— Даведаліся што-небудзь пра тых двух, што былі ў машыне?
— Не, нічога! Мы апыталі ўсіх, каго маглі знайсці ў раёне Каліфорнія і Керні-стрыт — там, дзе ўкралі машыну, а таксама паблізу Клэй і Мантгомеры-стрыт — дзе яе кінулі. Але ніхто не мог узгадаць, каб хто-небудзь садзіўся ў машыну або вылазіў з яе. Уладальніка машыны на той момант у ёй не было, так што, на маю думку, яе проста ўкралі. Спачатку я думаў, што справа крыху цёмная. У Джона Ньюхаўса за два ці тры дні да здарэння з'явіўся сіняк пад вокам. Мы праверылі гэты факт і даведаліся, што ў яго некалькі дзён таму быў сардэчны прыступ — і, падаючы на падлогу, ён напароўся тварам на крэсла. Тры дні ён хварэў — і ўпершыню выйшаў з дому толькі за паўгадзіны да здарэння.
— Дзе ён жыў?
— На Сакрамента-стрыт, на выездзе з яе. У мяне недзе запісаны яго адрас.
Паліцэйскі пагартаў свой зашмальцаваны блакнот — і я атрымаў нумар дома нябожчыка, прозвішчы і адрасы сведкаў здарэння, якіх апытаў Кофі.
Атрымаўшы ўсю наяўную інфармацыю, я пакінуў паліцэйскага ў спакоі.
Наступным крокам было вывучэнне наваколля тых месцаў, дзе ўкралі аўтамабіль і дзе яго кінулі, а таксама апытанне сведкаў. Паколькі намаганні паліцыі аказаліся марнымі, было мала шанцаў знайсці што-небудзь вартае ўвагі, але я не мог толькі па гэтай прычыне адмовіцца ад вышукаў. Праца дэтэктыва на дзевяноста адсоткаў уяўляе сабой збор дэталяў — і ўсе іх трэба атрымаць, наколькі гэта магчыма, з першых рук, не зважаючы на тое, хто да цябе вёў следства па гэтай справе.
Аднак перад тым як пачаць вышук у гэтым кірунку, я вырашыў зайсці ў друкарню, што належала нябожчыку — яна знаходзілася за тры кварталы ад будынка суда, — і даведацца, ці чулі яе служачыя што-небудзь цікавае для мяне.
Установа, якая належала Ньюхаўсу, займала паверх невялікага будынка на Каліфорнія-стрыт, паміж вуліцамі Керні і Мантгомеры. З боку вуліцы ў ёй была адгароджана канторка, што злучалася калідорам з друкарняй, якая знаходзілася з тыльнага боку будынка.
Адзіным чалавекам у канторы, калі я зайшоў туды з вуліцы, быў малога росту паўнаваты бландзін гадоў пад сорак у кашулі з кароткімі рукавамі, які сядзеў за сталом, звяраючы лічбы, запісаныя ў гросбусе, з тымі, што былі на паперах, цэлы стос якіх ляжаў побач.
Я прадставіўся, паведаміўшы, што з'яўляюся аператыўным супрацоўнікам вышукнога агенцтва «Кантыненталь», якое мае цікавасць да справы, звязанай са смерцю Ньюхаўса. Чалавек у канторы назваўся Бенам Соўлсам, сказаў, што працуе ў друкарні Ньюхаўса майстрам. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Соўлс запрасіў мяне сесці ў крэсла насупраць, адсунуў убок паперы, кнігу, з якімі працаваў, і з агідай на твары паскроб галаву алоўкам.
— Гэта жахліва! — усклікнуў ён. — Тут увесь час то адно то другое, спраў — па горла, а я мушу корпацца ў гэтых паперах, хоць нічога ў іх не разумею.
Соўлс перапыніў размову, каб адказаць на тэлефонны званок.
— Так... Гэта Соўлс... Яны якраз у рабоце... Я перадам іх вам не пазней паўдня ў панядзелак. Я ведаю, што мы абяцалі надрукаваць іх яшчэ ўчора, але... Я ведаю! Ведаю! Але ў сувязі са смерцю боса спазніліся. Растлумачце гэта містэру Кроствэйту... Абяцаю перадаць вам іх у панядзелак раніцай, будзьце ўпэўнены! — Соўлс раздражнёна кінуў трубку на апарат і зірнуў у мой бок. — Падумаць толькі, ягоная машына збіла шэфа, і ён тым не менш лічыць прыстойным уздымаць вэрхал, калі крыху спазніліся з заказам!
— Кроствэйт?
— Ага, — я гаварыў з яго служачым. Мы друкуем яму нейкія рэкламныя лісткі — паабяцалі зрабіць іх учора, але тут загінуў бос, нанялі пару новых людзей — вось і затрымаліся. Я тут восем год працую, і гэта першы раз, калі мы спазніліся з выкананнем заказу — а ўсё адно кожны кліент горла дзярэ. Калі б мы працавалі як іншыя друкарні, дык яны б прызвычаіліся і чакалі, але мы былі да іх занадта добрыя. Ну і Кроствэйт! Як можна верыць у прыстойнасць гэтага чалавека, ён жа ведае, што бос загінуў пад коламі менавіта ягонай машыны?
Я спачувальна кіўнуў галавой, пасунуў у бок Соўлса сігару і, пачакаўшы, калі ён запаліць, спытаў:
— Вы сказалі нешта пра тое, што нанялі некалькі чалавек. Навошта?
— Так. Містэр Ньюхаўс звольніў двух рабочых на мінулым тыдні — Філчэры і Кі. Ён даведаўся, што яны належаць да арганізацыі «Індустрыяльныя рабочыя свету», і таму вызначыў ім час на зборы.