Ужо ў дзве гадзіны ночы паспеў засумаваць і хацеў выйсці спачатку праз парадны, а потым праз чорны ўваход, але не змог — абое дзвярэй былі знадворку зачынены засаўкамі. Ён падумаў, што было б нядрэнна, каб яму прынеслі булачку з біфштэксам у гэтым начным вагоне-рэстаране, пакуль ён дабярэцца дадому. І ўсё ж вымушанае зняволенне яго не турбавала, таму ён даеў сандвіч, які паспеў падсохнуць, і крыху паспаў на трох ссунутых у рад крэслах. Ляжаць на іх было вельмі мулка, таму ён ведаў, што хутка прачнецца, так і здарылася ў пяць гадзін раніцы. Клайв апаласнуў вадой твар, потым яшчэ раз агледзеў васковыя экспанаты. Гэты раз ён прыхапіў сувенір — гальштук Вудра Вільсана.
Бліжэй да дзевяці гадзін — а «ВАСКОВЫ МУЗЕЙ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО» адчыняўся а палове дзесятай — Клайв схаваўся ў выдатным месцы — за чорнай складной шырмай з залатымі ўзорамі, якая была фонам да адной сцэны. Перад шырмай стаяў ложак, на якім ляжаў вылеплены з воску мужчына з падобнымі на роварны руль вусамі, які, паводле ідэі аўтараў, быў атручаны сваёй жонкай.
Наведвальнікі пачалі пакрыху збірацца пасля таго, як мінула палова дзесятай. І той самы цыбаты нудлівы служачы забубнеў сваю лекцыю. Клайв мусіў пачакаць яшчэ некалькі хвілін, пакуль, на яго думку, можна было спакойна зліцца з натоўпам і выйсці з музея, хаваючы ў кішэні гальштук Вудра Вільсана. Ён быў крыху стомлены, але шчаслівы — хаця калі падумаць — каму ён пра ўсё гэта раскажа? Хіба што Джоі Враслі, гэтай глухой цяцеры, што соваўся за прылаўкам у краме Сіманса? Ха! Трэба было дзеля гэтага старацца! Джоі не варты такой цікавай гісторыі. Клайв спазніўся на працу аж на паўгадзіны.
— Прабачце, містэр Сіманс, я праспаў, — таропка, але, на яго думку, дастаткова ветліва сказаў Клайв, зайшоўшы ў краму. Яму ўжо падрыхтавалі прадукты для дастаўкі пакупнікам. Клайв паставіў скрыню на спецыяльную падстаўку, прымацаваную да руля ровара.
Клайв жыў разам з маці, хударлявай, вельмі нервовай жанчынай, якая працавала ў краме па продажы панчох, паясоў і бялізны. Муж кінуў яе, калі Клайву было дзевяць год. Больш дзяцей у яе не было. Клайв кінуў сярэднюю школу за год да заканчэння, чым вельмі засмуціў маці, і каля года нічым не займаўся, бавячы час на канапе ў хаце ці бадзяючыся з такімі, як і ён, ля вуглоў. Але ніхто з яго знаёмых так і не зрабіўся яго блізкім сябрам на радасць маці, бо яна лічыла ўсю іхнюю кампанію нікчэмнай дрэнню. Ужо год, як Клайв працаваў рассыльным у краме Сіманса, і маці думала, што ён пачаў брацца за розум.
Калі Клайв вярнуўся дадому а палове сёмай вечара, у яго была падрыхтавана гісторыя для маці. Нібыта ўчора вечарам ён выпадкова сустрэў свайго старога прыяцеля Рычы, што служыў у войску і цяпер прыехаў на пабыўку, яны заседзеліся за размовай у яго дома так позна, што бацькі Рычы прапанавалі застацца ў іх начаваць і паклалі Клайва спаць на канапе. Маці паверыла ў гісторыю. Яна стушыла на вячэру фасолю і засмажыла яйкі з шынкай.
Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, які здзейсніў мінулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калі б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: «Вось як? Ну, дык і што?», бо для таго, што ён здзейсніў, трэба было ж і мазгамі паварушыць, нават рызыкнуць крыху. Ён павесіў гальштук Вудра Вільсана побач з гальштукамі, што былі начэплены на шнурок з унутранага боку дзвярэй яго шафы. Гэта быў шэры шаўковы гальштук кансерватыўнага тыпу і дарагі на выгляд. Раз-пораз у той дзень Клайв уяўляў, як хто-небудзь з мужчын — служачых музея, або жанчына, якую завуць Мілдрэд, глянуўшы на Вудра Вільсана, усклікнуць: «Гэй! Цікава, што здарылася з гальштукам Вудра Вільсана?»
Кожны раз, калі Клайв думаў пра гэта, ён мусіў апускаць галаву, каб схаваць усмешку.
Праз суткі, аднак, яго ўчынак пачаў здавацца ўсё менш рамантычным і хвалюючым. Клайв пачынаў хвалявацца зноў толькі тады — а гэта магло здарыцца два-тры разы на дзень, — калі ён праязджаў на ровары каля мігцеўшага агнямі фасада «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО». Сэрца ёкала, кроў прылівала да скроняў, калі ён думаў пра ўсе тыя нерухомыя забойствы, што адбываліся там унутры, і пра дурнаватыя твары якога-небудзь містэра Джона Наведвальніка і яго жонкі, якія назіралі за гэтымі злачынствамі з разяўленымі ратамі. Але Клайв не захацеў купляць яшчэ адзін білет — коштам шэсцьдзесят цэнтаў, — каб зайсці і ўпэўніцца, што гальштук Вудра Вільсана знік, агаліўшы верхні гузік ля каўняра, і тым самым пацешыцца вынікам сваёй работы.
Аднойчы папалудні ў Клайва ўзнікла новая ідэя, грандыёзна вясёлая задума, што прымусіць публіку падскочыць ад нечаканасці і звярнуць на яго ўвагу. Усё ўнутры ў Клайва калацілася ад зацятага смеху, калі ён круціў педалямі па дарозе да крамы Сіманса, адвёзшы пакунак з прадуктамі.