— А калі б яго нумар не прайшоў і вы злавілі б яго за руку? Альбо ў вас пры сабе не было б зброі?
— Большасць дэтэктываў носяць пры сабе зброю, нават калі яны не на дзяжурстве. Калі б мяне там не было альбо Моніка і Тэрзбі не змаглі б атрымаць рэвальвер, яны б проста памянялі свой план. Тэрзбі, відаць, падаў сігнал, калі паспяхова зрабіў падмену.
— Ну, вось і прыехалі, — сказаў Флетчэр. — Хадзем.
У гатэлі іх чакалі два супрацоўнікі, прысланыя бостанскай паліцыяй. Усе разам яны ўзняліся на ліфце ў нумар, здадзены на імя Макса Томсана. Флетчэр пастукаў у дзверы, і, калі тыя адчыніліся, з'явіўся знаёмы твар Фелікса Тэрзбі. Вусоў ужо не было, але пальцы былі такія, як заўважыў Імі Фантэйн, тонкія, як у хірурга. Толькі гэта былі пальцы не лекара, а кішэнніка.
— Мы забіраем вас на допыт, — сказаў Флетчэр, а супрацоўнікі бостанскай паліцыі зрабілі стандартныя папярэджанні наконт яго юрыдычных правоў.
Тэрзбі зірнуў на іх стомленымі вачыма і ўсміхнуўся, пазнаўшы Леапольда.
— Яна гаварыла, што вы хваткі. Што вы як і паліцэйскі хваткі.
— Вам неабходна было забіваць яе?
— Не я зрабіў гэта. Я толькі трымаў зброю, а курок націснула яна сама. Усё рабіла яна сама. Я толькі падмяніў рэвальвер. Так яна вас ненавідзела.
— Я ведаю, — ціха сказаў Леапольд, углядаючыся ў нешта ўдалечыні. — Але думаю, відаць, гэтак жа яна ненавідзела і сябе.
Патрыцыя Хайсміт
Гальштук Вудра Вільсана
Фасад «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» зіхацеў і пераліваўся чырвонымі і жоўтымі агнямі нават днём. Залацістыя шарыкі — жоўтыя агні — пульсавалі паміж чырвоных, вабячы і прыварожваючы позіркі прахожых.
Клайву Ўілксу падабалася гэта месца, і звонку і ўсярэдзіне. Так як ён працаваў пасыльным у прадуктовай краме, ён мог сказаць, што для дастаўкі таго ці іншага заказу спатрэбілася больш часу, чым меркавалася, бо яму давялося чакаць, пакуль тая альбо іншая пані вернецца дадому, бо вахцёр сказаў, што яна можа вярнуцца праз хвіліну, альбо што яму прыйшлося прайсці пяць кварталаў, каб памяняць грошы, таму што ў місіс Сміт была толькі дваццацідаляравая банкнота. У такія рэдкія моманты — а яны выпадалі Клайву раз альбо два на тыдзень — ён наведваў «ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО».
Калі зойдзеш у гэтую ўстанову, дык перш трэба прайсці па цёмным калідоры — гэта каб набыць адпаведны настрой, — і адразу ж перад вамі, з левага боку — крывавая сцэна забойства: бландзінка з доўгімі валасамі ўтыкае нож у карак старога, які вячэрае за сталом. Вячэра складаецца з дзвюх васковых сасісак і кіслай капусты — таксама з воску, Далей сцэна выкрадання Ліндберга[35].
У ёй Хаўптман лезе па лесвіцы, прыстаўленай да акна дзіцячага пакоя, праз якое бачны канец лесвіцы і верхняя частка тулава Хаўптмана, які хапае хлопчыка. Быў таксама Марат[36] у ванне, а побач — Шарлота, Крысці[37] з панчохай, якой ён душыць жанчыну.
Клайву падабаліся ўсе сцэны, яны ніколі яму не надакучалі. Але ён не ўзіраўся ў іх з важным, крыху спалоханым выглядам, як гэта рабілі іншыя. Клайву хутчэй карцела ўсміхнуцца, нават рассмяяцца. Сцэны былі для яго не больш чым забава. Чаму ж тады не пасмяяцца?
Далей экспазіцыя музея ўключала камеры катаванняў — адна з даўніх часоў, другая — сучасная, якая павінна была дэманстраваць спосабы катаванняў дваццатага стагоддзя ў нацысцкай Германіі або ў французскім Алжыры. Мадам Цібо — а Клайв вельмі сумняваўся, што яна сапраўды існавала, — крочыла ў нагу с часам. Былі, безумоўна, паказаны і забойства Кенэдзі, і крывавая бойня, у час якой была забіта Тэйт[38], і адно забойства, што адбылося ўсяго каля месяца назад.
Першым канкрэтным амбіцыёзным жаданнем Клайва ў дачыненні да «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» было правесці там ноч. Аднойчы ён яго здзейсніў, прадбачліва захапіўшы з сабой у кішэню сандвіч з сырам. Зрабіць гэта было даволі лёгка. Клайв ведаў, што ў самым музеі — яго «вантробах», як ён у думках называў унутраныя памяшканні музея, працавалі тры чалавекі — чацвёрты, пухлявы чалавек сярэдніх год у марской шапцы, прадаваў білеты ў будцы каля ўвахода. З трох служачых, што працавалі ў «вантробах», двое — мужчыны, а трэцім супрацоўнікам была жанчына, таксама пухлявая з курчавымі карычневымі валасамі, у акулярах, якая выглядала гадоў на сорак. Яна правярала білеты ў цёмным канцы калідора, дзе і пачынаўся сам музей.
Адзін мужчына, які працаваў унутры музея, увесь час чытаў лекцыі, хоць звычайна іх слухала не больш паловы наведвальнікаў.
35
Маецца на ўвазе справа аб выкраданні і забойстве ў 1932 годзе сына вядомага амерыканскага пілота Чарльза А. Ліндберга.
37
Джон Крысці — забойца жонкі і яшчэ пяці жанчын, трупы якіх ён хаваў у кухні свайго дома. Пакараны смерцю ў 1955 годзе.
38
Шарон Тэйт — славутая амерыканская актрыса, жонка вядомага кінарэжысёра Р.Палянскага, якая загінула ад рук сябраў секты фанатыкаў.