Выбрать главу

Раптам да мяне вярнуўся зрок — пакуль не цалкам, — але цені пачалі набываць колер, пакрысе пачаў вяртацца і слых — настолькі, што я пачаў чуць стогны, рыканне, лаянку і гукі ад удараў. Вочы спыніліся на латуневай плявальніцы, што стаяла на адлегласці сантыметраў дзесяць. Я зразумеў, што зноў ляжу на падлозе.

Крутануўшыся, каб садануць нагой у мяккае цела проста перад сабой, я адчуў, як штосьці як агонь — але не — не агонь — апякло нагу — нож! Я схапіў плявальніцу і кінуў высока, паверх іх галоў, у дзверы, і тая, прабіўшы матавае шкло, вылецела на Каліфорнія-стрыт.

Барацьба працягвалася яшчэ некаторы час.

Але латуневая плявальніца, выкінутая праз шкляныя дзверы на Каліфорнія-стрыт паміж Мантгомеры і Керні, не магла застацца незаўважанай — ды яшчэ пасярод дня ў Сан-Францыска. Таму хутка — калі я зноў апынуўся на падлозе, прыціснуты масай кілаграмаў трыста альбо чатырыста, якая ж да таго таўкла мяне тварам аб падлогу, нарад паліцыі разняў нас, выцягнуўшы мяне з-пад самага нізу кучы.

Сярод патрульных быў і бялявы асілак Кофі, якому тым не менш прыйшлося даволі доўга даказваць, што я — менавіта той самы супрацоўнік агенцтва «Кантыненталь», які зусім нядаўна гутарыў з ім.

— Ну, дружа! — усклікнуў Кофі, калі мне нарэшце ўдалося яго пераканаць. — Божа, але ж і пастараліся гэтыя хлопцы! Збілі твар у раскіслы бурак!

Я не засмяяўся. Мне было не да смеху.

Валодаючы толькі адным вокам, да якога толькі цяпер вярнуўся зрок, я ўбачыў пастаўленую ў адну лінію пяцёрку — Соўлса, трох перапэцканых фарбай друкароў і таго, хто гаварыў з акцэнтам і ўсчаў бойку, ударыўшы мяне ззаду па галаве.

Гэта быў даволі высокі мужчына год на трыццаць з круглым рудым тварам, на якім паспела з'явіцца некалькі сінякоў. Да гэтага ён быў, відаць, куды якім франтам у сваім дарагім чорным гарнітуры, але цяпер меў выгляд вельмі пашматаны. Мне нават і пытацца не варта было, хто ён такі, бо і без таго ведаў, што гэта Хендрык Ван Пелт.

— Ну, дык у чым разгадка? — спытаў мяне Кофі.

Трымаючыся рукой за пашчэмку, я выявіў, што магу гаварыць, неяк трываючы боль.

— Вось гэта хеўра і збіла на машыне Ньюхаўса, і ніякі гэта не няшчасны выпадак. Нядрэнна было б даведацца яшчэ пра некаторыя падрабязнасці, але падступіцца да іх не паспеў — занадта хутка яны на мяне накінуліся. Ньюхаўс, у той момант, калі на яго наехаў аўтамабіль, трымаў у руцэ паперку ў сто флорынаў і накіроўваўся ў бок паліцэйскай управы. Ён знаходзіўся ўсяго паўквартала ад будынка суда.

Соўлс сказаў мне, што Ньюхаўс накіроўваўся да Портсмускай плошчы, каб пагрэцца там на сонцы. Але Соўлс, здаецца, не ведаў, што ў Ньюхаўса было падбіта вока, наконт чаго было праведзена расследаванне. Калі Соўлс не бачыў сіняка на твары Ньюхаўса, значыць, можна смела біцца аб заклад, што ў той дзень ён не бачыў яго ў твар.

Ньюхаўс ішоў з друкарні ў напрамку паліцэйскай управы, трымаючы ў руцэ замежную купюру — запомніце гэта!

З ім часта здараліся прыступы хваробы, праз якія, калі верыць нашаму прыяцелю Соўлсу, ён быў вымушаны кожны раз заставацца дома тыдзень альбо нават паўтара.

Згодна са словамі Соўлса, друкарня на тры дні спазнілася з выкананнем заказаў і што такое здарылася ўпершыню за восем год. Ён лічыць, што вінавата ў гэтым смерць Ньюхаўса, памёр жа ён толькі ўчора. Відавочна, папярэднія выпадкі не выклікалі затрымак у рабоце, дык чаму такое здарылася ў выніку апошняга прыступу?

На мінулым тыдні звольнілі двух друкароў і столькі ж нанялі на наступны дзень — вельмі аператыўна. Машыну, якая збіла Ньюхаўса, кінулі за першым жа паваротам, усяго за некалькі крокаў ад друкарні. Аўтамабіль стаяў капотам на поўнач, а гэта дастатковы доказ таго, што пасажыры, якія вылезлі з машыны, зніклі ў паўднёвым кірунку. Нармальныя злодзеі не кінуліся б у той самы бок, з якога прыехалі.

Дык вось мая версія таго, што адбылося: гэты Ван Пелт — галандзец, і ў яго ёсць некалькі форм для друкавання фальшывых банкнотаў па сто флорынаў. Ён шукаў хаўруснікаў і знайшоў друкара, які пагадзіўся саўдзельнічаць у прапанаванай справе. Гэтым друкаром быў Соўлс — майстар з друкарні, уладальнік якой час ад часу на працягу тыдня, а мо і болей, не выходзіў з дому, хварэючы на сэрца. Адзін з друкароў, якія працавалі пад началам Соўлса, згадзіўся быць саўдзельнікам. Іншыя ці то адмовіліся ад прапановы, ці то, можа, Соўлс нават не звяртаўся да іх з прапановай. Як бы там ні было, гэтых двух звольнілі, а іх месцы занялі прыяцелі Соўлса.

Нашы знаёмыя ўсё падрыхтавалі і чакалі, пакуль Ньюхаўса зноў прыхопіць сэрца. Гэта здарылася вечарам у панядзелак. Як толькі жонка Ньюхаўса пазваніла назаўтра раніцай і сказала, што ён захварэў, гэтыя шэльмы пачалі штампаваць свой тавар. Таму і затрымаліся са сваёй звычайнай работай. Але прыступ у Ньюхаўса быў не такі моцны, як звычайна. Ён стаў на ногі праз два дні і зайшоў сюды на некалькі хвілін.