Выбрать главу

Клайв быў задаволены. Ён усміхаўся, папіваючы піва. Схіліўшыся над газетамі, ён хацеў тым самым ад усіх адгарадзіцца, каб ніхто іншы ў свеце не змог падзяліць з ім асалоду, але на справе было інакш. Праз некалькі хвілін Клайв устаў і паглядзеў па баках, каб даведацца, ці чытае яшчэ хто-небудзь з мужчын і жанчын, што былі ў бары, тую самую інфармацыю. Газеты чыталі два мужчыны, але Клайв не бачыў, ці пра яго яны чытаюць, бо газеты былі складзеныя.

Клайв запаліў цыгарэту і прагледзеў усе тры газеты, каб даведацца, ці выяўлена нешта такое,што магло вывесці на яго след. Нічога такога ён не знайшоў. У адной газеце ў сувязі з гэтым было адзначана, што Фрэд Дж. Кармадзі не заўважыў асобы ці асоб паміж наведвальнікамі, што заходзілі ў музей учора вечарам, якія б здаваліся падазронымі.

«...У выніку таго, што ахвяры былі размешчаны вельмі дзіўным чынам замест васковых фігур, якія былі спецыяльна выняты са звыклых месцаў, паліцыя ў сваіх пошуках сыходзіць з думкі, што забойца быў псіхапат. Жыхароў навакольнага раёна папярэдзілі па радыё і тэлебачанні аб неабходнасці прытрымлівацца спецыяльных мер перасцярогі на вуліцах і замыкаць дзверы дамоў на замок».

Прачытаўшы гэта, Клайв рагатнуў. Псіхапат! Шкада, што ўсім тром аўтарам бракавала ведання дэталяў гумару. Яны ж маглі напісаць што-небудзь наконт старога на ўнітазе. Альбо пра таго тыпа, што з патрушчанай патыліцай падпісвае перамір'е. У гэтым жа адразу быў відаць почырк генія. Чаму ўсё гэта так недаацанілі?

Дапіўшы піва, Клайв выйшаў на тратуар. Было ўжо цёмна, і на вуліцы свяцілі ліхтары. Ён з цікавасцю прайшоўся па незнаёмым горадзе, зазіраючы ў вітрыны крамаў. Але яму ўвесь час карцела зайсці ў якую-небудзь закусачную, і ён зайшоў у першую, што трапілася на яго шляху. Гэта быў чыгуначны вагон, перароблены з прэтэнзіяй на стыль «рэтра» ў нешта тыпу вагона-рэстарана.

Клайв замовіў біфштэкс на булачцы і кубак кавы. Па суседству з ім сядзелі два мужчыны — на выгляд тыповыя жыхары Захаду ў сваіх каўбойскіх ботах і даволі зашмальцаваных капелюшах з шырокімі палямі. «Можа, адзін з іх шэрыф», — падумаў Клайв. Але яны гутарылі, расцягваючы кожнае слова, наконт нейкіх надзелаў зямлі. Яны сядзелі, схіліўшыся над сваімі біфштэксамі і кубкамі з кавай, так блізка, што адзін нават дакранаўся локцямі Клайва. Клайв перачытваў газеты, абапёршы іх аб скрынку з папяровымі сурвэткамі.

Аднаму мужчыну спатрэбілася сурвэтка, і ён перарваў Клайву чытанне, але той усміхнуўся і спытаў прыязна:

— Вы чыталі пра забойствы ў васковым музеі?

Чалавек, здавалася, спачатку не зразумеў пытання, а потым адказаў:

— Ага, бачыў загалоўкі.

— Нехта забіў трох чалавек, што там працавалі. Зірніце.

У адной газеце была фатаграфія, але яна не вельмі падабалася Клайву, бо трупы на ёй былі складзены ў рад. Яму больш спадабаўся б здымак Мілдрэд у ванне.

— Так, — адгукнуўся жыхар Захаду, адсоўваючыся ад Клайва, нібы той нечым яму не спадабаўся.

— Трупы былі размешчаны сярод экспанатаў. Як васковыя фігуры. Тут пра гэта напісана, вось толькі здымкаў няма, — працягваў Клайв.

— Вось як, — адгукнуўся жыхар Захаду і зноў пачаў есці.

Клайва ахапіла пачуццё расчаравання і нават абражанасці. Ён крыху пачырванеў і зноў утаропіўся ў газету. На самай справе, у ягонай душы закіпала злосць, ад якой сэрца пачало біцца ўсё часцей, як гэта здаралася кожны раз, калі ён праходзіў каля «ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦІБО», хоць, на гэты раз, адчуванне было не зусім прыемнае.

Клайв, аднак, прымусіў сябе ўсміхнуцца і зноў звярнуўся да свайго суседа злева:

— Я завёў пра гэта гаворку, таму што гэта зрабіў я. Гэта справа маіх рук. — Ён ткнуў пальцам у фотаздымак з трупамі.

— Слухай, хлопча, — абыякавым тонам сказаў каўбой, — займіся ты сваімі справамі. Дамовіліся? Мы да цябе не чапляемся, дык і ты адчапіся ад нас. — Ён засмяяўся, глянуўшы на свайго суразмоўцу.

Той уважліва глядзеў на Клайва, але адразу ж адвёў вочы, калі сустрэўся з ім позіркам. Атрымаўся двайны адпор, дастаткова моцны для Клайва. Ён дастаў з кішэні грошы і расплаціўся за недаедзеную вячэру даляравай паперкай. Пакінуўшы рэшту, ён накіраваўся да аўтаматычных дзвярэй на выхадзе.