- Ты зусім не сочыш!- строга звярнулася да Алісы Мыш.- Аб чым ты зараз думаеш?
- Што вы? Не! Я сачу вельмі пільна!- прамовіла ў адказ Аліса.- Вы як раз дабраліся да пятага загібу. Так?
- Якія загібы ты маеш на ўвазе!- раз’юшылася Мыш.
- На вузел?- занепакоілася Аліса, заўжды гатовая прыйсці на дапамогу.- Вам памагчы развязаць?!
- Ані аб чым падобным я не прасіла!- прамовіла Мыш, паднялася і пайшла прэч.- Ты крыўдзіш мяне гэткай лухтою!
- Я не жадала анічога падобнага!- з мальбою прамовіла бедная Аліса.- Але ж Вас так лёгка пакрыўдзіць!
Мыш толькі рыкнула ў адказ.
- Вярніцеся, калі ласка, вы яшчэ не скончылі сваю аповесць!- упрошвала Аліса, а разам з ёй усе астатнія,- Так, так! Вяртайцеся, калі ласка!
Але Мыш толькі пахістала ў адказ галавой і пайшла яшчэ спрытней.
- Шкада, што яна не засталася з намі,- уздыхнуў Лоры, калі тая знікла са зроку; а старая Крабіха заўважыла сваёй дачцэ:
- Бачыш, дзіця! Хай гэта будзе табе добрым урокам, ніколі не парушай чужы спакой!
- Хто б казаў, матулечка!- раздражнённа заўважыла тая.- Ты выведзеш з сябе нават вустрыцу!
- Ах, чаму тут няма маёй Дзіначкі,- уголас заўважыла Аліса,- яна б хуценька яе вярнула!
- Рызыкну спытацца, хто такая, гэтая твая Дзіна?- заўважыў Лоры.
- Дзіна, наша кошка!- шпарка адказала Аліса, гатовая гадзінамі распавядаць аб сваёй улюбёнцы.- Вы нават не ўяўляеце, наколькі добра яна ловіць мышэй! А як яна палюе на птушак?! Ад маленькіх нават пер'я не застаецца!
Апошнія словы сталі сапраўднай сенсацыяй сярод суполкі. Частка птушак адразу хутка адляцела. Старая сарока заенчыла, пужліва азіраючыся па баках:
- Аёечкі, ужо так запозна, а вечаровае паветра так дрэнна ўплывае на маё горла!
Канарэйка, дрыжачым голасам пачала заклікаць сваіх птушанятак:
- Нам пара, даражэнькія! У гэты час вы ўжо павінны быць у сваіх ложках!
Хутка ў кожнага знайшлася падстава для сыходу, і Аліса зноў засталася ў самоце.
- Не трэба было казаць ім пра Дзіну!- сумна заўважыла яна.- Ніхто тут не можа замяніць мне маю кошачку! Дзіна, Дзіначка! Ці ж убачу я цябе колісь?!
І Аліса зноўку заплакала, бо адчула сябе самотнай і прыгнечанай. Раптам у аддаленні пачуліся чыісьці ціхія крокі. Аліса пачала азірацца, крышачку спадзеючыся, што гэта вяртаецца Мыш, каб скончыць сваё апавяданне.
Глава IV
Трус засылае Біла
Але гэта быў Белы Трус, ён спяшаўся назад, азіраючыся па баках, нібы штосьці згубіў, ды мармычучы сабе пад нос:
“Герцагіня! Герцагіня! Мае ж вы бедныя лапачкі! Мае ж вы скурка і вусікі! Яна мяне сваімі ўласнымі рукамі заб’е, да бабкі не хадзі! Дзе ж я мог іх згубіць?”
Аліса адразу здагадалася, што ён шукае свае пальчаткі ды веер і сама прынялася шукаць, куды магла іх падзець. Але, і пальчаткі з веерам невядома дзе падзеліся, і сама зала, здавалася, стала нейкай іншай, і шкляны столік ды маленечкія дзверачкі кудысь зніклі.
Неўзабаве Трус заўважыў Алісу, якая займалася пошукам і строга крыкнуў ей:
“Гэй, Мэры Эн, ты чаго тут валэндаешся? Куляю ляці дамоў і прынясі мне новыя пальчаткі і веер! Хуценька, хуценька!”
Аліса настолькі разгубілася, што адразу ж пабегла ва ўказаны Трусам напрамак, нават не папытаўшыся яму растлумачыць, што ён памыліўся.
“Ён пэўна прыняў мяне за сваю хатнюю гаспадыню,- вырашыла Аліса.- Вось жа Трус здзівіцца, калі даведаецца, хто я насамрэч! Але ж усё роўна трэба прынесці яму пальчаткі ды веер, канечне, калі я іх знайду!”
Не паспела яна скончыць фразу, як убачыла акуратную хацінку, на дзвярах якой была медная шыльда, на якой было выгравіравана “Б. Трус”. Аліса ціхінька зайшла ў хацінку і адразу ж пабегла наверх, паколькі вельмі баялася сустрэцца з сапраўднаю Мэры Эн і быць выкінутай з хаты раней, чым знойдзе веер з пальчаткамі.
“Як жа ж усё гэта дзіўна,- казала сабе Аліса,- патрапіць у пасыльныя да труса! Глядзіш, у наступны раз прыйдзецца прыслугоўваць Дзіне!”
І яна ўявіла сабе гэткі стасунак: “"Міс Аліса! Хадзіце хутчэй, вам пара на шпацыр!" "Адну хвілінку, нянечка! Мне патрэбна пасцерагчы Дзініну мыш." Толькі думаю,- працягнула Аліса,- што Дзіну выкінуць з хаты, калі яна пачне прыказваць людзям!”
Тым часам яна патрапіла ва ўтульны пакойчык са сталом ля вакна, а ў яго скрынке (як яна і спадзявалася) былі веер і некалькі пар белых пальчатачак. Аліса схапіла веер і пару пальчатак і ўжо збіралася пайсці з пакою, як раптам пабачыла невялічкую бутэлечку ля люстэрка. На гэты раз на ёй не было аніякіх надпісаў, кшталту “ВЫПІ МЯНЕ”, але невядома чаму Аліса адчыніла яе і зрабіла глыток.