі, пачаў трэсці яго і стукаць яму кулаком па спіне. Урэшце да Чарапахі вярнуўся голас, і ён працягваючы гаротна рыдаць вымавіў: