Выбрать главу

— Узрост.

— Сорак год.

— Занятак.

— Камерсант, працую ў кампаніі «Сімсан-Блюэ».

— Што займаецца цяжкім машынабудаваннем? У асноўным шахтавымі механізмамі?

Я сцвярджальна кіўнуў галавой.

— Прыехалі, каб сустрэцца з кліентамі на шахтах, ці не так?

Я зноў кіўнуў галавой.

— Спыніліся ў гатэлі «Бентаўн»?

Гэта быў адзіны гатэль у горадзе. Я сцвярджальна кіўнуў галавой.

— Калі прыехалі?

— Сёння, у другой палове дня. У пяць гадзін. Згодна з дамоўленасцю, мяне прымуць ва ўпраўленні шахт заўтра ў восем гадзін раніцы.

— У пяць гадзін. А ў дванаццаць — з Піцбурга. — Гэта ўжо было не пытанне. — Такім чынам, вы прабылі тут дзве гадзіны, і вы сведка забойства.

— Я гэтага не гаварыў.

— Так, вы гэтага не гаварылі. Наогул сказалі мала што. Можа, пачняце з чаго-небудзь? Хоць бы з таго, каго забілі?

— Ну, зразумела, так. Але — гэта здарылася пятнаццаць гадоў назад.

Паліцэйскі паклаў на стол асадку, зняў акуляры, якія з'ехалі на кончык носа, склаў газету і нахіліўся ўперад, абапёршыся на складзеныя на стале рукі. У гэты момант я заўважыў на крэсле за яго спінай кіцель. Паліцэйскі быў у званні капітана.

— Дык вы лічыце, што мне не трэба нікуды спяшацца? Мы — вы і я — не паімчым пад звон капытоў на абарону законнасці?

— Не, мы якраз і павінны гэта зрабіць. Але я павінен спачатку ўсё растлумачыць.

Паліцэйскі затрымаў на мне позірк, відаць, на якую хвіліну, але яна мне здалася вельмі доўгай. У капітана ясныя карычневыя вочы, надзвычайна ясныя на чалавека яго гадоў, а яму было, відаць, за шэсцьдзесят — так мне здалося спачатку. Ён яшчэ не пачынаў лысець, і галаву ўпрыгожвала шапка шыкоўных, густых сівых валасоў. Я заўважыў, што ў яго вымаўленні не чуваць было мясцовага акцэнту, хоць жыхароў мястэчак у гэтым канцы Пенсільваніі часам нават цяжка зразумець.

— Я начальнік паліцыі гэтага горада. Мой абавязак — забеспячэнне парадку. Адзін са шляхоў адпаведнага выканання гэтага абавязку — гэта ашчадныя адносіны да ўласнай энергіі, а не марнаванне яе на розных вар'ятаў. Я не прашу прабачэння за такія словы, таму што вас я не назваў вар'ятам — пакуль што. Праўда, вы на яго і непадобны, хоць гаворыце як самы сапраўдны вар'ят. З другога боку, у «Сімсан-Блюэ», відаць, не трымаюць вар'ятаў. Звычайна. Ёсць што-небудзь у доказ таго, што вы — Уільям Дэнтэл і што Ўільям Дэнтэл працуе ў «Сімсан-Блюэ»?

— Вядома, — адказаў я. — А як жа.

Я пачаў выкладаць дакументы, а іх у кішэнях аказалася значна больш, чым я думаў: вадзіцельскія правы, візітныя карткі, страхоўка на выпадак шпіталізацыі, якая праляжала ва ўнутраным клапане партаманета не менш пяці гадоў, пад ёй аказалася картка сацыяльнага забеспячэння. Дзве крэдытныя карткі. Я зірнуў на капітана, але той не падаваў знака, што гэтага дастаткова. Таму я дастаў з унутранай кішэні і паказаў тры лісты. Усе яны былі напісаны на маё імя на адрас кампаніі «Сімсан-Блюэ», і ўсе яны мелі дачыненне да камерцыйных заказаў.

На гэтым я спыніўся.

Паліцэйскі ўважліва вывучыў кожную паперу. Праверыў вадзіцельскія правы, пазіраючы раз-пораз у мой бок, калі чытаў дадзеныя наконт «колеру вачэй, росту, дня нараджэння». Разгарнуўшы зноў свой чорны «гросбух», запісаў туды мой хатні адрас. Потым вельмі ўважліва разгледзеў кожную візітную картку і аддаў іх мне.

— Ну, добра, містэр Дэнтэл, — сказаў ён. — Я паспеў ужо павячэраць. Дык вы хацелі расказаць гісторыю?

— Менавіта так, — адказаў я з удзячнасцю. — Яна доўгая, блытаная, і калі вы толькі...

— Усё роўна расказвайце, калі ласка. — Вочы ў капітана і былі ясныя. У такія вочы не цяжка гаварыць праўду.

Калі вайна закончылася, я, як і многія іншыя амерыканскія салдаты, падумаў, што прыйшоў час атрымаць кампенсацыю за страчаныя гады. Мне трэба было вучыцца яшчэ два гады ў тэхнічным каледжы Карнегі, каб атрымаць дыплом горнага інжынера, і я быў поўны жадання завяршыць курс. У маім выпадку гэта было значна лягчэй здзейсніць дзякуючы фінансавай дапамозе, прадугледжанай мне як удзельніку вайны. Мае бацькі былі даволі заможныя людзі, але мне ўжо было дваццаць чатыры гады, і я з прыемнасцю ўсведамляў, што не давядзецца іх занадта абцяжарваць.

Але спачатку... Атрымаўшы дзембельскія грошы, я падумаў, што наперадзе вакацыі — два тыдні за кожны з шасці год: чатыры ваенныя і два акупацыйныя. Гэта азначала цэлых тры месяцы.

— Дзе, — спытаўся Ўільям Дэнтэл у Ўільяма Дэнтэла, — самае прыгожае, самае дасканалае і, апрача таго, самае вясёлае месца для адпачынку ў свеце?

Уільям Дэнтэл знайшоў адказ на сваё пытанне і апынуўся на Блакітным беразе Францыі.